ДО́ЛЬНЫЯ АДЗІ́НКІ,

складаюць вызначаную частку (долю) ад устаноўленай адзінкі фізічнай велічыні. У Міжнар. сістэме адзінак (СІ) уведзены наступныя прыстаўкі для ўтварэння найменняў Д.а. (гл. табл.).

Напр., 10 ​3 м = 1 мм (міліметр), 10​−6 Дж = 1 мкДж (мікраджоўль), 10​−12 с = 1 пс (пікасекунда), 10​−18 Кл = 1 аКл (атакулон). Гл. таксама Кратныя адзінкі.

Дольнасць Прыстаўка Абазначэнне
бел. міжнар.
10​−1 дэцы д d
10​−2 санты с c
10​−3 мілі м m
10​−6 мікра мк μ
10​−9 нана н n
10​−12 піка п p
10​−15 фемта ф f
10​−18 ата а a

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБА́ЕЎСКІ РА́ДЫУС ЭКРАНАВА́ННЯ,

адлегласць, на якую распаўсюджваецца дзеянне электрастатычнага поля асобнай зараджанай часціцы ў праводзячым асяроддзі (растворы моцных электралітаў, плазма, цвёрдыя праваднікі). Уведзены П.Дэбаем пры даследаванні электролізу.

Д.р.э. залежыць ад уласцівасцей асяроддзя: канцэнтрацыі і абс. значэння зараду часціц, энергіі іх цеплавога руху (г.зн. ад т-ры). Калі крыніца эл. поля (зараджаная часціца) знаходзіцца ў асяроддзі, якое мае дадатныя і адмоўныя зарады, то з прычыны палярызацыі асяроддзя эл. поле крыніцы робіцца вельмі малым (экрануецца) на адлегласцях, большых за Д.р.э. Ён роўны каля 10​−8 см у металах, каля 10​−4 см у паўправадніках пры хатняй т-ры.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ СУПО́ЛЬНАСЦІ,

агульная назва трох узаемазвязаных рэгіянальных эканам. арг-цый: Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі (ЕАВС), Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі (Еўратам) і Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), утвораных у 1951—57. У сістэму Е.с. уваходзяць таксама інш. еўрап. інтэграцыйныя ін-ты (Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Фонд еўрапейскага рэгіянальнага развіцця і інш.). У 1965 паводле Брусельскага дагавора створаны адзіныя органы трох супольнасцей. З 1986 Е.с. выкарыстоўваюць уведзены ў 1955 Саветам Еўропы еўрап. сцяг, у 1972 ода «Да радасці» Л.​Бетховена на словы Ф.​Шылера зацверджана ў якасці еўрап. гімна. Паводле Маастрыхцкіх пагадненняў 1992 Е.с. сталі афіц. называцца Еўрапейскім саюзам.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сістэма мед. абслугоўвання сельскага насельніцтва ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Упершыню рэалізавала новую форму арганізацыі мед. дапамогі — тэр. ўчасткавасць. Разам з земскімі ўрачэбнымі ўчасткамі фарміраваліся земскія пав. і губ. бальніцы. Адкрываліся сельскія бальніцы і прыёмныя пакоі, у кожным павеце быў раз’язны ўрач, З павітухі, 7—9 фельчараў. На Беларусі ўведзена пасля стварэння земстваў (1911). У 1913 былі 164 сельскія ўрачэбныя ўчасткі, у якіх працавалі 844 земскія ўрачы. У 1917 уведзены пасады губ. і пав. земскіх сан. урачоў, ствараліся сан. земскія выканаўчыя камісіі, сан. папячыцельствы, мед.-статыст. бюро. Перастала існаваць пасля 1917.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНЫЯ АДЗІ́НКІ,

адзінкі, якія ў цэлы лік разоў большыя за ўстаноўленыя адзінкі фізічных велічынь. У Міжнар. сістэме адзінак (СІ) уведзены прыстаўкі для ўтварэння найменняў К.а. (гл. табл.).

Кратныя адзінкі

Напр., 10​3 = 1 км (кіламетр), 10​6 Гц = 1 МГц (мегагерц), 10​9эВ = 1 ГэВ (гігаэлектронвольт). Гл. таксама Дольныя адзінкі.

Кратныя адзінкі
Кратнасць Прыстаўка Абазначэнне
бел. міжнар.
10​1 дэка да da
10​2 гекта г h
10​3 кіла к k
10​6 мега М M
10​9 гіга Г G
10​12 тэра Т T
10​15 пета П P
10​18 экса Э E

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЙ ТЭ́ХНІКІ Засн. ў 1974 у Мінску на базе Мінскага з-да электронных выліч. машын (пабудаваны ў 1956—59 як з-д матэм. машын). З 1967 з-д электронных выліч. машын, з 1974 галаўное прадпрыемства гэтага аб’яднання. У 1974 уведзены ў дзеянне Мінскі з-д выліч. тэхнікі, у 1979 — Мінскі з-д вузлоў (па вытв-сці шматслойных друкаваных плат). Асн. прадукцыя (1999): электронныя АТС сям’і «Бэта», персанальныя камп’ютэры ВМ-2002, універсальныя ЭВМ «Мінск-9000», лічыльнікі ўліку цяпла і вады, касавыя апараты, быт. святлотэхн. прылады і інш.

Цэх наладкі ЭВМ на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛЯ́РНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў a і b, лік (скаляр), роўны здабытку модуляў гэтых вектараў, памножанаму на косінус вугла паміж імі. С.з. a→ b→ = a→ ∙ b→ = ( a→ , b→ ) = | a→ | | b→ | cos φ , дзе |a→| і |b→| — модулі вектараў a→ і b→, φ — вугал паміж імі. Напр., работа A пастаяннай сілы F→ пры перамяшчэнні S→ пункта яе прыкладання роўная A = F→ ∙ S→ . Паняцце С.з. абагульняецца на n-мерныя вектарныя прасторы, дзе з яго дапамогай вызначаюць паняцці модуля вектара, вугла паміж вектарамі, артаганальнасці і інш. С.з. уведзены У.​Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРЫТУАЛІ́ЗМ (франц. spiritualisme ад лац. spiritualis духоўны, spiritus душа, дух),

філасофскі кірунак, згодна з якім дух разглядаецца ў якасці першаасновы рэчаіснасці, асаблівай бесцялеснай субстанцыі, што існуе незалежна ад матэрыі. Як філас. тэрмін уведзены франц. філосафам 19 ст. В.​Кузэнам. У далейшым С. наз. шэраг школ у франц. і італьян. філасофіі 19—20 ст. (Э.​Бутру, А.​Разміні-Сербаці, Ш.​Рэнуўе, А.​Бергсон і інш.). Ў шырокім сэнсе да С. адносяцца ўсе рэліг. вучэнні, у аснове якіх вера ў існаванне Бога і бессмяротнасць душы, філас. кірункі старажытнасці і Новага часу, якія грунтуюцца на ідэі субстанцыянальнасці духоўнага пачатку.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ДЗЕНЬ,

прамежак часу ў сем сутак. Існуе амаль ва ўсіх календарах. Уведзены на Стараж. Усходзе. У 1 ст. н. э. запазычаны рымлянамі. 7 дзён Т. атаясамлівалі з вядомымі ў той час 7 планетамі. Субота была названа днём Сатурна, а наступныя па парадку — днём Сонца, Месяца, Марса, Меркурыя, Юпітэра, Венеры. Бел. назвы паказваюць парадак дзён на Т. пасля нядзелі (дня, калі «не дзелаюць», г. зн. не працуюць): панядзелак (адразу «па нядзелі»), аўторак (уторы, г. зн. другі), серада (сярэдзіна Т.), чацвер (чацвёрты), пятніца (пяты); выключэнне — субота [ад стараж.-яўр. сабат (шабаш) — адпачынак, канец працы).

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ДЭРЫК IX (Frederik; 11.3.1899, замак Зоргенфры каля Лінгбі, Данія — 14.1.1972),

кароль Даніі [1947—72]; контр-адмірал (1945). З дынастыі Глюксбургаў. Шмат разоў быў рэгентам у час хваробы свайго бацькі караля Крысціяна X [1912—47], у т. л. ў час крызісу 1942—43 у адносінах Даніі з ням.-фаш. акупантамі. Пры Ф. IX самакіраванне атрымалі Фарэрскія а-вы (1947), пачаўся працэс інтэграцыі Даніі ў зах. еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (Савет Еўропы, Еўрап. эканам. супольніцтва, НАТО і інш.). Падпісаў новую канстытуцыю, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. Пасля смерці Ф. IX дацкі прастол заняла яго дачка Маргрэтэ II.

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)