ГУРЫНО́ВІЧ (Георгій Паўлавіч) (26.4.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 25.2.1994, бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1970),
д-рфіз.-матэм.н. (1969), праф. (1970). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Выявіў залежнасць ступені палярызацыі свячэння раствораў арган. злучэнняў ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага выпрамянення і па спектры люмінесцэнцыі. Распрацаваў шэраг метадаў фіз. кантролю ў вытв-сці, біялогіі і медыцыне. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений Мн., 1968 (разам з А.Н.Сеўчанкам, К.М.Салаўёвым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,
сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т. л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл. таксама «Вялікае аб’яднанне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,
сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.
расійскі фізік-тэарэтык. Акад.АНСССР (1964, чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1936). З 1940 у Фіз. ін-це, з 1943 у Ін-це атамнай энергіі, з 1946 у Ін-це тэарэт. і эксперым. фізікі АНСССР, адначасова праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела, тэорыі квантавых вадкасцей, фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з Дз.Дз.Іваненкам). Выявіў анамальны характар плаўлення (зацвердзявання) гелію-3 (эфект П.; 1950) і прапанаваў новы метад атрымання нізкіх т-р. Сфармуляваў адно з асн. палажэнняў квантавай тэорыі поля (гл.Памеранчука тэарэма). Зрабіў важкі ўклад у стварэнне першых у СССРядз. рэактараў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЕ ПАРАЖЭ́ННЕ,
вынік уздзеяння электрамагнітнага выпрамянення (квантаў), элементарных часціц на клеткі, тканкі, органы, сістэмы арганізма, што выклікае парушэнні іх нармальнай жыццядзейнасці. Крыніцы выпрамяненняў: іанізавальнае выпрамяненне, інфрачырвонае выпрамяненне, лазернае выпрамяненне, ультрафіялетавае выпрамяненне, сонечнае выпрамяненне бачнай ч. спектра (святло), а таксама касмічныя прамяні і інш.Біял. эфект П.п. залежыць ад прасторавага размеркавання выпрамянення, працягласці і рытму яго ўздзеяння, магутнасці дозы выпрамянення і фізіял. стану арганізма.
Найчасцей пад П.п. разумеюць парушэнні, абумоўленыя біялагічным дзеяннем іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае паражэнне), якія пры пэўных умовах могуць выклікаць развіццё прамянёвай хваробы. Інфрачырв выпрамяненне праяўляецца праз цеплавыя апёкі і пераграванне ч. цела або арганізма ў цэлым (сонечны ўдар, цеплавы ўдар і інш.). Ультрафіялетавае выпрамяненне аказвае пераважна хім. дзеянне. Магутныя светлавыя пучкі лазераў выклікаюць у асн. апёкі сятчаткі вока, скуры. Гл. таксама Апрамяненне арганізма, Прамянёвыя пашкоджанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАТО́Н»,
1) серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння касм. прамянёў і ўзаемадзеяння з рэчывам касм. часціц звышвысокіх энергій. Макс. маса каля 17 т. У 1965—68 запушчана 4 «П.»: у 1965—66 — «П.-1» — «П.-3» (маса навук. апаратуры 3,5 т), у 1968 — «П.-4» (маса навук. апаратуры 12,5 т). Палёты «П.» адкрылі новы кірунак у развіцці эксперым. і тэарэт. астрафізікі, фізікі элементарных часціц.
2) Сав. (рас.) 2—4-ступеньчатыя ракеты-носьбіты. Маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, больш за 20 т. Эксплуатуюцца з 1965. Запускі з касмадрома Байканур. Выкарыстоўваліся для запуску касм. апаратаў «Алмаз», «Венера», «Гарызонт», «Зонд», «Космас», «Месяц», «Марс», «Мір», «Салют», «Пратон», модуляў «Зара» і «Зорка» для міжнар.касм. станцыі і інш. Ажыццёўлены 157 паспяховых запускаў П. (2001).
в-ая тэмпература — метэар. магчымая тэмпература, якую пры пэўным ціску мела б сухое паветра той жа шчыльнасці, што і вільготнае.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.
Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл.Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.