ЦЕПЛАТА́ ВЫПАРЭ́ННЯ, цеплата параўтварэння,

колькасць цеплаты, якую неабходна перадаць рэчыву ў раўнаважным ізабарна-ізатэрмічным працэсе (пры пастаянных ціску і т-ры) для поўнага ператварэння яго з вадкага стану ў газападобны; адзін з відаў цеплаты фазавага пераходу. Такая ж колькасць цеплаты вылучаецца пры кандэнсацыі пары ў вадкасць. Адрозніваюць удзельную і мольную (малярную) Ц.в., аднесеныя адпаведна да адзінкі масы і адзінкі колькасці рэчыва (1 моль); адзінкі Ц.в. ў СІ — джоўль на кілаграм і джоўль на моль адпаведна.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТА́ ПЛАЎЛЕ́ННЯ,

колькасць цеплаты, якую неабходна перадаць рэчыву ў раўнаважным ізабарна-ізатэрмічным працэсе (пры пастаянных ціску і т-ры) для поўнага ператварэння яго з цвёрдага крышт. стану ў вадкі; адзін з відаў цеплаты фазавага пераходу. Такая ж колькасць цеплаты вылучаецца пры крышталізацыі рэчыва з вадкай фазы. Адрозніваюць удзельную і мольную (малярную) Ц.п., аднесеныя адпаведна да адзінкі масы і адзінкі колькасці рэчыва (1 моль); адзінкі Ц.п. ў СІ — адпаведна джоўль на кілаграм і джоўль на моль.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́РКАСЦЬ у светлатэхніцы,

фізічная велічыня, якая характарызуе свячэнне крыніцы святла ў зададзеным напрамку.

Я. L элемента святлівай паверхні плошчай dS у якім-н. напрамку вызначаецца адносінамі сілы святла dI гэтага элемента ў дадзеным напрамку да плошчы праекцыі элемента на плоскасць, перпендыкулярную да дадзенага напрамку: L = dI/(dScos α) дзе α — вугал паміж нармаллю да элемента dS і зададзеным напрамкам. Адзінка Я. ў СІ — кандэла на квадратны метр. Гл. таксама Кандэла.

т. 18, кн. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сі́дка ‘гонка, выганка’ (бык., Яшк. Мясц.: сидка смолы и дегтю). Няясна. Магчыма, да сядзе́ць (гл.), што звязана з доўгім працэсам выганкі, тады з рус. си́дка ‘сядзенне’, паколькі зыходная форма з пачатковым сі‑, параўн. рус. сидеть, нехарактэрна для беларускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НО́ТЫ (ад лац. nota знак, заўвага) у музыцы, 1) умоўныя графічныя знакі, якія разам з дадатковымі абазначэннямі служаць для запісу музыкі паводле т.зв. лінейнай сістэмы (на нотным стане, або натаносцы). Кожная з сістэм натацыі ў мінулым мела свой комплекс Н., якія адрозніваліся асаблівай формай і назвамі (гл. Нотнае пісьмо). У сучаснай натацыі аснова ноты — т.зв. галоўка, круглая, або авальная, заштрыхаваная, т.зв. чорная, і незаштрыхаваная, т.зв. белая (𝅝 — цэлая нота). Ад галоўкі можа адыходзіць штыль — верт. рыса — уверх ад правага яе боку (𝅗𝅥 — палавінная) або ўніз ад левага (<SIGN>). На канцы штыля можа быць флажок, або хвосцік — просты, двайны, трайны (𝅘𝅥𝅮 — восьмая, 𝅘𝅥𝅯 — шаснаццатая, 𝅘𝅥𝅰 — трыццаць другая); канцы штыля замест хвосцікаў могуць злучацца папярочнымі рэбрамі (вязкамі) — адным, двума, трыма і інш. (<SIGN>,<SIGN>). Размяшчэнне галоўкі на нотным стане ў спалучэнні з прастаўленым у яго пачатку ключом абазначае вышыню ноты, тып галоўкі, наяўнасць штыля, наяўнасць і характар хвосціка — яе працягласць. Складовыя назвы Н. дыятанічнага гукарада: до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі (адпаведныя лац. абазначэнні — c, d, e, f, g, a, h). Для пазначэння храматычных гукаў (гл. Храматыка) да лац. літар дадаюць склады is — дыез, es — бемоль, напр., до дыез — cis (акрамя гука сі бемоль — лац. b).

2) Аркушы, сшыткі, кнігі з рукапісным або друкаваным запісам муз. твораў.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫНГІСХА́Н (уласнае імя Тэмуджын, Тэмучын; каля 1155, урочышча Дэлпун-Болдан на р. Анон, Манголія — каля 25.8.1227),

стваральнік першай агульнамангольскай дзяржавы. У 1184—1205 разграміў большасць інш. манг. князёў, падпарадкаваўшы сабе асн. плямёны. У 1206 на курултаі (з’ездзе) манг. знаці абвешчаны вял. ханам над усімі плямёнамі з тытулам «Ч.» (ад цюрк. ценгіз — акіян, мора). Выдаў збор манг. законаў (яса), якія рэгулявалі жыццё плямёнаў, стварыў цэнтралізаваную сістэму дзярж. улады, падзяліўшы плямёны на ваен.-адм. адзінкі («тысячы»), кожная з якіх павінна была выстаўляць тысячу конных воінаў. Ім было створана самае масавае і баяздольнае па тым часе войска. У знешняй палітыцы імкнуўся да пашырэння тэр. дзяржавы. У 1207 нападам на дзяржаву Сі-Ся паклаў пачатак мангольскім заваяванням у 13 ст. У 1207—11 падпарадкаваў Усх. Туркестан, у 1211—15 вёў вайну з чжурчжэнямі за валоданне Паўн. Кітаем, захапіў Пекін і інш. буйныя гарады. У 1219 пачаў вайну з Харэзмшахаў дзяржавай, нанёс ёй шэраг цяжкіх паражэнняў, захапіў Сярэднюю Азію. Памёр у час паходу супраць тангуцкай дзяржавы Сі-Ся. Незадоўга да смерці падзяліў заваяваныя землі паміж сваімі нашчадкамі (гл. Чынгісіды).

Літ.:

Кычанов Е.И. Жизнь Темучжина, думавшего покорить мир. М., 1973;

Чингис-хан. СПб., 1998;

Уолкер С.С. Чингизхан: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫ (Henry) Джозеф (17.12.1797, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 13.5.1878),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН і яе прэзідэнт у 1868—78. Вучыўся ў акадэміі ў Олбані (1819—22). З 1832 праф. Прынстанскага каледжа, з 1846 сакратар і дырэктар Смітсанаўскага ін-та ў Вашынгтоне. Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. Адкрыў з’яву самаіндукцыі (1832) і вагальны характар разраду кандэнсатара (1842). Упершыню (1828) пабудаваў магутныя электрамагніты і электрарухавік (1831). У яго гонар названа адзінка індуктыўнасці ў СІ — генры.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАН,

адзінка сілы (у т. л. сілы цяжару, вагі, падымальнай сілы) у Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар І.Ньютана. Абазначаецца Н. 1 Н роўны сіле, якая надае целу з пастаяннай масай 1 кг паскарэнне 1 м/с​2 у напрамку дзеяння сілы: 1 Н = 1 кг∙м/с​2. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: меганьютан (10​6 Н), кіланьютан (10​3 Н), міліньютан 10​−3 Н), мікраньютан 10​−6 Н) і інш.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯ́Н (ад лац. radius прамень, радыус),

адзінка плоскага вугла, вуглавой каардынаты, фазы ваганняў і інш. вуглавых велічынь у СІ; адносіцца да дадатковых адзінак гэтай сістэмы. Р. — безразмерная адзінка, таму можа выкарыстоўвацца ў інш. сістэмах адзінак. Абазначаецца рад. 1 рад роўны вуглу паміж двума радыусамі акружнасці, даўжыня дугі паміж якімі роўная радыусу: 1 рад ≈ 57°17′45". Вуглы ў 30°, 45°, 60°, 90° роўныя адпаведна π/6, π/4, π/3, π/2 рад. Выкарыстоўваецца пераважна ў тэарэт. разліках.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТА́ ЗГАРА́ННЯ паліва, каларыйнасць, цеплатворная здольнасць,

колькасць цеплаты, якая вылучаецца пры поўным згаранні паліва. Залежыць ад хім. саставу паліва. Адрозніваюць Ц.з. ніжэйшую — без уліку цеплаты, якая затрачваецца на выпарэнне вады, што ўтрымліваецца ў паліве ці ўтвараецца пры яго згаранні, і вышэйшую — з улікам гэтай цеплаты. Ц.з., аднесеная да адзінкі масы (для цвёрдага паліва) ці аб’ёму (для газу) паліва, наз. ўдзельнай Ц.з., вымяраецца метадамі каларыметрыі. Адзінка Ц.з. ў СІ — джоўль, удзельнай Ц.з. — джоўль на кілаграм ці джоўль на кубічны метр.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)