АПТЫ́ЧНАЯ ВОСЬ,

1) напрамак у аптычна анізатропных крышталях, уздоўж якога святло праходзіць без падвойнага праменепераламлення.

2) Прамая, на якой размешчаны цэнтры ўсіх пераламляльных і адбівальных паверхняў, што ўтвараюць аптычную сістэму (лінзавую, люстраную або люстрана-лінзавую).

3) Вось сіметрыі пераламляльных паверхняў лінзы або адбівальнай паверхні люстэрка; праходзіць праз цэнтры крывізны паверхняў перпендыкулярна да іх.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКЕ́Т (ад франц. banquette лаўка) у тэхніцы, 1) невысокі земляны вал уздоўж верхняга краю дарожнай выемкі, які ахоўвае яе ад пашкоджання вадой.

2) Насып з друзу і камянёў, што ахоўвае берагі рэк і вадаёмаў ад размывання ці павышае ўстойлівасць стромкіх схілаў.

3) Узвышэнне або пляцоўка на судне для ўстаноўкі компасаў, дальнамераў і інш.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЛАНТЫ́ЧНЫ ВАЛ»,

сістэма доўгатэрміновых ваенных умацаванняў, створаных Германіяй у 1940—44 уздоўж еўрап. ўзбярэжжа ад Даніі да Іспаніі (даўж. больш за 4 тыс. км, буд-ва не было завершана). Уяўляў сабой лінейную (без эшаланіравання ўглыб) сістэму абарончых збудаванняў са слаба ўмацаванымі ўчасткамі. Быў прарваны англа-амер. войскамі ў чэрв. 1944 пры высадцы ў Нармандыі.

т. 2, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,

вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАЗА́НЬ-АЎТАРА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Алазань-Агрычайская даліна,

у Грузіі і Азербайджане, уздоўж паўд. падножжа В. Каўказа, па далінах рэк Алазань і Агрычай. Цягнецца на 200—225 км, шыр. ад 20 да 40 км, выш. да 450 м. Характэрны пераважна ўзараныя стэпы, дубовыя і альховыя лясы, сады. Грузінская ч. Алазань-Аўстрыйскай раўніны наз. Кахецінскай раўнінай. Раён вінаградарства.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. ўздоўж паўн.-ўсх. берагоў Паўд. Амерыкі, галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Т-ра вады 26—28 °C. Скорасць 1,8—2,3 км/гадз. Пачынаецца каля мыса Сан-Рокі (Бразілія) і накіроўваецца на ПдЗ уздоўж берагоў Гвіяны ў Карыбскае м., дзе злучаецца з паўд. патокам Паўд. Пасатнага цячэння.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́ЛЬ,

лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШКАШЫ́МСКІ ХРЫБЕ́Т У Заходнім Паміры, уздоўж правага берага р. Пяндж, у Таджыкістане; зах. ч. Шахдарынскага хр. Даўж. 95 км. Выш. да 6096 м (пік Маякоўскага). Складзены пераважна з гнейсаў, амфібалітаў і інш. Пераважае вышынны рэльеф. Ледавікі. На схілах горныя стэпы і пустыні, у глыбокіх далінах рэк трапляюцца зараснікі арчы. Тэрмальныя мінер. крыніцы. Бальнеалагічны курорт Гармчашма.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МАНЬ,

возера ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нёман, за 38 км на ПнЗ ад г. Стоўбцы, у паўд. ч. Налібоцкай пушчы. Пл. 0,92 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр 1,1 км. Схілы катлавіны спадзістыя, парослыя лесам. Уздоўж берагоў зарастае. Упадаюць р. Блюшка і меліярац. канал, выцякае р. Кроманка.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕФІ́Р,

1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з кручанай беленай пражы. Уздоўж асновы мае вузкія палоскі з патоўшчаных белых і тонкіх каляровых нітак, якія чаргуюцца паміж сабой і з белымі ніткамі. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву мужчынскіх кашуль.

2) Разнавіднасць пасцілы. Цукеркі шарападобнай ці прадаўгаватай формы, у параўнанні з пасцілой маюць больш пышную кансістэнцыю.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)