дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Тое, што з’явілася ў выніку разваг, меркавання; прадукт мыслення. Цікавая думка. Выказаць думку. □ У галаве Марыны варушылася то адна, то другая думка, вельмі ж хацелася ўгаварыць шафа, каб ён пусціў яе на паравоз. Кавалёў. // Меркаванне, здагадка. І раптам бліснула думка: перабежчык мог у час вярнуцца назад. Шамякін. [Мангу] прыйшла ў галаву вельмі разумная думка — зняць і мундзір. Маўр. // Намер, задума. Насіцца з думкай. □ [Зося] увайшла ў хату з цвёрдай думкай ісці заўтра да Сегенецкага. Чорны. — Думка асушыць Калхіду з’явілася даўно, — гаварыў Андрэй Міхайлавіч. Самуйлёнак. // Сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне. Навуковая думка. Тэхнічная думка.

2. Мысліцельны працэс; мысленне. Няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка. Якімовіч.

3. Тое, што і дума ​1 (у 1 знач.). Неадступная думка не давала .. [Сцёпу] спакою: як адабраць у Юркі ліхтарык. Курто. Алегу часта рабілася прыкра ад думкі, што ён, старэйшы, не можа прынесці ў хату нават таго, што прыносіў Алёшка. Брыль.

4. толькі мн. (ду́мкі, ‑мак). Сістэма перакананняў, поглядаў, уяўленняў. Абмен думкамі паміж дэлегацыямі.

•••

Грамадская думка — погляды шырокай грамадскасці на што‑н.

Без усякай задняй думкі — без скрытага замыслу, намеру.

Падаць думку гл. падаць.

Прыйсці на думку гл. прыйсці.

Сабрацца з думкамі гл. сабрацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае правілам, заснаваны на правілах (у 1 знач.); беспамылковы. Правільнае напісанне. □ Ярохін сказаў не на зусім правільнай, але выразнай англійскай мове: — Малайчына! Вы паглядзіце толькі, дзе ён пасадзіў нас. Па пятаку. Шамякін. // Заканамерны, рэгулярны. [Лютынскі:] Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак. Крапіва.

2. Які адпавядае сапраўднасці; праўдзівы. [Валя] трымае.. [гадзіннік] у руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час. Пестрак.

3. Такі, як патрэбна, які прыводзіць да патрэбных вынікаў. Правільны ўчынак. □ Адзіка правільным шляхам да шчасця — да заможнага і культурнага жыцця — для нас, сялян, з’яўляецца калгасны шлях. Брыль. // Разм. Добры, справядлівы (звычайна пра чалавека). — Правільны чалавек наш камандзір, — зазначыў ён нібы сам сабе. Краўчанка. — Правільны чалавек твой бацька, — пахваліў Васільеў. Алешка.

4. Рытмічны, раўнамерны, які дзейнічае пастаянна. Правільны пульс.

5. Які адпавядае правілам прапорцыі, сіметрыі. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам. Колас. Сталь — белая, бы чыстае срэбра, — правільным авалам астывала ля гарлавіны. Савіцкі. / Пра рысы твару. [Жанчына] мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам. Карпюк.

6. Спец. Такі, усе стораны і вуглы якога роўны паміж сабой (пра многавугольнік). Правільны многавугольнік.

•••

Правільны дроб гл. дроб ​2.

Збіцца з правільнай дарогі гл. збіцца.

Збіць з правільнай дарогі гл. збіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́віць, праўлю, правіш, правіць; незак.

1. кім-чым і без дап. Маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць кім‑, чым‑н. Ды і паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! Мележ. // Накіроўваць чыю‑н. дзейнасць; кіраваць чым‑н. Дарогі! Якія б вы Радасныя тут былі, Калі б не пралеглі праз джунглі, Дзе ўсім правіць бізнес. Танк.

2. кім-чым і без дап. Накіроўваць каго‑, што‑н. у адпаведным (патрэбным) напрамку; кіраваць. Кузьма сядзеў у перадку і правіў коньмі. Сачанка. Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі правіў вяслом. Капусцін.

3. што і без дап. Служыць, адпраўляць. Правіць малебен. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

4. што. Спраўляць, праводзіць. Чутно вясны дыханне ўсюды: На сініх далях, на лясах, На дрэвах, што вартуюць шлях, Дзе струны-дроты правяць цуды. Колас. Грамада вясёлых камсамольцаў правіць свой бурлівы карнавал. Дудар.

5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль.

6. што. Выпраўляць памылкі ў чым‑н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч.

7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.

•••

Сваё права правіць — настойваць на сваім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шляхам прыбівання цвікамі.

2. Прыгнуцца, прыціснуцца да зямлі (ветрам, дажджом і пад.). Пастрашыць, пырсне [дождж] раз ці два, Што не здаволіцца трава, Што не прыб’ецца нават пыл. Лужанін.

3. Плывучы, прыстаць, наблізіцца да чаго‑н., спыніцца каля чаго‑н. Мы прыбіліся к берагу, і лодка пайшла шпарчэй. Масарэнка. // Разм. Доўга ідучы, блукаючы, дабрацца, прыйсці куды‑н. — [Алёшка] уцёк і адзін начаваў у лесе: заблудзіўся, і не мог вярнуцца назад. Раніцай прыбіўся да лесніка. Якімовіч. У эшалонах ехалі і так, .. як жабракі, па людзях карміліся, каб хаця як назад прыбіцца. Галавач.

4. перан. Далучыцца, прыстаць да каго‑, чаго‑н. Полк ноччу знаўся, і яны прыбіліся да вайсковай часці. Навуменка. Праз некалькі дзён я прыбіўся да невялікай групы такіх жа, як сам, уцекачоў. Сачанка. У вайну прыбіўся ў нашу глухую тады вёску нейкі акружэнец з Волагды. Кулакоўскі. Прыбіўся [Іван Крот] да іх у атрад аднекуль з Хартыніцкіх хутароў. Місько.

5. Разм. Пабіцца; ударыцца. [Цясляр:] — Наша дзіця прыбілася, а яны тут пра нейкае чужое дабро. Чорны.

6. Абл. Падбіцца, натаміцца. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, .., з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. Быкаў.

•••

Прыбіцца да берага — тое, што і прыстаць да берага (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пстры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Даваць пстрычку (пстрычкі) каму‑н., па чым‑н. У нядзелю .. [Піліп Чаравака] прыкінуўся хворым, ляжаў у спальні і пстрыкаў па кончыку тэрмометра.., «наганяў» тэмпературу. Нядзведскі. // Шчоўкаць, ляскаць (пальцамі). Пісар весела пазіраў на стол, часамі ўсміхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха. Колас. Былі моманты, што Паддубны, здавалася, і не чуў, што гаворыць Апанас, падыходзіў да калыскі і бавіўся з дзіцём, — пстрыкаў пальцамі яму перад носікам. Пестрак.

2. Рабіць, утвараць кароткі, рэзкі гук (пра работу некаторых механізмаў). [Бухман] сядзеў і пстрыкаў запальнічкай: агеньчык то загараўся, то патухаў. С. Александровіч. За пераборкай, дзе працавалі майстры, мірна пстрыкалі начнічкі. Корбан.

3. Хутка і лёгка рухацца, пырхаць. Дробныя птушкі пстрыкалі навокал, грыбны водар цёк з зямлі, верасы цвілі скрозь над імхамі. Чорны. Пэўна, там на кожным дрэве птушынае гняздо, і пстрыкаюць з галіны на галіну вавёркі... Марціновіч.

4. Раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь). [Вашыновіч:] — Падкруці, Юлік, агонь у лямпе, вельмі нешта пстрыкаць пачаў. Чорны.

5. перан. Разм. Злавацца, фыркаць, выказваць незадавальненне чым‑н. [Васіліса:] Чуеш, як .. [Наташа] пстрыкае? А чаго, каб хто спытаў? Не бачыла ты гора, мая ты дачушка. Гурскі. — Ты не пстрыкай тут, хлопец, — паглядзеў на Ваську і сур’ёзна гаворыць Коля Ламака. — На пенсію захацеў у такія гады!.. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.

2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.

3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.

4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. [Купала] лічыў, што свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага чалавека з’яўляецца самаадданае змаганне за родную зямлю. Гіст. бел. сав. літ. Паліна Галавач была жонкай сумленнага чалавека, савецкага афіцэра Кузьмы Галавача. Новікаў. // Уласцівы чалавеку з такімі якасцямі. Сумленным сэрцам ты ў ім Іводгулле адрозніш І ворагаў і сяброў галасы. Аўрамчык. // Не здольны ўкрасці, не схільны да крадзяжу. Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала, — Сам ты злодзей, — адказала яна [п’янаму], а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён не ўкраў. Галавач. Слабы замок бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на, пострах. Бядуля. // Старанны, шчыры. Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Які выказвае праўдзівасць характару, адкрыты (пра твар, погляд і пад.). Рыбаковы сумленныя вочы Схаладзелі на міг, нібы лёд. Панчанка.

2. Згодны з паняццем сумленнасці. Сумленныя паводзіны. □ [Дзімін:] — Ты [Максім Сцяпанавіч], напрыклад, лічыш сумленным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Карпаў. // Які вынікае з адносін да сваіх абавязкаў; атрыманы дзякуючы такім адносінам. Зарабіць, сумленны кавалак хлеба. □ Хоць не кожны хай мае партыйны білет, Але ў працы сумленнай мы ўсе — камуністы. Прыходзька.

3. Нічым не заплямлены, бездакорны. Сумленнае імя. // Якая захоўвае свой жаночы гонар. Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.

2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.

3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.

4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.

5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.

6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.

•••

Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.

Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальшы́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўводзіць у зман, мае ў сабе фальш. Фальшывая трывога. □ Сяляне адмаўляліся выконваць панскія павіннасці, заяўляючы, што царскі маніфест з’яўляецца фальшывым. Ларчанка. // Які з’яўляецца падробкай; несапраўдны. Фальшывы пашпарт. □ На фальшывым ваенным білеце была .. фотакартка [Філістовіча]. Паслядовіч. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам, пра што як-небудзь я раскажу асобна. Скрыган. Ззялі сапраўдныя і фальшывыя каштоўнасці. Самуйлёнак. Зусім зразумела, што лірычны герой .. [М. Танка] адмаўляе ўсё фальшывае, падробленае пад сапраўднае. Гіст. бел. сав. літ.

2. Які не адпавядае ісціне, праўдзе. [Лічбы] сведчылі аб тым, што «Чырвонаму бору» створана фальшывая слава. Сабаленка. // Памылковы, няверны. Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады. Чорны. // Не ўласцівы прыродзе рэчаў; ненатуральны. Знаходзіцца ў фальшывым становішчы.

3. Няшчыры, прытворны. [Міхась] сам добра ведаў, якія былі між імі [Мураўскім і Якімам] адносіны, і таму прыкра было слухаць гэты спознены фальшывы жаль, запраўлены хлуснёй. Машара. Апошняя сцэна.. [Людзе] ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Шамякін. Сябар з фальшываю ласкаю — Камень трымае за пазухай. Дзяргай. // Які характарызуецца такімі паводзінамі (пра чалавека). Фальшывых людзей, буржуазныя перажыткі пісьменнік высмейваў з пазіцый савецкай маралі. Казека. // Які выказвае няшчырасць, крывадушша, прытворства. Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў. Гартны. — Ды... — скончыў.. [дакладчык] сваё выступленне тэатральна фальшывым тонам. Карпюк.

4. Які скажаецца пры вакальным, музычным выкананні (пра мелодыю і пад.). Бравурны марш месцамі быў фальшывы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)