АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн.работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́М (Паўлюк) (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),
бел.паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАРАСПРАЦО́ВАК 1932—33у Заходняй Беларусі.
Праходзіла з 15.10.1932 да сярэдзіны лют. 1933 пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый КПЗБ. Удзельнічала больш за 7 тыс.бел. і польскіх рабочых лесапільных з-даў, лесарубаў і возчыкаў лесу ў Белавежскай пушчы. Бастуючыя патрабавалі павышэння зарплаты на 50%, захавання 8-гадзіннага рабочага дня, сац. забеспячэння на выпадак хваробы і беспрацоўя, бясплатнай мед. дапамогі. У шэрагу вёсак былі створаны забастовачныя к-ты. Для абароны ад нападу паліцыі, недапушчэння да работы штрэйкбрэхераў арганізоўваліся дружыны самаабароны і забастовачныя пікеты. Паліцыя арыштавала больш за 100 актывістаў, адзін з іх быў павешаны. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Белавежскай пушчы адбыліся ў Белавежы, Беластоку, Брэсце, Вільні, Гайнаўцы і інш. Скончылася частковым задавальненнем патрабаванняў бастуючых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГТ),
Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства, добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец.геал.навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук.час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
«Беларгстанкінпрам». Засн. ў 1965 у Мінску на базе тэхнал. аддзела СКБ № 12. Асн. кірункі работы: распрацоўка комплексных праектаў тэхн. пераўзбраення, пашырэння, рэканструкцыі цэхаў, участкаў і. вытв-сцяў на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі; распрацоўка з улікам экалагічных патрабаванняў перспектыўных тэхнал. працэсаў па механаапрацоўцы, кавальска-штамповачнай, тэрмічнай, гальванічнай, зборачнай, фарбавальнай вытв-сцях, кансервацыі і ўпакоўцы; праектаванне і выраб нестандартнага абсталявання і аснасткі, сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці; распрацоўка сістэм аўтаматызацыі тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці ва ўмовах прадпрыемстваў з дробнасерыйнай і серыйнай вытв-сцю; выкананне н.-д. і эксперым. работ у галіне найноўшых тэхналогій, у т. л. экалагічна чыстых і рэсурсазберагальных; удасканаленне арганізацыі працы і тэхнікі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІ́НІ ((Bellini) Вінчэнца) (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.А.Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
1) касмічнага карабля — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемазалежных біял. і тэхн. сістэм ці аб’ектаў. Напр., бартавая біятэхнічная сістэма касм. карабля складаецца з падабранага ў залежнасці ад прызначэння і працягласці палёту біякомплексу і тэхн. сродкаў для забеспячэння аптымальных умоў яго функцыянавання.
У склад біякомплексу ўваходзяць спец. падабраныя ніжэйшыя і вышэйшыя расліны, жывёлы, мікраарганізмы, здольныя выдзяляць кісларод, утылізаваць адходы жыццядзейнасці чалавека, ажыццяўляць узнаўленне прадуктаў харчавання. Удзельнікам біякомплексу з’яўляецца і сам чалавек. Да тэхн. сродкаў адносяцца падсістэмы святло- і энергазабеспячэння, тэрмарэгулявання, блокі рэгенерацыі паветра і вады, мінералізацыі адходаў, касм. аранжарэя, кухня і інш. Біятэхнічная сістэма касм. карабля з’яўляецца замкнутай, калі яна цалкам забяспечвае экіпаж кіслародам, вадой і ежай.
2) Найпрасцейшыя біятэхнічныя сістэмы: электрастымулятар сэрца, маніпулятар для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, біяпратэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАКАПА́ЛКА,
машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.
Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЧМА (Амвросій Максімілянавіч) (14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),
украінскі акцёр. Нар.арт.СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр.драм.т-ра імя І.Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр.работы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСА́ДЗЕ (Акакій Аляксеевіч) (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),
грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз.т-ра імя Л.Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз.т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр.работы).