КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),
10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд — «бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.К.Радзівіла, Е.Булгака і А.Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае знешнюю акрэсленасць аб’екта: яго велічыню, лік, аб’ём, інтэнсіўнасць і ступень праяўлення той або інш. уласцівасці. Спробы спец. аналізу праблемы К. ўзыходзяць да піфагарэйцаў, якія вывучалі прыроду лікаў. Арыстоцель звязваў К. з магчымасцю падзелу аб’екта на складаныя часткі і адрозніваў К. раздзельную і непарыўную (мноства і велічыню), а гал. уласцівасцю К. лічыў роўнасць (няроўнасць). Р.Дэкарт разглядаў К. як рэальную прасторавую і часавую вызначанасць, якая выражаецца праз лік, меру, велічыню. Паводле Г.Гегеля, К. дыялектычна звязана з якасцю. Адзінства К. з якаснай акрэсленасцю з’яў, рэчаў і працэсаў рэчаіснасці складае іх меру. Змяненне колькаснай характарыстыкі аб’екта, якое дасягнула пэўнай меры, вядзе да змянення якасці (гл.Пераход колькасных змяненняў у якасныя). Вывучэнне колькасных адносін рэчаў прывяло ла распрацоўкі матэм. тэорый і дае магчымасць ужываць матэм. метады даследавання ў розных галінах ведаў.
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1983 заг.муз.часткіДзярж.т-ра лялек Беларусі, з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах і тэхніках кампазіцыі. Асн. творы: опера «Запіскі вар’ята» (1987), балеты «12 крэслаў» (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998); араторыя; вак.-сімф. паэмы, у т. л. «Гукавыя прасторы «Euphonia» (1993); кантаты, у т. л. «Ціхія песні» на словы М.Багдановіча (1991); абрад-дзейства «Палескае вяселле» (1995); «Хроніка мінуласці «Спевы даўнейшых ліцвінаў» для салістаў, мужчынскага хору і ўдарных інструментаў (1997); 3 сімфоніі (1982, 1984, 1995), канцэрт (1988), «Цэзій-137» (1990), «Musica Militare» (1991) для сімф. аркестра; камерная сімфонія (1988), «Partita in D» (1992); камерна-інстр. і прыкладная музыка; п’есы для аркестраў розных складаў, песні, хары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,
узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Леанід Аляксеевіч) (5.8.1896, Вільня — 18.5.1980),
бел. кампазітар, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1944). У 1921—28 дырыжор БДТ-1, у 1929—65 заг.муз.часткі і дырыжор Бел.т-ра імя Я.Коласа. Аўтар музыкі да спектакляў у БДТ-1 «Кастусь Каліноўскі» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «На Купалле» М.Чарота, «Вяселле» В.Гарбацэвіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага (усе з У.Тэраўскім), «Стралок Тэль» С.Заяіцкага (з М.Куперам), «Інга» А.Глебава, «Мешчанін у дваранах» Мальера і інш.; у т-ры імя Я.Коласа — «Машэка» В.Вольскага, «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», «Святло з Усходу» П.Глебкі, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Родная маці» М.Алтухова, «Цудоўны сплаў» У.Кіршона, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Лекар паняволі» Мальера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Ярэспубліканская Беларускага саюза мастакоў. Адкрыта ў 1973 у Мінску, да 1991 наз. Палац мастацтваў. Мае 3 выставачныя залы — жывапісу (пл. 1450 м²), графікі (пл. 670 м²), дэкар.-прыкладнога мастацтва (пл. 500 м²), вестыбюль з антрэсолямі (пл. 745 м², выкарыстоўваецца для экспазіцый), канферэнц-залу (на 100 месцаў). Невял. дворык з дэкар. вадаёмамі і малымі арх. формамі з’яўляецца дадатковай экспазіцыйнай плошчай для скульптуры і керамікі пад адкрытым небам. Прызначана для правядзення перыяд. выставак (персанальных, групавых, рэсп., замежнага мастацтва) і прапаганды мастацтва.
Пабудавана паводле праекта арх. С.Мусінскага, Н.Краўковай. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, асіметрычны гал. ўваход якога падкрэслены вял. казырком. Пілоны падтрымліваюць гал. верхні аб’ём, прарэзаны жалезабетоннымі рэбрамі і падзелены на 2 часткі: ніжняя абліцавана керамічнай пліткай. верхняя мае стужачнае шкленне і завяршаецца вельмі высунутым карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,
1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.
М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАНІ́ЧНАЯ СХЕ́МА, мнемасхема,
сукупнасць сігнальных прыстасаванняў і ўмоўных відарысаў абсталявання і ўнутр. сувязей аб’екта, якія ў выглядзе схемы размяшчаюцца на дыспетчарскіх пультах ці спец. панэлях. Наглядна паказвае структуру аб’екта, стан (становішча) яго часткі элементаў, ход вытв. працэсу, дазваляе кантраляваць рэжымы аб’ектаў і працэсаў і кіраваць імі. Выкарыстоўваецца на прамысл. прадпрыемствах (устаноўках), у энергет. сістэмах, на чыг. станцыях і інш., а таксама на тэхн. выстаўках і ў навуч. мэтах.
Сігнальнымі прыстасаваннямі на М.с. служаць пераважна візуальныя індыкатары, абсталяванне і ўнутр. сувязі аб’екта паказваюцца з дапамогай сімвалаў Адрозніваюць М.с. мімічныя (з выкарыстаннем фарбаў, каляровых плітак і інш.), светлавыя і камбінаваныя. Дзеянне найб. пашыраных светлавых М.с. заснавана на электралюмінесцэнцыі, нізкавольтнай катодалюмінесцэнцыі і электрааптычных эфектах у вадкіх крышталях. Інфармацыя аб стане аб’екта паказваецца зменай колернасці або яркасці свячэння элементаў М.с., перамяшчэннем светлавога зайчыка, зменай канфігурацыі ці памераў светлавой плямы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА,
частка акіяна, больш-менш аддзеленая ад яго сушай або ўзвышэннямі падводнага рэльефу. Адрозніваецца ад адкрытай ч. акіяна пераважна наяўнасцю ўласнага гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў. На Зямлі каля 60 мораў. Паводле ступені адасобленасці ад акіяна і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму М. падзяляюцца на ўнутраныя ўскраінныя моры і міжастраўныя моры, паводле геагр. становішча — на міжмацерыковыя моры і ўнутрымацерыковыя моры. Ад замкнёнасці М. сушай залежаць гідралагічны рэжым, салёнасць вады, сезонныя ваганні т-ры паветра і вады на паверхні М. Перавага цыкланічных вятроў над М. абумоўлівае перавагу ў іх цыкланічных цячэнняў. Арганічны свет М. больш разнастайны і багаты эндэмікамі, чым у адкрытых частках акіяна. Часта ўмоўна М. называюць таксама асобныя адкрытыя часткі акіяна, якія вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі (Саргасава м. ў Атлантычным ак. з вял. масай водарасцей — саргасаў), асобныя вадасховішчы (Мінскае м.), і, наадварот, некаторыя М. называюць залівамі (Мексіканскі, Гудзонаў, Персідскі і інш.).