ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ЧАТЫРО́Х ДЗЯРЖА́Ў аб сумеснай абароне правоў на астраўныя ўладанні і астраўныя тэрыторыі ў раёне Ціхага акіяна.

Падпісаны 13.12.1921 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі. Прадугледжваў гарантыі ціхаакіянскіх астраўных уладанняў бакоў (у т. л. на выпадак ваен. пагрозы), скасаванне англа-японскага саюза і інш. У ходзе ратыфікацыі дагавора ў ЗША прынята папраўка аб забароне ўраду краіны без згоды кангрэса прымаць абавязацельствы па абароне ўладанняў інш. нацый на Ціхім ак., якія знаходзяцца «ў стане мандата». Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́НДЗІЧ (Алека) (сапр. Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводле інш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),

адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.​М.​Будзённым) пераважна на тэр. Украіны. Загінуў у баі каля г. Роўна.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЦЫМА́ЦЫЯ (лац. decimatio),

пакаранне, упершыню прадугледжанае стараж. рымскім ваенным заканадаўствам за ўдзел у калектыўных злачынствах. Паводле правіл Д. каралі (звычайна пакараннем смерцю) кожнага дзесятага. Пазней прыклад рымлян перанялі Швецыя пры Густаве Адольфу, Францыя пры Напалеоне I, Аўстра-Венгрыя пры Францу Іосіфу. У Расіі Д. ўпершыню выкарыстаў Пётр I за пакіданне войскам поля бою, назіралася яна і пры імператарах Аляксандру I і Мікалаю I. У гады 2-й сусв. вайны Д. ўжывалі ням. фашысты ў адносінах да ваеннапалонных і мірных жыхароў акупіраваных тэрыторый. Прычына ўзнікнення Д. — прынцып усеагульнага запалохвання, якога прытрымлівалася карная палітыка адпаведных дзяржаў.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУВЭ́ ((Jouvet) Луі) (24.12.1887, г. Кразон, Францыя — 16.8.1951),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. Праф. (1934). Сцэн. дзейнасць пачаў у «Тэатр дэз Ар» (1911). Працаваў у т-рах «В’ё каламб’е» (з 1913), «Камедыя Елісейскіх палёў» (з 1922, з 1924 і кіраўнік), «Атэней» (з 1934). Сярод лепшых роляў: Кнок («Кнок» Ж.​Рамэна), Дон Жуан, Тарцюф (аднайм. п’есы Мальера), Меркурый, Гектар («Амфітрыён 38», «Траянскай вайны не будзе» Ж.​Жыраду). Ставіў п’есы тагачасных драматургаў, у якіх узнімаў актуальныя тэмы жыцця грамадства. З 1932 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Гераічная кермеса», «На дне», «Паўночны атэль» і інш.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Георгій Няфёдавіч) (24.4.1908, с. Старое Сямёнкіна Самарскай вобл., Расія — 6.1.1996),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. авіяцыі (1940), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскую ваен. шкалу лётчыкаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1930. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнай авіядывізіі, у склад якой уваходзіў франц. полк «Нармандыя—Нёман». З. вызначыўся пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, Гродна. Да 1961 у Сав. Арміі. Аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Іван Антонавіч) (18.9.1898, в. Сямёнаўка Маскоўскай вобл., Расія — 19.3.1944),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Прамакадэмію лёгкай прам-сці СССР (1937). Удзельнік грамадз. вайны. З 1926 на парт. і гасп. рабоце ў Маскоўскай вобл. З 1937 у Віцебску: дырэктар ільнопрадзільнай ф-кі, старшыня гарвыканкома. З крас. 1938 нам. старшыні СНК БССР. У Вял. Айч. вайну выконваў даручэнні ЦК КП(б)Б і БШПР па кіраўніцтве партыз. рухам у Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1938—40, чл. ЦК КП(б)Б з 1940. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1938.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕШНЕГАНДЛЁВЫЯ БА́НКІ,

разнавіднасць спецыялізаваных камерцыйных банкаў, якія ажыццяўляюць пераважна аперацыі па крэдытаванні, экспарце і імпарце, правядзенні ўзаемных знешнегандл. разлікаў. Яны таксама гарантуюць і ўлічваюць вэксалі па экспартных крэдытах, прадастаўленых прыватнымі банкамі. Узніклі пасля 1-й сусв. вайны з мэтай заахвочвання нац. экспарту, стымулявання эканам. росту. У ЗША і Японіі З.б. называюцца экспартна-імпартнымі, у Францыі існуе Банк знешняга гандлю, у Рас. Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь — банкі знешнеэканам. дзейнасці. У Вялікабрытаніі функцыі З.б. выконвае нябанкаўская ўстанова — Дэпартамент гарантый экспартных крэдытаў.

М.​Е.​Заяц, В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́ТНЕР ((Suttner) Берта фон) (9.6.1843, Прага — 21.6.1914),

аўстрыйская пісьменніца, дзеяч пацыфізму. Баранеса. Сусв. вядомасць З. прынёс раман «Далоў зброю!» (1889) пра жахі вайны і пакуты простых людзей, высока ацэнены Л.М.Талстым. Сярод інш. твораў раманы «Шах пакутам» (1899), «Дзеці Марты» (1902), «Думкі чалавецтва» (1911), зб. арт. «Вайна і барацьба з ёю» (1904). У 1891 засн. т-ва Міру ў Аўстрыі. Адна з заснавальніц міжнар. Бернскага бюро Міру (1892), яго віцэ-прэзідэнт і ганаровы прэзідэнт. У 1890-я г. рэд. пацыфісцкага час. «Die Waffen nieder!» («Далоў зброю!»). Нобелеўская прэмія міру 1905.

Б.Зутнер.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)