Галашчо́к ’моцны мароз’ (Шат., Яшкін), таксама ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.), ’першы лёд на балоце, на рацэ’, ’мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі’, ’адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота’ (гл. у Яшкіна, там і геаграфія слова). Сустракаецца і форма галашчо́ка (Яшкін). Аналагічныя словы ёсць у іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. голоще́к ’галалёдзіца; чысты тонкі лёд без снегу’, укр. голощі́к, голощо́к ’галалёдзіца; лёд, непакрыты снегам’. Можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць вобраз: ’голыя, замёрзлыя шчокі’, ’шчокі непакрытыя, таму замёрзлыя’. Усе іншыя значэнні другасныя, узніклі пры дапамозе метафарызацыі. Гэта асабліва адносіцца да розных назваў рэльефу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́йдуб 1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра 1 ’кастра’.
Ка́йдуб 2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГО́РНЫ ХРЫБЕ́Т,
лінейна выцягнутая горная форма рэльефу са схіламі, павернутымі ў процілеглыя бакі. Характэрна значная даўжыня і добра выражаная вось, пераважна ў выглядзе лініі водападзелу, уздоўж якой знаходзяцца найб. значныя вяршыні (гл. Горны грэбень). Вось хрыбта, у залежнасці ад асаблівасці развіцця і літалагічнага складу горных парод можа мець вастраверхую, купалападобную ці плоскавяршынную форму. Ад суседніх хрыбтоў аддзяляецца горнымі далінамі, унутрыгорнымі катлавінамі. Тэрмін «хрыбет» можа ўваходзіць у назву вял. горнай краіны, якая мае некалькі асобных хрыбтоў (напр., Верхаянскі хр., хр. Чэрскага ва Усх. Сібіры, Аляскінскі хрыбет у Паўн. Амерыцы).
т. 5, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФЕКО́Н (ад графа... + грэч. eikōn відарыс),
тып запамінальнай электронна-прамянёвай трубкі з 2 электроннымі пучкамі (запісвальным і счытвальным). Відарыс запісваецца ў выглядзе патэнцыяльнага рэльефу на дыэлектрычнай мішэні, нанесенай на эл.-праводную падкладку (сігнальную пласціну). Запіс і счытванне інфармацыі могуць адбывацца адначасова і незалежна. Колькасць цыклаў счытвання дасягае некалькіх тысяч (пры аднаразовым запісе); раздзяляльная здольнасць — да 1200 радкоў. Запіс (без счытвання) на мішэні можа захоўвацца на працягу некалькіх сутак і больш. Выкарыстоўваецца для ўзаемнага пераўтварэння відарысаў: радыёлакацыйнага ў тэлевізійны, з аднаго тэлевізійнага стандарта ў другі і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,
пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс. км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш. формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.
т. 6, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЖА АКІЯ́НА адзін з галоўных элементаў рэльефу і геал. структуры дна Сусв. акіяна. Займае самы нізкі
(акрамя акіянічных жалабоў) узровень зямной паверхні. Глыб. ад 4 тыс. м да 7 тыс. м паміж мацерыковым падножжам і сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі. Пл. больш за 185 млн. км² Складаецца з зямной кары акіянічнага тыпу, адрозніваецца слабым праяўленнем вулканізму і сейсмічнасці, малымі скорасцямі верт. рухаў (гл. Таласакратон). У рэльефе пераважаюць плоскія акумулятыўныя і складанарасчлянёныя ўзгорыстыя раўніны (гл. Абісальныя раўніны),
якія падзелены падняццямі розных тыпаў (асобныя вулканічныя горы і ланцугі гор, шырокія скляпеністыя і блокавыя ўзвышэнні).
т. 9, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
горная сістэма на ПнЗ Канады, частка ўсх. пояса Кардыльер Паўн. Амерыкі. Абмежавана р. Піл на Пн і р. Саўт-Нахані на Пд. Даўж. каля 700 км. Выш. да 2469 м. Складзена пераважна з асадкавых парод. Ледавіковыя формы рэльефу. Характэрны востраканцовыя вяршыні і стромкія скалістыя схілы, расчлянёныя трогавымі далінамі. На схілах бяруць пачатак шматлікія прытокі р. Макензі. Расліннасць: таежныя яловыя лясы, рэдкалессе (да выш. 1200—1500 м), горныя тундры. Нац. парк Нахані (пл. 476,5 тыс. га, засн. ў 1972), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Названа ў гонар А.Макензі.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць фізіка-геагр. ўмовы геал. мінулага: размеркаванне сушы і мора, рачную і азёрную сетку, характар рэльефу мацерыкоў і ложа акіянаў, пашырэнне зледзяненняў, становішча межаў прыродных зон і г.д. Выкарыстоўваюцца для прагнозу карысных выкапняў, планавання і правядзення геолага-пошукавых работ, навук. мэт і інш. Вылучаюць П.к. адпаведных перыядаў, эпох і інш. раздзелаў геахраналагічнай шкалы, палеатэктанічныя, палеагеамарфалагічныя, палеакліматычныя, палеабатанічныя і інш. Для тэр. Беларусі складзены П.к. розных тэматык для многіх геал. эпох і больш дробных адрэзкаў геал. часу. Гл. таксама Палеагеаграфія.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
марфаструкту́ры
(ад гр. morphe = форма + структура)
буйныя формы рэльефу зямной паверхні (нізіны, раўніны, плато, горныя кражы і інш.), асноўныя рысы якіх абумоўлены эндагеннымі працэсамі пры ўзаемадзеянні з экзагеннымі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
марфагене́з
(ад гр. morphe = форма + -генез)
1) працэс узнікнення і развіцця форм рэльефу зямной паверхні;
2) узнікненне і развіццё органаў і частак арганізма ў час яго індывідуальнага развіцця (антагенезу).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)