ЦЫКЛО́ІДА (ад грэч. kykloeidēs кругападобны, круглы),

плоская крывая, траекторыя пэўнага пункта P круга, які коціцца без слізгання па прамой.

Параметрычнае ўраўненне Ц.: x = r(t − d/r∙sin t), y = r(1 − d/r∙cos t), дзе r — радыус круга, d — адлегласць ад пункта P да цэнтра круга, t — вугал павароту круга. Адрозніваюць Ц. звычайную (d = r), падоўжаную (d > r), укарочаную (d < r) Ц. шырока дастасоўваецца ў механіцы, тэорыі механізмаў і інш.

Цыклоіда: 1 — звычайная; 2 — падоўжаная; 3 — укарочаная.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎРЫПАНТЫ́ДЫ, Еўрыпантыды (грэч. Eurypōntidai),

царская дынастыя ў Спарце ў 11—2 ст. да н.э. Заснавальнік — легендарны цар Эўрыпонт. Захаваліся спісы цароў гэтай дынастыі ў Герадота і Паўсанія. Гістарычна засведчаны асобы цароў толькі з канца 8 ст. да н.э., з якіх найб. вядомы Леатыхід II (перамог персаў каля Мікале ў 479 да н.э.), яго сын Архідам (ваяваў з афінамі ў Пелапанескай вайне), Агесілай (прэтэндаваў на гегемонію ў Эладзе), Агіс IV (рэфарматар 3 ст. да н.э.).

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕМЕРЫ́ДЫ [ад грэч. ephēmeris (ephēmeridos) дзённік],

табліцы або зборнікі, якія змяшчаюць астр. звесткі (каардынаты планет, ШСЗ і інш.), вылічаныя для рада паслядоўных момантаў часу.

Прыклад Э. — астр. штогоднікі. Асобныя Э. спецыяльна прыстасаваны да практ. патрэб (напр., да мараплаўства). Складанне такіх Э. каардынуе Міжнародны астранамічны саюз. Паколькі Э. вылічваюцца на аснове матэм. тэорый руху нябесных цел. змешчаныя ў іх звесткі адносяцца да момантаў раўнамернага бягучага часу, што наз. эфемерыдным часам. Выкарыстоўваюцца для арганізацыі астр. назіранняў.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ХВЕ (яўр. YHWH), Ягве, Іегова,

у іудаізме імя Бога, якое нельга вымаўляць. Паводле Старога Запавету Бібліі, гэтае імя адкрыў Бог Майсею на гары Харыў. Да 3 ст. да н.э. яго мог вымаўляць раз на год (Дзень ачышчэння) нячутна для іншых першасвятар, які перадаваў тайну гучання свайму пераемніку. Потым вымаўленне імя «Я.» канчаткова забаронена і, калі яно сустракаецца ў час чытання ўслых свяшчэнных тэкстаў, яго замяняюць словам «Аданай» (у рус. перакладзе Бібліі з грэч. мовы — «Господь»).

т. 18, кн. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гі́дра ’гідра’, ’жывёла з класа паліпаў’ (БРС). Рус. ги́дра, укр. гі́дра. Запазычанне (у бел., магчыма, праз рус. мову) з новай латыні ў першай палавіне XIX ст. Слова ўзнікла на базе лац. hydra ’гідра, вадзяная змяя, міфалагічная жывёла’ (< грэч.). У гэтым значэнні крыніцай рус. слова (> бел.) было ням. Hydra (< лац. < грэч.). Гл. Шанскі, 1, Г, 69–70.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́я ‘ вечназялёнае хвойнае дрэва сямейства кіпарысавых, Thuja’ (ТСБМ, Кіс., Вруб.). Праз польскую (tuja) ці рускую мову (туя), магчыма, пры пасрэдніцтве ням. Thuja ‘тс’ (Арол, 4, 124), запазычана з новалац. thuja ‘від кедра’, якое са ст.-грэч. θυία ‘від кедра з моцным араматам, які выкарыстоўваўся пры спальванні ахвяраванняў’ < ст.-грэч. θύω ‘ахвярую’ (Голуб-Ліер, 493; ЕСУМ, 5, 689).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагафет ’статс-сакратар’ (Гарб.), ст.-бел. локгофеть ’пісара ст.-польск. logofet с.-грэч. λογοθέτης ’кантралёр рахункаў’ (Булыка, Запазыч., 190).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБІСА́ЛЬ (ад грэч. abyssos бяздонны), абісальная зона,

зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм.). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс. м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СТРУЛА (позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),

зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.​А.​Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЭ́ЛЕ (ад гідра... + грэч. kēlē пухліна),

збіранне серознай вадкасці ў абалонках яечка з прычыны цяжкага адтоку яе па лімфатычных вузлах. Бывае прыроджаным (пры парушэннях эмбрыягенезу) і набытым (пры траўмах, запаленчых працэсах, пухлінах яечка і яго прыдатка, сардэчнай дэкампенсацыі). Пры вострым гідрацэле — раптоўны боль, прыпухласць, пачырваненне скуры; хранічнае гідрацэле развіваецца павольна, гадамі. Машонка пры гідрацэле грушападобнай формы, межы вадзянкі акрэслены пахвінным каналам, скура расцягнутая, без складак, бліскучая, яечка можа не вызначацца. Лячэнне: пры вострым гідрацэле — устараненне асн. захворвання, пры хранічным — хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)