дзот, ‑а, М дзоце, м.

Земляное ўмацаванне, прызначанае для вядзення кулямётнага і артылерыйскага агню і для абароны ад куль, снарадаў, мін, авіябомб. На тым баку, каля Навасёлак, былі пабудаваны дзоты, дзе сядзелі кулямётчыкі, тут жа, проста на дарозе, ствалом у лес стаяла гармата. Шчарбатаў. Дзень і ноч білі цяжкія гарматы па дзотах і бетаніраваных умацаваннях, трушчачы бетон і камень. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяце́ліца, ‑ы, ж.

1. Снежная бура, завея. Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст віхраў спакойна заснуць не дае. Купала. Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя в[я]тры. Шчарбатаў.

2. Народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе з частымі зменамі фігур і паваротамі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка круціць мяцеліцу. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́с, ‑а, м.

1. Дах на слупах ці іншых апорах, які ахоўвае ад сонца, непагоды. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Вучнёўскія парты стаялі на двары пад навесам і паблісквалі свежай афарбоўкай. Кулакоўскі.

2. Тое, што навісае зверху; частка чаго‑н., якая выступае, навісае. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыто́мнасць, ‑і, ж.

1. Страта прытомнасці, выкліканая хваравітым станам або душэўным узрушэннем. У непрытомнасці.. [Антаніна Мікалаеўна] асунулася на зямлю. Шчарбатаў. Паддубны быў у непрытомнасці. М. Ткачоў.

2. Крайняя ступень душэўнага ўзрушэння, пры якой траціцца здольнасць валодаць сабой. Хацелася [Тані] крыкнуць: «Хопіць!» Ды побач маці і Хімка, захлёбваючыся да непрытомнасці, мармыталі свае малітвы. Гроднеў. Іліко і Вано стаялі ў кутку, напалоханыя да непрытомнасці. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́даючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад падаць. Месяц адбівае ўсяго 7 працэнтаў падаючых на яго сонечных праменяў. «Звязда».

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які звязаны з перамяшчэннем уніз. Сіла падаючай вады. □ Да вуха даляцелі шум і трэск падаючых дрэў, глухія выбухі. Шчарбатаў.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пабудаваны нахільна. Падаючая вежа.

4. Дзеепрысл. незак. ад падаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да падрыву, узрывання. Падрыўныя работы. □ [Віктар] вывучаў падрыўную справу, авалодваў усімі відамі зброі, пазнаваў тайны разведкі ў тылу ворага. Шчарбатаў. // Які робіць падрывы, узрывы. Іван Груздовіч, былы настаўнік і камандзір падрыўной групы партызанскага атрада, загінуў смерцю героя вясной сорак трэцяга года. Шамякін.

2. перан. Накіраваны на падрыў чаго‑н.; шкодніцкі. Падрыўная дзейнасць імперыялістычных разведак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́мніцтва, ‑а, н.

1. Вандраванне, падарожжа веруючых розных рэлігій для пакланення так званым святым месцам.

2. перан. Разм. Падарожжа куды‑н. шматлікіх паклоннікаў каго‑, чаго‑н.; наведванне каго‑, чаго‑н. вялікай колькасцю наведвальнікаў. Археолагі многіх краін рабілі сапраўдныя паломніцтвы, каб толькі паглядзець на адзін з самых старажытных помнікаў чалавечай культуры. Матрунёнак. І вось з самай раніцы ў штаб злучэння пачалося літаральна паломніцтва. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прывабнага; здольнасць прывабліваць, прыцягваць да сябе. Сіняя сівізна не пасавала да маладжавасці твару і тым не менш надавала яму мяккую прывабнасць. Хадкевіч. Прыпяць надае ўсёй гэтай мясцовасці чароўную прывабнасць. В. Вольскі. // Прыгажосць, мілавіднасць. Колькі разоў прыязджалі да .. [Эльзы] багатыя жаніхі, захапляліся яе прывабнасцю. Шчарбатаў. // Цікавасць, займальнасць. Янук з усіх сіл імкнуўся даказаць мне прывабнасць клоунскай прафесіі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Пярэчыць, не згаджаючыся з кім‑н. Раніцай .. [Пятро] папрасіўся ў памочнікі. Хлопцы не супярэчылі — няхай ідзе. Новікаў. Вася Цыганок не супярэчыў, калі яму .. сказалі, што яго чарга ісці на варту. Шчарбатаў.

2. Не адпавядаць, мець у сабе супярэчнасць. Уведзенае перакладчыкам слова «У хмызняках» не супярэчыць унутранай логіцы арыгінала: карціна балотнай мясціны асацыіруецца з хмызнякамі. Палітыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уро́чышча, ‑а, н.

Любая частка мясцовасці, якая адрозніваецца чым‑н. ад навакольных тэрыторый і звычайна мае сваю назву. Урочышча ляжала паміж лесу і імшарын, убаку ад дарогі, а да самай бліжэйшай вёскі было кіламетраў шэсць. Ракітны. Увесь Маргоўскі лес падзяляўся на ўрочышчы, якія мелі свае назвы. Чарнышэвіч. Да ўрочышча Затонь было недалёка, і Парфенчык убачыў дым, які ўздымаўся над лесам. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)