ВАЛАСНО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,

выканаўчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзена ў 1797 для дзярж. сялян. Пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. выбіралася валасным сходам на 3 гады. Валасное праўленне ўзначальваў валасны старшына (галава). На Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве валасныя праўленні перасталі існаваць у сувязі са скасаваннем тут валасцей паводле названай рэформы. Пасля сялянскай рэформы 1861 дзейнічалі на землях б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. — і б. дзярж. сялян. Выконвалі абмежаваныя функцыі. 3.6.1917 скасаваны разам з валаснымі сходамі Часовым урадам.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1648—50,

выступленне сялян і гараджан у вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Пачалося 13.10.1648 выступленнямі сялян вёсак Будымлі, Бухлічы, Варані, Векаровічы, Старое Сяло, Струга, гараджан Давыд-Гарадка, мяст. Гарадзец. Паўстанцы на чале з войтам Давыд-Гарадка І.Багдашэвічам (выбраны палкоўнікам) стваралі атрады на казацкі ўзор. У кастр. — снеж. 1648 паўстанне ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую вол. і суседнюю ч. Пінскага пав. Сяляне грамілі маёнткі феадалаў, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў і інш. Паўстанне працягвалася больш за 2 гады, задушана войскамі Рэчы Паспалітай.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

першая буйная бітва ў час паўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.​Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс. сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.​П.​Тармасава (каля 3 тыс. чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Слабада́ 1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́ 2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гра́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго-што.

Сілай забіраць чужое дабро; рабаваць. Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес. «Весці». // Разм. Разараць паборамі, узяткамі. Дваранскія камітэты прама грабілі сялян пры дапамозе царскага ўрада. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрпеля́цыя, ‑і, ж.

Спецыяльны запыт дэпутата (дэпутатаў) парламента ўраду або міністру, па якім пасля спрэчак прымаецца рашэнне. Беларуская сялянска-работніцкая грамада падала ў польскі сейм інтэрпеляцыю пра катаванні і пабоі трох арыштаваных дэфензівай сялян у Саколцы. Дубоўка.

[Ад лац. interpellatio — перапыненне прамовы; скарга перад судом.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карыста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. карыстацца (у 1 знач.). Зручны для карыстання. Месцы агульнага карыстання. □ — У дакуменце павінна быць напісана, што памешчык Абхазава адмаўляецца ад карыстання лесам і лугам, якія ён захапіў у сялян Сабакучава. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непаме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца вымярэнню; вельмі вялікі, празмерны. Непамернае гора. Непамерны цяжар. □ Раптам самалёт з непамернай вышыні вопрамеццю пачаў падаць на зямлю. Чарот. Вёску падпалілі немцы за супраціўленне сялян цяжкім непамерным падаткам і кантрыбуцыям. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціву́н, ‑а, м.

Гіст. Назва розных службовых асоб у Расіі 10–17 стст. // Наглядчык за працай сялян у памешчыка ў часы прыгону. А ў Яносіка нічога з сабой не было; Цівуны ўсё адабралі, Усё агнём пайшло. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)