ЛІСІ́ЦЫН (Пётр Сцяпанавіч) (н. 9.3. 1927, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Латвійскі ун-т (1955). Працаваў у Рызе. З 1968 у Гродне, у 1978—85 упаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Гродзенскай вобл. Друкуецца з 1962. Піша на рус. мове. Аўтар кніг Прозы «Лютаўскі шарпак» (1978), «Росныя травы» (1981), «Трое розных» (1985), у якіх адлюстроўвае партыз. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, паказваючы складаны ўнутр. свет герояў у драм. сітуацыях.
т. 9, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНКЕРТО́Н (Pinkerton) Роберт, англійскі падарожнік 1-й пал. 19 ст., агент брытанскага біблейскага т-ва. У 1816 і 1822 наведаў Беларусь, пабываў у Барысаве, Вільні, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Шклове. У 1816 заснаваў у Віцебску Беларускае біблейскае т-ва. У 1833 у Лондане выдаў свае ўспаміны «Расія: або рознабаковыя назіранні аб мінулым і сучасным стане краіны і яе насельнікаў» (раздзелы 3—5 прысвечаны Беларусі). Вял. ўражанне зрабілі на яго Полацк, Віцебск і Магілёў.
т. 12, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЦІ́ЦКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Размешчаны за 500 м на ПдЗ ад в. Свяціца Полацкага р-на Віцебскай вобл., каля шашы Лепель—Полацк. Чырвона-буры граніт рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,95 м, шыр. 2,3 м, выш. 1,55 м, у абводзе 9,9 м, аб’ём 7,5 м³, маса бачнай часткі каля 20 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Карэльскага перашыйка.
В.Ф.Вінакураў.
т. 14, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫ́ЛЬЧЫК (Валянцін Вячаслававіч) (8.12.1935, г. Полацк — 13.1.1993),
хімік-арганік. Д-р хім. н. (1986), праф. (1987). Засл. вынаходнік СССР (1992). Засл. дз. нав. Чувашыі (1992). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Бел. тэхнал. Ін-це і Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. З 1969 у Чувашскім ун-це. Навук. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў і іх сінт. аналагаў. У супрацоўніцтве з бел. вучонымі атрымаў новыя біялагічна актыўныя прэпараты (пестыцыды) і даследаваў іх эфектыўнасць.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 2, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАЎНА,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 34 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Пл. вадазбору 12,45 км².
Схілы катлавіны выш. 10—15, пясчаныя і супясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя пад хмызняком, на З месцамі сплавінныя. Дно плоскае. У возера ўпадаюць 5 ручаёў, на У выцякае ручай з воз. Жадунь.
т. 3, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЮЧЭ́НКА (Пётр Васілевіч) (н. 15.2.1959, г. Полацк),
бел. празаік, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыў БДУ (1981). З 1984 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1979. Даследуе спадчыну класікаў бел. л-ры (Я.Купалы, М.Гарэцкага, А.Мрыя і інш.), творчасць сучасных празаікаў і драматургаў. Выдаў манаграфіі «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995). Піша навелы і прыпавесці, казкі і апавяданні для дзяцей (зб. «Белы мурашнік», 1993).
т. 4, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЯРО́ВІЧ (Навум Якаўлевіч) (н. 14.1.1948, г. Полацк),
бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.
І.Д.Сіпакоў.
т. 4, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.
т. 6, с. 188
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ТУНЬ,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 34 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,28 км², даўж. 840 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 14,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на З пад хмызняком. Дно плоскае, уздоўж берагоў выслана пяском і глеямі, глыбей — сапрапелямі. Зарастае. У возера ўпадае ручай з воз. Чэрмісца, выцякае ручай у р. Палата.
т. 6, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖБАНКО́ВА (Інеса Іванаўна) (н. 7.3.1933, г. Полацк),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1978), праф. (1982). Скончыла БДУ (1955). У 1955—79 працавала ў Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1979 у БДУ (у 1979—87 заг. кафедры філасофіі, з 1992 — сацыялогіі). Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства, тэорыі і метадалогіі навукі, сацыялогіі.
Тв.:
О развитии в неорганической природе. Мн., 1964;
Проблема взаимодействия. Мн., 1971;
Философские принципы в научном познании. Мн., 1974;
Социальное действие. Мн., 1980 (у сааўт.).
т. 6, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)