ПРЫЯПІ́ЗМ (грэч. priapismos ад імя старажытнагрэч. бога ўрадлівасці Прыяпа),

стойкая эрэкцыя палавога члена, не звязаная з палавым узбуджэннем. Развіваецца пры захворваннях і траўмах палавога члена, нерв. сістэмы, некат. інфекцыях і інтаксікацыях. Суправаджаецца болем у пенісе, прамежнасці і вобласці крыжа. Часцей бывае пры лейкозах. Развіццё П. звязана з парушэннем адтоку крыві з кавернозных цел палавога члена ў выніку венознага трамбозу. Часта ўзнікае ў час палавога акта, пасля мочаспускання або дэфекацыі. Можа прывесці да імпатэнцыі. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),

1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.

2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТО́Н (грэч. rhytōn ад rheō цяку),

старажытная рогападобная пасудзіна ці рог для піцця з невял. адтулінай у ніжнім вузкім канцы. Выраблялі з рогу, металу, гліны, слановай косці і шкла, упрыгожвалі рэльефамі і гравіроўкай. Часам Р. мелі на канцы скульптурную выяву. Былі вядомы ў насельніцтва крыта-мікенскай культуры (2-е тыс. да н.э.), пашыраны ў стараж. Грэцыі, Індыі, Персіі, Месапатаміі, Сірыі, Малой Азіі, Рыме, часткова ў Егіпце. У жал. веку знаходкі Р. адзначаны на археал. помніках Польшчы і Літвы.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЖА-ДЫ-КАЛА́БРЫЯ (Reggio di Calabria),

горад на Пд Італіі, адм. цэнтр аднайм. правінцыі. Засн. ў 720 да н.э. З прыгарадамі каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у Месінскім праліве; чыг. паромам звязаны з г. Месіна (в-аў Сіцылія).

Аэрапорт. Прам-сць: харч. і харчасмакавая, дрэваапр., машынабуд. (вагонабудаванне). База рыбалоўства. Ун-т. Геафіз. абсерваторыя. Нац. музей. Частыя землетрасенні; пасля разбуральнага землетрасення 1908 горад перабудаваны. Руіны стараж.-грэч. храмаў і жылых дамоў (пераважна 4 ст. да н.э.). Турызм.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),

сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.

Чыгуначны семафор.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДАЛІ́К (ад грэч. sardonyx, sardion), карнеол,

мінерал, разнавіднасць халцэдону. Колер ружовы, аранжава-чырвоны, залаціста-жоўты. Трапляецца ў выглядзе запаўнення трэшчын і міндалін у асн. і сярэдніх эфузівах. Ювелірна-вырабны камень. Гал. прамысл. радовішчы — алювіяльныя і элювіяльныя россыпы; найб. вядомыя ў Індыі, Бразіліі, Уругваі, таксама ў Карадагскім вулканічным масіве (Крым, Украіна) і Забайкаллі (Расія).

Літ.:

Банк Г. В мире самоцветов: Пер. с нем. М., 1979;

Ферсман А.Е. Драгоценные и цветные камни СССР // Избр. труды. М., 1962. Т. 7.

Сердалік.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАЙКІ́ЗМ (грэч. synoikismos ад synoikizō разам засяляю),

у старажытных дзяржавах (Грэцыі, Рыме і інш.) працэс зліцця некалькіх раней самастойных паселішчаў ці гарадоў у адзіны поліс. У выніку С. паступова ліквідавалася племянная раздробленасць, узнікалі органы цэнтр. кіравання, узмацнялася эканам. адзінства і ваен. магутнасць раней адасобленых плямён і абшчын. Найб. вядомы С. 12 абшчын Атыкі, якія аб’ядналіся пад уладай Афін (13—7 ст. да н.э.). У выніку С. плямён лацінаў, сабінаў і этрускаў узнік Стараж. Рым (6 ст. да н.э.).

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРА́ДЫ ПАЎДНЁВЫЯ, Дадэканес,

група з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў у Эгейскім м., каля паўд.-зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія, тэр. Грэцыі. Пл. 3,5 тыс. км². Асн. а-вы: Родас, Самас, Ікарыя, Кос, Карпатас. Пераважаюць узгоркі і нізкагор’і, выш. да 1434 м (г. Керкетэфс на в-ве Самас). Ксерафітныя хмызнякі, участкі лясоў з дубу, хвоі, кіпарысу. Вырошчванне збожжавых, вінаграду, цытрусавых, тытуню; аліўкавыя гаі. Рыбалоўства, здабыча губак. Буйн. гарады: Родас, Самас. Шматлікія помнікі стараж.-грэч. культуры.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТАКІ́ДЫ (грэч. Spartokidai),

дынастыя правіцеляў Баспорскай дзяржавы ў 438—107 да н.э. Засн. Спартакам I [438—433 да н.э.]. С. былі буйнымі землеўладальнікамі, гандлявалі збожжам з Афінамі. Найб. значныя іх прадстаўнікі: Сатыр I [433—388 да н.э.], Леўкон I [388—348 да н.э.], Перысад I [348—310 да н.э.]. У час іх кіравання тэрыторыя і ўплыў царства пашырыліся на памежныя вобласці скіфскіх, меоцкіх і сіндскіх плямён. Дынастыя спыніла існаванне ў выніку Саўмака паўстання (107 да н.э.).

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАКАРДЫ́Я (ад стэна... + грэч. kardia сэрца), грудная жаба,

прыступ рэзкага болю ў вобласці сэрца пры парушэнні кровазабеспячэння сардэчнай мышцы; найб. пашыраная форма ішэмічнай хваробы сэрца. Абумоўлена спазмамі вянечных сасудаў сэрца. Адрозніваюць С. напружання (боль пры значных фіз. нагрузках, хваляванні і інш.), спакою (у час сну), стабільную, прагрэсіруючую і інш. Прыкметы: скурнае покрыва бледнае, павелічэнне артэрыяльнага ціску крыві, раптоўныя болі ў левай палавіне грудной клеткі або ў цэнтры з распаўсюджваннем у левую руку або плячо. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)