БУДАВЕ́Й (Міхаіл Сямёнавіч) (н. 31.1.1949, в. Карацк Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод работ: кампазіцыйныя партрэты Я.Коласа (1981), У.Караткевіча, Н.Гілевіча, Я.Брыля, П.Панчанкі (1982), В.Быкава (1983), І.Шамякіна (1984), С.Палуяна («Ён быў як месяц адзінокі», 1991), І.Лучанка і М.Барысевіча (1985); серыі «Пачынальнікі» (1987), «Патсдам. Парк. Сан-Сусі» (1991), «Сцежкаю да храма» (1992); дыптых «Ад продкаў да Адраджэння» (1992); цыкл «Начныя краявіды» (1994—95). Аформіў кнігі: В.Гігевіча «Астравы на далёкіх азёрах», Н.Гілевіча «Святлынь», А.Куляшова «Крылы», С.Палуяна «Лісты ў будучыню», У.Рубанава «Светлы ручай любві», Я.Брыля «Пробліскі», В.Біянкі «Лясная газета» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУ́Н (Уладзімір Андрэевіч) (н. 10.4. 1922, в. Азломль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы «Магіла невядомага салдата» (1957), «Вярнуўся» (1966), «Маці» (1969), «Да сына» (1973), «Парад Перамогі ў Маскве» (1984), «Маці ў блакаду» (1987) і інш. прысвечаны Вял.Айч. вайне. Вобраз чалавека-працаўніка ўвасоблены ў партрэтах «Даярка» (1951), «Стары з Лепельшчыны» (1963), «Настаўніца» (1973), карцінах «Будаўнікі» (1960), «Раніца ў калгасе» (1965), «Нафтаправод «Дружба» (1980), «Дарога да храма» (1999). Лірызмам і цеплынёй прасякнуты пейзажы «Беларускі пейзаж» (1949), «Далеч» (1955), «Стагі» (1965), «Вілія» (1969), «Мой горад» (1972), «Вясна на Палессі» (1979), «Месяцовая ноч» (1985), «Бярэзіна. Вёска Галынька» (1997), «Прыпяць» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),
карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,
помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр.б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
А.А.Трусаў.
Гродзенская Барысаглебская царква. З акварэлі Н.Орды. 19 ст.Гродзенская Барысаглебская царква. Бакавы фасад. Рэканструкцыя П.П.Пакрышкіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з асн. школ стараж.-рус. архітэктуры 14—17 ст. Склалася і развівалася ў перыяд узмацнення паліт. і эканам. ролі Маскоўскага княства і Масквы. З 14 ст. актывізавалася буд-ва культавых і абарончых збудаванняў (белакаменныя сцены і вежы Крамля Маскоўскага). Першыя храмы Крамля — Успенскі (1327) і Архангельскі (1333) саборы (не захаваліся) — сведчаць пра пераймальнасць арх.-буд. традыцый уладзіміра-суздальскай школы дойлідства. У 14—15 ст. узнік маск. тып белакаменнага храма: кампактны, 4-стаўповы, з павышанымі падпружнымі аркамі, ярусамі какошнікаў, разнымі дэкар. паясамі на фасадах (саборы Успенскі на Гарадку, 1399; і Раства Савіна-Старажоўскага манастыра, 1405, у г. Звянігарад Маскоўскай вобл.; Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры, 1476). На мяжы 14 і 15 ст. аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі цэркваў мелі рысы балканскага дойлідства (Нікольская царква ў с. Каменскае) і полацкай школы дойлідства (Спаскі сабор Андронікава манастыра). Удзел у перабудове Крамля (канец 15 ст.) пскоўскіх і італьян. дойлідаў паспрыяў удасканаленню тэхнікі буд-ва, узбагачэнню арсенала форм, выкарыстанню традыцый рэнесансу. У 16 ст. пад уплывам драўлянага дойлідства ў М.ш.д. ўзнікла кампазіцыя шатровага храма на высокім падклеце (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532). Храмы 17 ст. складаныя па структуры, з надбудовамі, маюць маляўнічы абрыс (царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве, 1628—53). У 1690-я г. ў дойлідстве Масквы развівалася т.зв.нарышкінскае барока, заснаванае на выкарыстанні класічных арх. форм (цэрквы Пакрова ў Філях, 1694; Успення на Пакроўцы, 1699, арх. П.Патапаў). Храмы і палацы 17 ст. аздаблялі бел. майстры (гл.Беларуская рэзь).
Літ.:
Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 2. М., 1962.
Г.А.Лаўрэцкі.
Маскоўская школа дойлідства. Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры ў г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. 1476.Маскоўская школа дойлідства. Царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве. 1628—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТА́ЎР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.Радэн) і жывапісе (П.П.Рубенс, Ф.Салімена, А.Бёклін, Л.Карынт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ ПІЯ́РАЎ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Узведзены ў 1797—1825. На пабудову храма 5 тыс.руб. ахвяраваў Павел I. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны 8-гранным ліхтаром. Да асн. круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’ёмы: прытвор з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе і 2-павярховая сакрысція па восі ўсход—захад, невял. рызаліты з Пд і Пн. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам мураваныя 1-павярховы корпус кляштара (зачынены ў 1832) і 1-ярусная званіца. Касцёл у 1842 пацярпеў ад пажару, у 1863 пераабсталяваны пад правасл. царкву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,
помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.