АЛГО́НКІН (Algonquin),

правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс. га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДЗЕ́Я (ludaia),

старажытнарымская правінцыя на тэр. Паўд. Палесціны ў 6—41 і з 44 н.э. Цэнтр — г. Іерусалім. Пасля падзелу ў 4 да н.э. былога царства Ірада 7 у І. правіў яго сын Архелай, адхілены рымлянамі ад улады. Верагодна, І. падпарадкоўвалася рым. намесніку Сірыі, але мела ўласнага пракуратара з шырокімі паўнамоцтвамі. Мясц. духавенства мела абмежаваную суд. ўладу. У 41—44 І. ў складзе царства Ірада Агрыпы I, але потым зноў перададзена пад кіраванне пракуратараў. Тэрор і злоўжыванні рым. улад прывялі да ўсеагульнага нар. паўстання (гл. Іудзейская вайна 66—73), пасля задушэння якога І. страціла аўтаномію.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РСІЯ (Murcia),

гістарычная вобласць і сучасная правінцыя на ПдУ Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м. Пл. 11,3 тыс. км². Нас. 1038 тыс. ж. (1992). Гал. горад — Мурсія. Рэльеф пераважна горны, выш. асобных хрыбтоў 1300—1700 м. Па даліне р. Сегура — Мурсійская нізіна. М. — аграрна-індустр. вобласць. Важны раён паліўнога земляробства, які спецыялізуецца на вырошчванні субтрапічных (пераважна цытрусавых) культур і шаўкаводстве. На непаліўных землях пасевы ячменю і пшаніцы. Прам-сць: каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку), нафтаперапрацоўка, хім. (серная к-та, азотныя ўгнаенні), суднабудаванне і суднарамонт, харч., шаўковая, гарбарна-абутковая, баваўняная; вытв-сць абсталявання для кансервавай прам-сці. Буйны марскі порт — Картахена.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЁХА, Ла-Рыёха (La Rioja),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі. Пл. 5 тыс. км². Нас. каля 300 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — г. Лагроньё. Размешчана ў перадгор’ях Пірэнеяў (на Пн) і Іберыйскіх гор (на Пд); у цэнтр. ч. даліна р. Эбра. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. Захаваліся ўчасткі вечназялёных дубовых лясоў з удзелам хваёвых лясоў і хмызнякоў. У гарах дубовыя лясы. Раён вінаградарства і вінаробства. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, гародніну. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць пераважна харч., тэкст., дрэваапрацоўчая. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Турызм.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дацы́т

(ад лац. Dacia = рымская правінцыя на тэрыторыі сучаснай Румыніі)

эфузіўная горная парода, складзеная са шклістай або часткова раскрышталізаванай асноўнай масы і парфіравых украпванняў (плагіяклазу, біятыту, кварцу і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРАСТО́ЎСКІ В. (сапр. Хвашчынская Надзея Дзмітрыеўна; 1.6.1824, Пронскі пав. Разанскай губ., Расія — 20.6.1889),

руская пісьменніца. Друкавалася з 1842. У вершах 1840-х г. (апубл. пад прозвішчам Хвашчынская) праявіліся грамадз. матывы і тэндэнцыі. Аўтар трылогіі «Правінцыя ў былыя гады» (1853—56), раманаў «Выпрабаванне» (1854), «Барытон» (1857), «Сустрэча» (1860), «Вялікая Мядзведзіца» (1870—71) і інш., аповесцяў «Ганна Міхайлаўна» (1850), «Вясковы выпадак» (1853; у вершах), «Вясковая гісторыя» (1855), «Братка» (1858), «Дамашняя справа» (1864), «Першая барацьба» (1869), «Абавязкі» (1885—86) і інш. У яе творчасці адчувальны ўплыў пісьменнікаў-дэмакратаў, блізкіх да М.​Г.​Чарнышэўскага. Выступала як літ. крытык.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1984.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КІЯ (грэч. Lykia),

старажытная краіна на Пд М. Азіі. У 1-м тыс. да н.э. заселена лікійцамі, якія да асіміляцыі грэкамі (3 ст. да н.э.) размаўлялі на адной з хета-лувійскіх моў і карысталіся да 5—4 ст. да н.э. літарным пісьмом. З 546 да н.э. пад уладай персаў, у канцы 4 ст. да н.э. ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У 295 да н.э. падпарадкавана Пталамеямі. У 197 да н.э. заваявана Антыёхам III, пасля перамогі над якім рымляне перадалі Л. Радосу. Пасля шматлікіх паўстанняў у 169 да н.э. лікійцы дамагліся незалежнасці ад Радоса, атрымалі аўтаномію ў складзе Рым. дзяржавы. З 43 да н.э. рым. правінцыя.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРТО́РЫЙ Квінт (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),

рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог над рым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́НТРАП (ад позналац. Sina Кітай + грэч. anlhrōpos чалавек),

прадстаўнік найстаражытнейшых выкапнёвых людзей (гл. Архантрапы), рэшткі касцей якога знойдзены ў 1927 у кар’еры Чжаўкаўдзянь (45 км на ПнЗ ад г. Пекін). У параўнанні з пітэкантрапам С. меў больш высокія лоб і скляпенне чэрапа (аб’ём 1040 см³). У 1933 выкапнёвыя рэшткі чалавека і 3 чарапы, якія добра захаваліся, выяўлены ў т.зв. Верхняй пячоры. Побач знойдзены ўпрыгожанні са свідраваных зубоў жывёл, ракавін і каменю. Гэтыя рэшткі належаць чалавеку сучаснага тыпу. У 1963 у пав. Ланцьян (правінцыя Шэньсі) знойдзена ніжняя сківіца, паводле якой вылучаюць больш стараж. від С. — ланцьянскі. Узрост большасці знаходак 460—230 тыс. гадоў.

Сінантрап. Рэканструкцыя.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)