навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНКСССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял.Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз.вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял.Айч.вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.
Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.
А.М.Грыневіч.
Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз.вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САКІ (Kossacy),
польскія жывапісцы, бацька і сын.
Фартунат Юліуш (15.12.1824, в. Вісніч, каля г. Кракаў, Польшча — 3.2.1899). Вучыўся жывапісу ў Я.Машкоўскага, у 1855—61 у Парыжы ў А.Вернэ. У 1862—68 кіраўнік маст. аддзела варшаўскага час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Шмат падарожнічаў, у т. л. па Беларусі. У творчасці вял. ўвагу аддаваў гіст. жанру, напісаў шэраг батальных карцін з гісторыі Польшчы і ВКЛ 15—17 ст., вайны 1812: «Уладзіслаў Ягайла пад Грунвальдам» (1862), «Выручэнне Смаленска» (1879), «Сабескі пад Венай» (1882), «Т.Тышкевіч пераходзіць Дзвіну» (1890), «Уезд Яна III у Вену» (1897) і інш. Аўтар партрэтаў, ілюстрацый да твораў Г.Сянкевіча, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Дж.Байрана. Войцех Гарацый (1.1.1857, Парыж — 29.7.1942), сын Фартуната Юліуша. Вучыўся жывапісу ў Кракаве (1871—73), Мюнхене (1874), Парыжы (1877—83). У 1894—1902 працаваў па заказах імператара Вільгельма II у Германіі. З 1916 праф. школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, потым працаваў у Кракаве. Гал. месца ў творчасці займалі гіст. і батальны жанры, найб. ўвагу аддаваў напалеонаўскім войнам, паўстанням 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Сярод твораў: «Успаміны з дзяцінства» (1891), «Крывавая нядзеля ў Пецярбургу» (1905) і інш. Сааўтар батальных панарам на тэму паўстання 1794 «Рацлавіцы» (1892—94) і вайны 1812 «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96).
А.Л.Варатнікова.
Да арт.Косакі. Ф.Косак. Ілюстрацыя да рамана Г.Сянкевіча «Патоп».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Карскі) Мікалай Мікалаевіч
(25.7.1794, С.-Пецярбург — 30.10.1866),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат. Ген.-ад’ютант (1833, 1854). Ген. ад інфантэрыі (1853). Сын марскога афіцэра і грамадскага дзеяча М.М.Мураўёва, заснавальніка Маскоўскай установы для калонаважатых (у далейшым Акадэмія Генштаба). Брат М.М.Мураўёва (Віленскага). У арміі з 1811. Арганізатар пераддзекабрысцкіх гурткоў «Юнацкае сабрацтва» (1811—12) і «Свяшчэнная арцель» (1814—18), потым адышоў ад дзекабрыстаў. У 1812 служыў пры штабе 1-й арміі, праводзіў тапагр. здымкі наваколля Вільні. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, ваен.-дыпламат. місій у Іран (1816), Хіву і Бухару (1819—20), Егіпет і Турцыю (1832—33), рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў, задушэння паўстання 1830—31. У 1834—35 в.а. нач.гал. штаба 1-й арміі, камандзір 5-га пяхотнага корпуса. Быў прыхільнікам скасавання прыгоннага права, крытыкаваў рас.ваен. парадкі, апякаў сасланых дзекабрыстаў, за што ў 1837 звольнены ў адстаўку. У 1848 вернуты на службу, чл.Ваен. савета (1848). На чале Грэнадзёрскага корпуса ўдзельнічаў у задушэнні Венгерскай рэвалюцыі 1848—49. У 1854—56 намеснік на Каўказе і камандуючы Каўказскім асобным корпусам. У час Крымскай вайны 1853—56 кіраваў аблогай і ўзяццем тур. крэпасці Карс (1855), за што атрымаў ганаровае прозвішча Карскі. З 1856 чл.Дзярж. савета. Аўтар мемуараў і ваен.-гіст. прац.
Літ.:
Задонский Н.А. Жизнь Муравьева. [3 изд. Воронеж, 1970].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЦІКІ, Осцікавічы,
шляхецкі род герба «Трубы» («Тромбы») у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Осцік (у каталіцтве Крысцін; ? — 1442 або 1443), родапачынальнік О. Паходзіў з заможнага баярскага роду з-пад Вільні. Да 1418 атрымаў пасаду кашталяна віленскага. Належаў да найб. уплывовых магнатаў ВКЛ. Меў некалькі сыноў, з якіх ад Станькі (Станіслава) пайшоў далейшы род О., ад Радзівіла — магнацкі род Радзівілаў. Рыгор Станькавіч (?—1519), унук Осціка, маршалак гаспадарскі ў 1492—94 і надворны ў 1494—1510, ваявода трокскі з 1510. Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94. У бітве на Вядрошы 1500 трапіў у палон, вярнуўся ў 1509. Юрый Рыгоравіч (? — 1546 або 1547), сын Рыгора Станькавіча, маршалак гаспадарскі ў 1546. Станіслаў Рыгоравіч (?—1519), сын Рыгора Станькавіча, крайчы ВКЛ у 1517—19, ваявода полацкі ў 1519. Рыгор Рыгоравіч (мянушка Віршыла; ?—1557), сын Рыгора Станькавіча, крайчы ВКЛ у 1519—42, ваявода новагародскі ў 1542—44, кашталян віленскі з 1544. Юрый Юр’евіч (каля 1530—79), сын Юрыя Рыгоравіча, ваявода мсціслаўскі ў 1566—78 і смаленскі з 1578. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Рыгор Юр’евіч (каля 1535—18.6.1580), сын Юрыя Рыгоравіча, каралеўскі дваранін з 1569. У 1580 зняволены ў Вільні з-за падазроных кантактаў з рас. паслом, абвінавачаны ў дзярж. здрадзе, замаху на жыццё караля Стафана Баторыя і пакараны смерцю. На яго сыне Яне, суддзі земскім віленскім у 1606—09, род О. скончыўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-ДЭСА́НТНЫЯ ВО́ЙСКІ (ПДВ),
род войск, прызначаных для вядзення баявых дзеянняў у тыле праціўніка. Уваходзяць у склад узбр. сіл многіх дзяржаў. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў парашутна-дэсантных, танк., артыл. і інш. войск. Зарадзіліся ў 1930-я г., найб. развіццё атрымалі напярэдадні 2-й сусв.вайны ў СССР, Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі. Напр., у 1935 на Кіеўскіх і ў 1936 на Беларускіх манеўрах Чырв. Арміі было дэсантавана 3 тыс. парашутыстаў, 8200 чал. з артылерыяй, лёгкімі танкамі і інш. баявой тэхнікай высаджаны пасадачным спосабам. ПДВ шырока выкарыстоўваліся ў ходзе 2-й сусв.вайны. У пасляваенны час ПДВ СССР прымалі ўдзел у лакальных войнах, у т. л. ў Афганістане (1979—89), а таксама ў шэрагу вучэнняў, у т. л. на тэр. Беларусі [напр., «Дзвіна» (1970) і інш.]. ПДВ некаторых дзяржаў выкарыстоўваюцца ў аб’яднаных сілах ААН. Сучасныя ПДВ здольны хутка дасягнуць аддаленых раёнаў, наносіць нечаканыя ўдары па праціўніку, весці агульнавайсковы бой, могуць выконваць задачы са злучэннямі і часцямі інш. відаў (родаў) войск. Аснашчаны комплексам сродкаў дэсантавання людзей, тэхнікі і ўзбраення (трансп. самалёты, верталёты, парашуты, парашутныя і парашутна-рэактыўныя сістэмы, дэсантныя кантэйнеры, платформы для скідвання тэхнікі, узбраення і інш.). Ва Узбр. Сілах Беларусі на базе ПДВ (паветрана-дэсантная дывізія і інш. часці) у 1995 створаны мабільныя сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕМАЛО́ГІЯ (ад грэч. polemos вайна + ...логія),
навука аб вайне; кірунак у паліталогіі, у рамках якога даследуюцца войны і ўзбр. канфлікты, іх прычыны, сутнасць, віды і г.д. Закранае таксама пытанні міру, раззбраення, мірнага суіснавання паміж дзяржавамі. У вузкім сэнсе азначае інстытуцыяналізацыю ў Зах. Еўропе ў 2-й пал. 20 ст. вывучэння вайны як грамадскай з’явы. У гэты час узніклі навук. ўстановы П. ў Францыі, Нідэрландах, Італіі, Бельгіі і інш. Характэрная рыса П. — комплексны, міждысцыплінарны падыход да навук. асэнсавання ўзбр. канфліктаў у розных формах з выкарыстаннем элементаў сацыялогіі, дэмаграфіі, сац. псіхалогіі, матэм. мадэліравання, біялогіі і інш. навук, а таксама пазітывісцкая метадалогія, якая спалучае ў сабе элементы эканам., паліт., культ.-псіхал, тлумачэння гэтых з’яў. У П. нярэдка пранікаюць вульгарныя біясац. і псіхасац. канцэпцыі, якія абапіраюцца на ненавук. сцвярджэнне аб агрэсіўнай прыродзе чалавека і наяўнасці ў чалавечым грамадстве нейкага пастаяннага агрэсіўнага комплексу, што прыводзіць да перыяд. успышак узбр. насілля. У такім выпадку П. адрывае войны ад сац. адносін у грамадстве і ад палітыкі дзяржаў, вынікам якой служаць войны. Станоўчымі рысамі П. з’яўляюцца прадбачанне войнаў і ваен. канфліктаў, пошукі форм і спосабаў умацавання міжнар. міру і бяспекі, падтрымка ідэі раззбраення. Прускі ген. К.Клаўзевіц у працы «Аб вайне» (т. 1—3, 1832—34) даказаў, што вайна выступае як частка і інструмент палітыкі дзяржавы. Большасць сучасных вучоных таксама падкрэслівае арган. сувязь вайны з сістэмай паліт. адносін унутры дзяржавы і паміж дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭРЫ (Броэль-Плятэры),
шляхецкі род уласнага герба ў Рэчы Паспалітай. Паходзяць з Вестфаліі, адкуль у 15 ст. перасяліліся ў Інфлянты, дзе валодалі замкам Броэль. У 1829 род П. у Рас. імперыі прызнаны ў графскай годнасці. Найб. вядомыя: Генрык, у 1599 атрымаў ад Жыгімонта III Вазы маёнткі Асон і Плясон (Плясына, Існаўды) у Інфлянтах. Меў сыноў Готарда Яна (пачынальнік літ. лініі роду), Андрэя і Вільгельма (пачынальнік жамойцкай лініі). Готард Ян (?—1664), маёр, вызначыўся ў бітвах за Смаленск у 1633 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і ў 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Фердынанд Фабіян Вільгельм (каля 1678—22.7.1739), лоўчы ВКЛ у 1735—39, маршалак дворны ВКЛ у 1739. Канстанцін Людвік (1722—31.3.1778), вял. пісар ВКЛ у 1746—54, кашталян полацкі ў 1754—58, ваявода мсціслаўскі ў 1758—70, кашталян трокскі з 1770. Юзаф Вінцэнт (11.7.1745, г. Краслава, Латвія — паміж 1 і 6.1.1806), ген.-лейтэнант, пісар польны ВКЛ у 1771—83, кашталян трокскі з 1793; староста брэсцкі ў 1770—77, чл. Пастаяннай Рады ў 1793—94. Казімір Канстанцін (1749—4.8.1807), абозны ВКЛ у 1787, кашталян трокскі ў 1790—93, падканцлер ВКЛ з 1793; чл. Пастаяннай Рады ў 1776—88 і 1793—94. Адам Антоні Ануфры (1790—1862), краязнавец, археолаг, калекцыянер, гл.Плятэр А.А.А.Эмілія (1806—31), гл.Плятэр Э.Ф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.