бор1

(н.-лац. borum, ад с.-лац. borax = салетра)

хімічны элемент, шаравата-чорнае рэчыва, якое ў крышталічным і аморфным станах уваходзіць у склад некаторых мінералаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЯЛЯ́НКІ (Pieridae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 500 відаў. На Беларусі 12. Пашыраны на ўсіх мацерыках, найб. вядомыя бялянкі капусная, або капусніца (Pieris brassicae), рэпніца (P. rapae), бручніца (P. napi).

Дзённыя матылі, крылы ў размаху да 8 см. Афарбоўка часцей белая, жоўтая або аранжавая, з чорным малюнкам. Вусені зялёныя або стракатыя, звычайна ўкрытыя кароткімі валаскамі. Кукалкі жаўтаватыя або шаравата-белыя з чорнымі кропкамі і плямамі прымацоўваюцца да субстрату паяском з шаўкавістай павуцінкі галавой уверх. Развіваюцца пераважна на крыжакветных і бабовых раслінах, некат. жывуць на крушынавых, ружавых і інш. Шэраг бялянак шкоднікі с.-г. культур, вусені аб’ядаюць лісце. Жаўтушкі, зоркі, лімонніцы — дэкар. матылі лугоў, палёў, лясоў. Некат. віды ахоўваюцца, жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІТО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.

Аскахітозы: гароху і лёну.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ-БАРА́Н, грыфала кучаравая,

губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.

Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.

Грыб-баран.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАА́РАВЫ КАЗЁЛ, барадаты казёл (Capra aegagrus),

парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.

Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Безааравы казёл: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),

род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.

Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.

А.​М.​Петрыкаў.

Падкаменшчык звычайны.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКІЯ ТРЫ ВЯЛІ́КІЯ КАМЯНІ́,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997), каля в. Пліса Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Першы валун (на ПнУ ад вёскі) шэрага гнейсу даўж. 3,8 м, шыр. 1,7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 8,9 м, аб’ём 8,4 м³, маса каля 23 т. Другі валун (на ПдЗ) шаравата-ружовага граніту рапаківі даўж. 3,4 м, шыр. 2,2 м, выш. 2 м, у абводзе 8,8 м, аб’ём 13,6 м³, маса каля 35 т. Трэці валун (на З) рудавата-шэрага граніту даўж. 3 м, шыр. 2,5 м, выш. 1,9 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 14,3 м³, Maca каля 35 т. На яго паверхні растуць імхі і лішайнікі 9 відаў, з іх 7 рэдкія. Валуны прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з ПдУ Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

селадо́н

(фр. céladon, ад Celadon = імя героя рамана фр. пісьменніка 17 ст. д’Юрфэ «Астрэя»)

1) уст. аматар заляцацца да жанчын;

2) від фарфоравых вырабаў з шаравата-зеленаватым глазураваннем.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТАПЕ́РЧА (англ. guttapercha ад малайскага getah смала + pertjah дрэва, якое выдзяляе гэту смалу),

цвёрды шаравата-белы ці жаўтавата-руды скурападобны прадукт каагуляцыі млечнага соку некат. трапічных раслін.

Гутаперча мае гуту (50—90%), прыродныя смолы, бялкі, вільгаць. Гута — транс-поліізапрэн (геам. ізамер макрамалекулы каўчуку натуральнага), малекулярная маса 35 000—50 000, шчыльн. 940—960 кг/м³. Гутаперча раствараецца ў араматычных вуглевадародах, серавугляродзе. Пры т-ры 50—70 °C размякчаецца і становіцца пластычнай. Вулканізуецца серай. Вулканізаты — добрыя дыэлектрыкі, устойлівыя да ўздзеяння вады (вільгацепаглынанне на працягу 2 гадоў не перавышае 0,2%), канцэнтраваных кіслот, у т. л. салянай і плавікавай. Выкарыстоўваюць для электраізаляцыі падводных і падземных кабеляў, у электра- і радыёпрамысловасці, вытв-сці кляёў і інш. Атрымліваюць сінт. гутаперчу — транс-поліхларапрэн, які па будове і тэхн. уласцівасцях аналагічны гутаперчы натуральнай. На Беларусі для атрымання гутаперчы доўгі час выкарыстоўвалі брызгліну.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)