МА́ЛЬЦАЎ Леанід Сямёнавіч (н. 29.8. 1949),

с. Вяценеўка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1994). Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча (1971), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1979) і Генштаба (1992). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Групе сав. войск у Германіі, з 1979 у Далёкаўсх. ваен. акрузе. З 1992 1-ы нам. каманд. 28-й арміяй, з 1993 камандзір 28-га армейскага корпуса. З 1994 нач. Гал. штаба Узбр. Сіл — нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. У 1995—97 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1997 1-ы нам. нач. штаба па каардынацыі ваен. супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ (International Civil Aviation Organization; ІКАО),

спецыялізаваная ўстанова AAH, якая займаецца арганізацыяй і каардынацыяй міжнар. супрацоўніцтва дзяржаў па ўсіх аспектах дзейнасці грамадзянскай авіяцыі. Створана паводле Канвенцыі аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі 1944, пачала дзейнічаць з 1947. На 1.1.1997 членамі ІКАО з’яўляліся 183 дзяржавы (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1993). Мэты ІКАО: распрацоўка прынцыпаў і метадаў міжнар. аэранавігацыі, садзейнічанне планаванню і развіццю міжнар. паветранага транспарту, удасканаленне лётна-тэхн. правіл, забеспячэнне бяспекі палётаў. Сакратарыят ІКАО на чале з гал. сакратаром з’яўляецца пастаянным органам, які забяспечвае работу вышэйшага органа — Асамблеі і яе Савета. Месцазнаходжанне штаб-кватэры ІКАО — г. Манрэаль (Канада).

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСКО́ Андрэй Васілевіч (н. 7.6.1940, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Канд. с.-г. н. (1974). Скончыў БСГА (1967). З 1967 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па сартавой агратэхніцы яравой і азімай пшаніцы, селекцыі азімай пшаніцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Некоторые аспекты в мутационной селекции озимой пшеницы (разам з І.​К.​Копцікам) // Пути повышения урожайности полевых культур. Мн., 1983. Вып. 14;

Вынікі супрацоўніцтва па селекцыі азімай пшаніцы паміж Беларускім НДІ земляробства і Інстытутам селекцыі раслін у Гюльцаў-Гюстрове (разам з І.​К.​Копцікам, В.​А.​Пятух) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1991. № 4.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАСО́ВІЧ Уладзімір Данілавіч (16.1.1829, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —26.10.1906),

юрыст, публіцыст, літаратуразнавец. Пісаў на рус. і польскай мовах. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т (1849). У 1857—61 праф. права Пецярбургскага ун-та. Працаваў адвакатам у Пецярбургу і Варшаве. Аўтар прац па крымін. праве, гісторыі міжнар. права, польскім і еўрап. рамантызме, рус.-польскіх літ. сувязях. Заклікаў да рус.-польскага збліжэння і супрацоўніцтва. Навук. праны С. прасякнуты гуманізмам, павагай да асобы чалавека, да чужых думак і перакананняў.

Тв.:

Соч. Т. 1—10. 2 изд. СПб., 1913;

Pisma. T. 1—9. Peterburg, 1892—1908.

Літ.:

Кони А.Ф. В.Д. Спасович // Собр. соч. М., 1968. Т. 5.

т. 15, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД МІ́РУ,

грамадская міратворчая арганізацыя. Створаны ў сак. 1972 на 2-й Усебел. канферэнцыі прыхільнікаў міру як Бел. рэсп. камісія садзейнічання Савецкаму фонду міру, пазней пераўтворана ў бел. аддзяленне Савецкага фонду міру. У жн. 1991 створаны Б.ф.м. Гал. яго мэты — умацаванне міру, дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі, прапаганда і ажыццяўленне ідэй міру і гуманізму. Асн. задачы — пашырэнне і паглыбленне міжнар. супрацоўніцтва на карысць дэмакратыі і прагрэсу, ажыццяўленне праграмы нар. дэмакратыі, развіццё кантактаў у галіне навукі, адукацыі, культуры і спорту, дапамога ахвярам тэхнагенных катастроф, стыхійных бедстваў і інш. Старшыні Б.ф.м. — З.​І.​Азгур (1972—91) і М.​Ф.​Ягораў (з 1991).

М.​Ф.​Ягораў.

т. 18, кн. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫРВА́НАЎ Георгі (н. 27.6.1957, с. Сірыштнік, Балгарыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Балгарыі, гісторык. Канд. гіст. н. (1988). У палітыцы з 1991. Чл. Вышэйшага савета і нам. старшыні (з 1994), старшыня (з 1996) Балгарскай сацыяліст. партыі, якую імкнецца мадэрнізаваць і рэфармаваць у с.-д. духу. У 1997 адмовіўся ад прапановы ўзначаліць урад, потым узначальваў у Нар. сходзе (парламенце) левую дэпутацкую групу «Кааліцыя за Балгарыю». Са студз. 2002 4-ы прэзідэнт Балгарыі. Пацвердзіў ранейшы курс краіны на ўступленне ў НАТО і Еўрап. саюз, адначасова выказаўся за аднаўленне супрацоўніцтва з Расіяй і Украінай. Аўтар прац па гісторыі Балгарыі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,

гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц. г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б. СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г. найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.

В.​В.​Брыгадзіна, Н.​С.​Іванова.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

атланты́зм

(ад лац. Mare Atlanticum = Атлантычны акіян)

ідэалогія і палітыка цеснага супрацоўніцтва і саюзу краін Зах. Еўропы, ЗША і Канады (што прымыкаюць да Атлантычнага акіяна); найбольш поўнае адлюстраванне знайшла ў дзейнасці Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ (БСП),

грамадская некамерцыйная арг-цыя. Створана ў 1991 як Саюз прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь, з 1995 — БСП. Уключае каля 500 правадзейных (акц. т-вы, малыя прадпрыемствы, вытв. і камерц. фірмы, кааператывы і інш.) і больш за 15 тыс. асацыіраваных членаў, у т. л. Асацыяцыю дзелавога супрацоўніцтва «Гарант» (створана ў 1989, аб’ядноўвае каля 50 устаноў, прадпрыемстваў, фірмаў і арг-цый дзярж. і недзярж. формаў уласнасці). Гал. мэты: абарона інтарэсаў прадпрымальнікаў у вышэйшых заканад., выканаўчых, суд. органах, у органах мясц. самакіравання; інфарм.-даведачнае абслугоўванне; юрыд. паслугі і прававая ахова; рэклама прадпрыемстваў і іх прадукцыі; стварэнне рабочых месцаў і дадатковых крыніц фарміравання бюджэту; залучэнне замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі. Створаны (1992) Бел. фонд фін. падтрымкі прадпрымальнікаў.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)