ПЕРШАБЫ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва эпохі першабытнага грамадства. Пачатковыя імпульсы выяўл. дзейнасці вядомы ў неандэртальцаў, фарміраванне П.м. адносіцца да позняга палеаліту і паяўлення сучаснага чалавека (40—30 тыс. г. назад). Найб. стараж. помнікі П.м. выяўлены ў Зах. Еўропе, пераважна на тэр. Францыі і Іспаніі (наскальныя размалёўкі ў пячоры Альтаміра і інш.), Афрыцы (наскальныя выявы на плато Тасілін-Аджэр), а таксама ў Італіі, Аўстрыі, Чэхіі, на Урале, Каўказе і інш. У абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, эскімосаў Канады, некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі і Паўн.-Усх. Сібіры П.м. захавалася да нашых часоў. Першапачаткова П.м. не было аформлена ў асобны від дзейнасці і было звязана з прац. працэсам, паляўнічай (пазней і аграрнай) магіяй, выяўляла асн. жыццёвыя інтарэсы і светаўяўленне першабытнага чалавека, адухоўленне сіл прыроды (гл. Анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (гл. Татэмізм) і інш. Сярод матываў П.м. пашыраны гравіраваныя, рэльефныя і жывапісныя выявы (гл. Наскальнае мастацтва) жывёл — аб’ектаў палявання, схематычныя фігуры чалавека, каменныя і касцяныя статуэткі жанчын з гіпертрафіраванымі формамі цела і схематызаванымі галовамі (т. зв. «палеалітычныя Венеры», магчыма, звязаныя з культам прамаці), абагульнена-выразныя скульпт. фігуркі жывёл і іх гравіраваныя выявы на косці і камені, просты геам. арнамент на посудзе і прыладах працы, пятрогліфы. Помнікі П.м. эпохі палеаліту вызначаюцца яркай, стыхійнай рэалістычнасцю перадачы знешняга выгляду, звычак жывёл. У познім палеаліце зарадзілася архітэктура: паглыбленыя ў зямлю жытлы, дамы на па́лях, культавыя комплексы з вял. камянёў (гл. Кромлех, Дальмен) і інш. У мастацтве мезаліту павялічваецца схематызм, пашыраюцца шматфігурныя кампазіцыі, выявы чалавека ў дзеянні (сцэны паляванняў, бітваў і інш.). Развіццё керамікі, ткацтва, металаапрацоўкі абумовіла пашырэнне і ўскладненне мастацтва арнаменту, спрыяла вылучэнню дэкар.-прыкладнога мастацтва ў самаст. від творчай дзейнасці. На мяжы бронзавага і жал. вякоў у сцяпных стэпавых народаў Еўразіі пашырыўся «звярыны стыль». У перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін пачалі ўзнікаць развітыя віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.

На тэр. Беларусі знаходкі выяўл. П.м. вядомы з мезалітычнага часу (арнаментаваныя касцяныя наканечнікі, гравіраваныя выявы мужчын і звяроў). На неалітычных стаянках сустракаюцца арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рогу, косці. Арнамент на керамічным посудзе пераважна штампаваны і пракрэслены, складзены з ямак, наколаў, насечак, грабеньчатых адбіткаў, ліній. У канцы неаліту і ў бронзавым веку паявіліся сімвалічныя выявы нябесных свяціл, а таксама сімвалы плоднасці. Для ранніх этапаў бронзавага веку Беларусі характэрна суіснаванне маст. традыцый мясц. паляўнічых з абстрактным стылем маст. творчасці земляробаў. У П.м. жал. веку на Беларусі развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва. Буйныя скульптурныя формы, характэрныя для канца жал. веку, прадстаўлены каменнымі ідаламі. Адчуваліся ўплывы з Прычарнамор’я, Цэнтр. Еўропы і Прыбалтыйскага рэгіёна.

Літ.:

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;

Мириманов В.Б. Первобытное и традиционное искусство. М., 1973;

Мировая художественная культура: Хрестоматия. [Т.] 1. Художественная культура первобытного общества. СПб., 1994;

Столяр А.Д. Происхождение изобразительного искусства. М., 1985;

Формозов А.А. Памятники первобытного искусства на территории СССР. 2 изд. М., 1980.

С.​У.​Пешын, М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Першабытнае мастацтва. Першабытны мастак. З мал. З.​Бурыяна.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пра́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Спец. Дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету і складае ўсеагульную аснову, рухаючую сілу развіцця чалавечага грамадства і пазнання.

2. Жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі якіх‑н. вывадаў, палажэнняў. Прымяніць веды на практыцы. Рэалізаваць рацыяналізатарскія прапановы на практыцы.

3. Скарыстанне якіх‑н. ведаў, навыкаў на справе, сістэматычнае практыкаванне ў чым‑н. У адкрыты бой з белымі мы не хадзілі. Практыкі такой не мелі. Якімовіч. — Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не выдумаеш [як зрабіць нож], — адказаў Мірон. Маўр. Рыбалоў вучыцца кожны дзень, кожны час. Для яго лепшая крыніца ведаў — практыка. Матрунёнак.

4. Скарыстанне і замацаванне тэарэтычных ведаў (студэнтаў, вучняў і інш.) на вытворчасці. Педагагічная практыка студэнтаў. □ Вучоба ў гэтым навучальным годзе скончылася. Цяпер іхні — ужо дзесяты — клас павінен быў праходзіць вытворчую практыку ў адным з зарэчных калгасаў. Даніленка.

5. Набыты вопыт, сукупнасць прыёмаў і навыкаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Практыка выхавання дзяцей. Практыка работы выдавецтваў. □ Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе [цяжка]. Колас. Народ умеў мысліць адцягнена, а мудрую жыццёвую практыку мог увасобіць у вобразы акаляючай яго прыроды. Саламевіч.

6. Уст. Дзейнасць урача або юрыста; кола гэтай дзейнасці, людзі, на якіх яна распаўсюджваецца. Урач з вялікай практыкай.

[Ад грэч. praktikos — дзейны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́с

(гр. kolossos = вялікая статуя)

1) статуя, калона велізарных памераў (напр. к. Радоскі);

2) перан. значная ў якой-н. галіне дзейнасці асоба; што-н. велічнае (напр. к. навукі);

к. на гліняных нагах — што-н. велічнае з выгляду, але слабае ўнутры, гатовае распасціся.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ку́хня

(польск. kuchnia < чэш. kuchyne < ст.-в.-ням. kuchina, ад лац. coqùina)

1) памяшканне з печчу або плітой для гатавання ежы;

2) падбор страў, характар ежы (напр. малочная к., беларуская к.);

3) перан. скрыты, закулісны бок якой-н. дзейнасці (напр. дыпламатычная к.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіга́нт

(гр. gigas, -antos)

1) чалавек, жывёліна або расліна незвычайна вялікага росту; волат, велікан (напр. слон-г., дуб-г);

2) вялікае і важнае па значэнні прадпрыемства (завод-г.);

3) перан. чалавек, які вызначаецца значнымі дасягненнямі ў якой-н. галіне дзейнасці (г. думкі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

арыента́цыя

(фр. orientation, ад лац. oriens, -ntis = усход)

1) вызначэнне свайго месцазнаходжання; арыенціроўка (а. на мясцовасці);

2) перан. уменне разабрацца ў якіх-н. пытаннях, у навакольнай абстаноўцы;

3) перан. накіраванасць дзейнасці, якая вызначаецца інтарэсамі каго-н., чаго-н. (напр. а. на масавага чытача).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аб’е́кт

(лац. obiectum = прадмет)

1) усё тое, што складае частку знешняга, матэрыяльнага свету;

2) факт, прадмет, з’ява, якія трэба вывучыць, разгледзець (напр. а. назірання);

3) прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго-н. як месца чалавечай дзейнасці (напр. а, будаўнінтва, ваенны а.);

4) лінгв. дапаўненне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

валюнтары́зм

(ад лац. voluntarius = валявы)

1) кірунак у філасофіі, які аб’яўляе волю вышэйшым прынцыпам быцця, першаасновай усяго існага;

2) псіх. прызнанне волі, а не розуму рашаючым фактарам псіхічнай дзейнасці чалавека;

3) суб’ектывісцкія, самавольныя рашэнні без уліку аб’ектаіўных умоў грамадскага жыцця, эканомікі і г.д.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэ́хніка

(гр. technikos = дасведчаны, майстэрскі)

1) сукупнасць сродкаў, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэб грамадства (напр. будаўнічая т., ваенная т.);

2) сукупнасць прыёмаў у якой-н. галіне дзейнасці, а таксама валоданне гэтымі прыёмамі (напр. жывапісная т., спартыўная т.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

негатыві́зм

(н.-лац. negativismus, ад лац. negativus = адмоўны)

1) мед. сімптом расстройства вышэйшай нервовай дзейнасці, які праяўляецца ў супраціўленні знешнім уздзеянням;

2) нематываванае імкненне дзейнічаць насуперак;

3) адмаўленне чаго-н.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)