ЛЕ́КАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, што выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі ў лекавых або прафілактычных мэтах. Больш за 10 тыс. відаў. На Беларусі больш за 130 відаў. Дзейныя рэчывы (алкалоіды, гліказіды, вітаміны, флаваноіды і інш.) Л.р. аказваюць фізіял. ўздзеянне на арганізм чалавека і жывёл ці маюць біял. актыўнасць да ўзбуджальнікаў розных захворванняў. Падзяляюцца на сардэчна-сасудзістыя, кроваспыняльныя, заспакаяльныя, жаўцягонныя, слабільныя, патагонныя, мачагонныя, вяжучыя, адхаркавальныя і інш. Выкарыстоўваюцца таксама ў харч., парфумернай, лакафарбавай, металургічнай прам-сці.

Літ.:

Мурох В.И., Стекольников Л.И. Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985;

Шмярко Я.П., Мазан І.П. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТМІ́ЧНАЯ ГІМНА́СТЫКА,

комплексы фізічных практыкаванняў, якія выконваюцца пад музыку; разнавіднасць аздараўленчай гімнастыкі. Узнікла ў ЗША у 1960-я г., у Расіі і Беларусі — з сярэдзіны 1970-х г. Заняткі Р.г. павышаюць жыццёвы тонус, разумовую і фіз. працаздольнасць, запавольваюць працэс старэння, паляпшаюць работу сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, абмен рэчываў, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі, супраціўляльнасць арганізма неспрыяльным уздзеянням, спрыяюць захаванню сілы, гнуткасці і прыгажосці цела.

Пры складанні комплексаў Р.г. ўлічваюцца ўзростава-палавыя асаблівасці, узровень фіз. падрыхтаванасці. Выкарыстоўваюцца агульнаразвівальныя практыкаванні і танц. рухі пад музыку, якая задае тэмп, рытм рухаў і фіз. нагрузку. Гл. таксама Аэробіка.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 6.8.1949, г. Гродна),

бел. вучоны ў галіне кардыяхірургіі. Д-р мед. н. (1982), праф. (1986). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). У 1979—93 у Бел. НДІ кардыялогіі (заг. лабараторыі, з 1981 заг. аддзела, з 1988 нам. дырэктара). Навук. працы па пытаннях сардэчна-сасудзістай хірургіі, ішэмічнай хваробы сэрца, хірург. лячэнні набытых заган сэрца, устаноўцы штучных кардыястымулятараў. З 1993 жыве за мяжой.

Тв.:

Заболевания артерий и вен конечностей (разам з І.​М.​Грышыным) // Справочник хирурга. Мн., 1980;

Клиническая ангиология и ангиохирургия. Ч. 1—2. Мн., 1980—81 (з ім жа).

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТЭРМА́Н (Лазар Якаўлевіч) (кастр. 1894, г. Мазыр Гомельскай вобл. — кастр. 1941),

бел. вучоны ў галіне медыцыны. Д-р мед. н., праф. (1933). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Юр’еўскі ун-т (1916). З 1916 ваен. ўрач, з 1921 гал. ўрач цэнтр. паліклінікі Мінска, у 1923—30 асістэнт тэрапеўт. клінікі мед. ф-та БДУ, з 1931 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па пытаннях этыялогіі, клінікі і лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тк.: Расстройства ритма сердца; Этиогенез, клиника и терапия. Ми., 1935; Инфаркт миокарда. Мн., 1938; Сборник клинических рецептов пропедевтической терапевтической клиники Минского мед. ин-та. Мн., 1939.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сардэ́чнік ​1, ‑а, м.

Разм.

1. Чалавек, хворы на сэрца.

2. Урач, спецыяліст па хваробах сэрца.

сардэ́чнік ​2, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая меданосная расліна сямейства губакветных, якая ўжываецца ў медыцыне пры сардэчна-сасудзістых і нервовых захворваннях.

сардэ́чнік ​3, ‑а, м.

Унутраная частка апаратаў, прылад і пад. Жалезны сардэчнік. // Стрыжань, які ўводзіцца куды‑н. для змацавання частак. Сардэчнік троса. // Унутраная частка электрамагніта, індуктара. Сардэчнік генератара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРЖО́МІ,

горны бальнеакліматычны курорт у Грузіі. За 150 км ад Тбілісі ў Баржомскай цясніне ў даліне р. Кура. Засн. ў 1922. Субтрапічны клімат з мяккай маласнежнай зімой, цёплымі, сонечнымі летам і восенню. Шматлікія штучныя крыніцы і прыродныя выхады вуглякіслых мінер. водаў (на лячэнне выкарыстоўваюцца з 19 ст., значныя аб’ёмы экспартуюцца). Кліматычнае (аэрагеліятэрапія з чэрв. да канца кастр.) і бальнеалагічнае лячэнне хворых з расстройствамі функцый страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, абмену рэчываў і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Больш як 100 санаторыяў, пансіянатаў і гасцініц, турысцкія і інш. базы адпачынку і экскурсійнага абслугоўвання, паветрана-канатная дарога, шматлікія арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., паблізу Баржомскі запаведнік.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́НКЕНБУРГ (Blankenburg am Harz),

гразекліматычны курорт у Германіі. На ПдЗ ад г. Магдэбург у адгор’ях гор Гарц. Як цэнтр адпачынку і турызму (у т. л. міжнароднага) вядомы з 19 ст., як курорт развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Умерана кантынент. клімат з мяккай зімой і цёплым Летам, вял. масівы лісцевых лясоў, ахаванасць курорта ад вятроў, тарфяныя гразі, маляўнічыя ландшафты спрыяюць эфектыўнаму лячэнню хвароб апорна-рухальнай, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. У Блакенбургу і паблізу аб’екты турызму: арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., помнік прыроды «Чортава сцяна», стромая скала Рэгенцгтайн з рэшткамі замка 12 ст., гара Брокен (паводле герм. легенды — месца збору ведзьмаў у Вальпургіеву ноч), музеі і інш.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГРА,

горад у Абхазіі, Рэспубліка Грузія; порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Харч. прам-сць. Рэшткі крапасных сцен, трохцаркоўная базіліка 6—7 ст. адноўлены ў 19 ст. Прыморскі клімата- і бальнеалагічны курорт. Развіваецца з 1903; набыў вядомасць як «руская Рыўера». Найб. інтэнсіўна пачаў забудоўвацца пасля Вял. Айч. вайны. Самы цёплы курорт Усх. Еўропы са спрыяльнымі ўмовамі для лячэння сардэчна-сасудзістых, нерв. і лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання) хвароб. Кліматалячэнне (аэрагелія- і таласатэрапія), гразевае (на базе радовішчаў мясц. сапрапелевых і тарфяных гразей) і бальнеалагічнае (крыніцы тэрмальных мінер. вод, штучныя радонавыя і вуглякіслыя ванны) лячэнне спадарожных захворванняў органаў апоры і руху, скуры, гінекалагічнай сферы. Дзесяткі санаторыяў і пансіянатаў.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́СКІНІНКАЙ (Druskininkai),

гораду Літве, на р. Нямунас (Нёман). Вядомы з 1635, да 1939 наз. Друскенікі. 21,8 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Суднаходства па р. Нёман да Гродна.

Бальнеагразевы і кліматычны курорт. Першыя купальні пабудаваны ў 1837. Мяккі клімат з цёплым летам, мясц. мінер. воды і тарфяныя гразі — асн. лек. фактары пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані і жоўцевых шляхоў, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), органаў апоры і руху, гінекалагічных, абмену рэчываў. У Д. каля 10 санаторыяў (у т. л. санаторый «Беларусь»), пансіянаты, бальнеагразелячэбніца, пітная галерэя, аэрасалярыі, каскадныя купальні і інш. Мемар. музей М.К.Чурлёніса, музей лесу, ландшафтны заказнік у даліне Рэйгардас.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)