МАЗЫ́РСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1928 на базе Мазырскай запалкавай фабрыкі «Маланка» ў г. Мазыр Гомельскай вобл. як мэблевая ф-ка «Прафінтэрн». У Вял. Айч. вайну ў будынку ф-кі размяшчаўся лагер сав. ваеннапалонных. Аднавіла дзейнасць у 1944 з сучаснай назвай. З 1971 у складзе ВА «Мазырдрэў», з 1992 арэнднае ВА «Мазырдрэў», з 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): тумбы для тэле- і радыёапаратуры, абутку, камоды, наборы мэблі для прыхожай і кухні.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАІ́Н,

старажытнае племя і дзяржава на тэр. сучаснай Йеменскай Рэспублікі. Раннія помнікі дзяржавы М. адносяцца да 6—5 ст. да н.э. Яе сталіцай быў напачатку г. Іясіль, потым — Карнаву. Вял. ўплыў у кіраванні М. адыгрывалі жрацы і родаплемянная арыстакратыя. Асновай росквіту краіны быў транзітны гандаль пахучымі рэчывамі, яна кантралявала гандл. шляхі праз Аравію. З 1 ст. да н.э. М. у залежнасці ад цароў Катабана, потым у складзе дзяржаў Саба і «Саба і зу-Райдан».

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ ЕНІСЕ́Й, Ка-Хем,

рака ў Манголіі і Тыве (Расія), левая складаючая р. Енісей. Даўж. 563 км, пл. басейна 58,7 тыс. км². Пачынаецца ў Дархацкай катлавіне пад назвай Шышхід-Гол, у межах Тывы пад назвай Кызыл-Хем цячэ ў адгор’ях Зах. Саяна ў вузкай даліне, парожыстая. Нізоўі ў Тувінскай катлавіне, дзе суднаходная на 142 км. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 415 м³/с. У сутоках М. і Вял. Енісея г. Кызыл.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬКАВІЧЫ,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Цна, каля аўтадарогі Ганцавічы — Лунінец; чыг. станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Ганцавічы, 268 км ад Брэста. 1599 ж., 615 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—13 ст.).

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (17.3.1919, с. Дальнавідава Арлоўскай вобл., Расія — 24.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з ліп. 1941. Камандзір роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.: рота на чале з ім прарвала абарону каля в. Лудчыцы, авалодала вышынёй, 19 гадзін адбівала атакі праціўніка; загінуў у гэтым баі. Яго барэльеф і імя высечаны на стэле Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛАКІ́,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бася. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Горкі, 80 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Зубры. 757 ж., 286 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. На паўн.-зах. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРО́САЎ (Аляксандр Мацвеевіч) (1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.2. 1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1942. Ваяваў на Калінінскім фронце. 23.2.1943 у баі за в. Чарнушкі (Пскоўская вобл., Расія) гвардыі радавы М. сваім целам закрыў амбразуру ням. дзота, гэтым забяспечыў поспех атакі падраздзялення. Імя М. прысвоена 254-му гвардз. палку з залічэннем героя навечна ў спіс палка. У гады Вял. Айч. вайны подзвіг М. паўтарылі многія сав. воіны, у т. л. беларус П.І.Купрыянаў.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 28.8.1924, в. Арлея Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну ў 1942—43 разведчык 3-й Бел. партыз. брыгады, з ліст. 1943 на 3-м Бел. фронце. Камандзір аддзялення разведкі палка М. вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 26 чэрв.—14 ліп. на тэр. Беларусі і Літвы. З 1948 на парт. і прафс. рабоце.

А.А.Мінін.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЧУГО́Ў (Дзмітрый Міхайлавіч) (8.11. 1911, г. Ульянаўск, Расія — 14.5.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў Севастопальскую школу ваен. лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце ў складзе ВПС Чарнаморскага флоту. Авіяэскадрылля на чале з М. бамбіла караблі, камунікацыі, войскі і тэхніку ворага на Адэскім, Перакопскім, Севастопальскім і Каўказскім участках, ваен. аб’екты ў Бухарэсце. Маёр М. зрабіў 118 баявых вылетаў, з іх 41 ноччу. Загінуў у баі.

Дз.М.Мінчугоў.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)