аддзяле́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
1. гл. аддзяліцца, аддзяліць.
2. Тое, што і аддзел (у 1 знач.).
А. банка.
А. міліцыі.
3. Асобная самастойная ўстанова, арганізацыя і пад. ў сістэме чаго-н.
Паштовае а. сувязі.
4. Самастойная частка канцэрта, тэатральнага паказу.
Другое а. канцэрта.
5. Ніжэйшае вайсковае падраздзяленне, што ўваходзіць у склад узвода.
Камандзір аддзялення.
6. Асобная, адгароджаная частка памяшкання.
Першае а. склада.
7. Адна з частак, на якія падзелена што-н., прызначанае для захоўвання розных рэчаў, прадметаў.
Партфель мае два аддзяленні.
|| прым. аддзяле́нчы, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.) і аддзялённы, -ая, -ае (да 5 знач.).
Аддзяленчыя штаты.
Аддзялённы камандзір.
Загад аддзялённага (наз.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
рад¹, -а, М -дзе, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. Лінія роўна размешчаных аднародных прадметаў.
Р. пладовых дрэў.
Стаяць радамі.
2. Сукупнасць з’яў, падзей і пад., якія ідуць адно за адным.
Рады пакаленняў.
3. Некаторая, звычайна немалая колькасць чаго-н.; шэраг.
Праслухалі р. лекцый.
4. толькі мн. Склад, асяроддзе.
У радах арміі.
5. Магазіны, ларкі, размешчаныя ў адну лінію.
Гандлёвыя рады.
6. Прабор у валасах.
Расчэсаныя на р. валасы.
◊
У першых радах — уперадзе ўсіх.
|| памянш. радо́к, -дка́, мн. -дкі́ -дко́ў, м. (да 1 і 6 знач.); прым. радко́вы, -ая, -ае і радавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).
Радковая сяўба.
Радковая сеялка.
Радавая пасадка бульбы.
Радавая сеялка.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АРАХНАЛО́ГІЯ (ад грэч. arachnē павук + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае павукападобных. Вылучылася ў самастойную дысцыпліну ў сувязі з вял. пашырэннем павукападобных у свеце, стратамі, якія яны наносяць сельскай гаспадарцы, а таксама з небяспечнасцю для здароўя чалавека і жывёл ядавітых павукападобных, розных відаў кляшчоў — узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб. Распрацоўка тэарэт. асноў арахналогіі звязана з імёнамі рус. вучоных М.А.Халадкоўскага, Я.М.Паўлоўскага, А.А.Бялыніцкага-Бірулі, У.М.Беклямішава. На Беларусі развіваецца з 1920-х г.; найб. ўвага аддаецца вывучэнню кляшчоў (гл. Акаралогія). Навукова-даследчая работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (заалогіі, лесу), НДІ эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ВНУ. Вывучаюцца відавы склад, экалогія і ўплыў антрапагенных фактараў на згуртаванне павукападобных. Распрацоўваюцца практычныя мерапрыемствы па ахове чалавека, жывёл і раслін ад шкодных павукападобных і выкарыстанні карысных відаў.
І.У.Рачкоўская.
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Брэсцкае ваяводства,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1566. Цэнтр — г. Берасце (Брэст). Падзялялася на 2 паветы: Берасцейскі (уваходзілі Брэст, Камянец, Кобрын) і Пінскі (уваходзілі Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Дубровіца). З канца 17 ст. ў адрозненне ад Брэст-Куяўскага ваяв. ў Польшчы наз. Брэст-Літоўскім. У 1791 утвораны Кобрынскі і Пінска-Зарэчны (з цэнтрам у Плотніцы) пав. У 1792 Пінска-Зарэчны пав. перайменаваны ў Запінскі з цэнтрам у Століне. У 1793 у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі і Запінскі пав. ўвайшлі ў склад Рас. імперыі (у Мінскай губ.). У 1795 у выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Берасцейскае ваяводства скасавана, б.ч. яго тэр. ўвайшла ў Слонімскую губ. Рас. імперыі. Зах. частка ваяводства адышла да Аўстрыі.
т. 3, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНСР),
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1920—24. Утворана на тэр. Бухарскага эмірата ў выніку перамогі нар. паўстання (2.9.1920), падтрыманага Чырв. Арміяй. 14 вер. сфарміраваны вышэйшыя органы ўлады — Усебухарскі рэўком і Савет нар. назіраў (камісараў). 8 кастр. на 1-м Усебухарскім курултаі (з’ездзе) нар. прадстаўнікоў абвешчана БНСР. 4.3.1921 паміж РСФСР і БНСР падпісаны саюзны дагавор і эканам. пагадненне. Канстытуцыя БНСР 1921 заканадаўча замацавала пераход улады ў рукі Саветаў нар. дэпутатаў; яе адметная рыса — прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю і асн. прылады працы і сродкі вытв-сці. У 1920—23 на тэр. БНСР разгарнуўся антысав. рух (гл. Басмацтва), пад кантролем басмачоў знаходзілася значная частка тэр. рэспублікі. 19.9.1924 БНСР пераўтворана ў Бухарскую ССР, ліквідаваную 24.10.1924. Яе тэр. ўвайшла ў склад Узб. ССР, Туркм. ССР і Тадж. ССР.
т. 3, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (ВА),
звяно арганізацыйна-вытв. структуры гаспадаркі; вытворча-гасп. комплекс. У склад яго ўваходзяць з-ды, ф-кі, асобныя цэхі і інш. вытв. адзінкі, а таксама н.-д. і канструктарскія ўстановы. У аснове фарміравання вытворчага аб’яднання — тэхнал. агульнасць працэсаў і аднароднасць прадукцыі, устойлівыя сувязі па каапераванні вытв-сці, камбінаванне вытв-сці і комплексная перапрацоўка сыравіны.
Да пач. 1990-х г. у прам-сці Беларусі было 220 вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў, тут працавала каля 64% усіх занятых у прам-сці і выпускалася больш як 2/3 агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. З фарміраваннем рыначнай эканомікі многія вытворчыя аб’яднанні распаліся, на іх месцы ўзніклі арэндныя, калектыўныя і сумесныя прадпрыемствы, некаторыя ўвайшлі ў акц. т-вы, канцэрны, асацыяцыі, карпарацыі і інш. ўнутрырэсп. і міждзярж. (транснацыянальныя) структурныя фарміраванні.
т. 4, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.Г.Кастрыёта-Скандэрбекам
(блізкі сябра М.Глінкі і А.Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.Іваноў (1-я скрыпка),
М.Міхайлаў (2-я скрыпка), В.Андрэеў (альт), К.Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.А.Моцарта і Бетховена.
Літ.:
Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.
А.Л.Капілаў.
т. 5, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́ Рэспублікі Беларусь,
судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп. суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),
вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).
Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.
Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.
В.П.Рагойша.
т. 5, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.
А.І.Жураўскі.
т. 5, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)