1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай XL = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.
З-за з’явы электрамагнітнай індукцыіэл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн. полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца здапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.
2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШУ́ЛЯ, сарочка,
асноўная частка нар. адзення беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі К. паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны ўбіралі ў андарак ці панёву. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы К.: тунікападобныя — у згорнутым удвая палотнішчы на перагіне рабілася пройма для галавы, з прамымі плечавымі ўстаўкамі — пярэдняя і задняя палавіны стана злучаны на плячах прамавугольнымі палікамі, з гесткай — палавіны злучаліся здапамогай гесткі. Традыц. К. мела прамы рукаў з манжэтай (каўперцам), адкладны ці стаячы каўнер (зрэдку і без яго), прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Рукавы, каўнер, манішка, а ў жаночых і ніз К. аздабляліся натыканым ці вышываным пераважна геам. арнаментам, часцей чырвонага і чорнага колераў. Рэгіянальныя асаблівасці К. выяўляліся ў арнаментыцы, яе кампазіцыйным вырашэнні, тэхнал. апрацоўцы і кроі паасобных дэталей (гл. ў арт. пра Народныя строі, напр., Вілейскі строй).
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных строях зкашулямі. Вёска Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРЭ́НКА Георгій Іванавіч (н. 21.8.1925, Кіеў),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Акад.Нац.АН Беларусі (1996), чл.-кар. (1974), д-рмед.н., праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1985). Засл. вынаходнік Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950). З 1952 у Мінскім мед. ін-це, з 1961 заг. кафедры, адначасова ў 1971—77 кіраўнік лабараторыі. З 1977 дырэктар, з 1993 кансультант НДІ кардыялогіі. Навук. працы па клінічнай і эксперым. кардыялогіі, мед. тэхніцы, клінічнай і эксперым. фармакалогіі. Распрацаваў метады індывідуалізацыі лячэбных працэдур, аўтаматызацыі экстраннага аналізу кардыялагічнай інфармацыі, аналізу сардэчна-сасудзістай інфармацыі здапамогай універсальных выліч. машын. Стварыў апараты аўтаматызаванай біякіравальнай дыягностыкі і тэрапіі сардэчна-сасудзістых хвароб. Удзельнічаў у стварэнні новага пакалення лек. прэпаратаў сардэчна-сасудзістага дзеяння. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Кибернетика и терапия. М., 1970;
Ранняя инструментальная диагностика гипертонической болезни и атеросклероза. Мн., 1973 (у сааўт.);
Психофизиологические аспекты кардиологических исследований. Мн., 1982 (разам з Г.С.Барысавай, К.К.Агеенкавай);
Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАДАРО́ЖНІКАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
сувязь паміж наземнымі радыёстанцыямі здапамогайрэтрансляцыі сігналаў адным ці больш ШСЗ; адзін з відаў радыёсувязі.
Вызначаецца адначасовым доступам да спадарожніка сувязі вял. колькасці наземных радыёстанцый, якія знаходзяцца ў зоне яго радыёбачнасці. Па каналах С.р. перадаюцца сігналы тэлефаніі, лічбавыя даныя, відэасігналы, тэлетэкст і інш.з частотным, часавым ці кодавым раздзяленнем сігналаў. С.р. забяспечвае глабальны доступ да баз даных, сеткі Інтэрнет, тэле- і радыёпраграм і інш. мультымедыйнай інфармацыі. Дазваляе ўстанавіць кантроль за месцазнаходжаннем і станам рухомых аб’ектаў, а таксама забяспечыць персанальную сувязь з абанентамі з месцаў, недаступных для наземных сродкаў сувязі, у т. л. ў цяжкадаступных, аддаленых і маланаселеных раёнах. Для арганізацыі С.р. выкарыстоўваюць розныя тыпы наземных радыёстанцый (стацыянарныя, рухомыя, персанальныя і інш.) і розныя тыпы ШСЗ (шматфункцыянальныя, спецыялізаваныя і інш.). Рэтрансляцыя ажыццяўляецца ў рэальным маштабе часу (найб. пашырана), у некаторых выпадках — з часавай затрымкай (у нізкаарбітальных сістэмах С.р.). Выкарыстоўваецца для арганізацыі міжнар., нац., а таксама асобных (карпаратыўных, ведамасных, банкаўскіх структур і інш.) сетак сувязі незалежна ад месцазнаходжання карыстальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫэкалагічныя,
рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго змінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца здапамогайбіяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял. колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЕРАМЕ́ТРЫЯ (ад колер + ...метрыя),
навука аб метадах колькаснага вызначэння колеру (яго тону, яркасці). У выніку колерных вымярэнняў вызначаюцца 3 лікі — колерныя каардынаты ў выбранай сістэме 3 асн. колераў, якія поўнасцю вызначаюць колер пры пэўных стандартызаваных умовах яго разглядання.
К. заснавана на тым, што пры змешванні трох асн. колераў (кожны з іх не ўзнаўляецца 2 астатнімі) у пэўных колькасцях можна атрымаць усе магчымыя колеры. Ідэя трохкампанентнага колернага зроку прапанавана М.В.Ламаносавым, развівалі яе Дж.Максвел і Г.Грасман. Вымяраюць колер здапамогайколераметраў, дзе змешваюць асн. колеры ў такіх суадносінах, каб атрымаць колер, эквівалентны даследаванаму. Карыстаюцца таксама колернымі атласамі для параўнання атрыманага колеру з узорамі. Ідэі і метады К. шырока выкарыстоўваюцца ў каляровым кіно і тэлебачанні, тэкст. і лакафарбавай вытв-сці.
Літ.:
Ивенс Р.М. Введение в теорию цвета: Пер. с англ.М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ НАВУЧЭ́НЦАМ.
Засн. ў 1875 у Мінску для аказання матэрыяльнай дапамогі выхаванцам навуч. устаноў горада з мэтай падтрымкі выпускнікоў гімназій, вучылішчаў і студэнтаў ВНУ. Кіравалася статутам; калегіяльны орган — агульны сход, які выбіраў праўленне, апошняе — старшыню, сакратара і казначэя. Старшынёй т-ва працяглы час быў І.І.Самойла. Сярод ганаровых чл.т-ва быў мастак І.К.Айвазоўскі. У 1900 у т-ве было 275 чл. Сродкі т-ва складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, працэнтаў з капіталу і прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў і латарэй. Прадстаўнікі т-ва збіралі ахвяраванні па прыватных дамах, праводзілі вечарыны на карысць студэнтаў. Сродкі ад іх складалі фонд дапамогі (4—5 тыс.руб. за год), якая ішла на аднаразовыя субсідыі, плату за навучанне і падручнікі. Дапамогайт-ва карысталіся пераважна навучэнцы мінскіх мужчынскай і жаночай гімназій, рэальнага вучылішча і гарадскога 4-класнага вучылішча. Да 1907 т-ва спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),
сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.
У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла здапамогайнефелометраў ці фотаэл. колераметраўз адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл.Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.
Літ.:
Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] здапамогайгвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца здапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.