ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ЦЫЯ,
праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДВО́Р’Е,
стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.
т. 11, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пні, пнеўе, пяюхі, ппушкі, пташкі ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (круп., Нар. сл.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Юрч. СНЛ; ЛА, 1). У выніку семантычнага пераносу з пень ’пень’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
каро́мысел, ‑ела, м. і каро́мысла, ‑ела, н.
1. Драўляная дуга з выемкамі або кручкамі на капцах для пераносу на плячах вёдзер і інш. грузаў. Я ішоў напярэймы чалавеку, які, не спяшаючыся, нёс на каромысле два вядры вады. Асіпенка. [Жанчына] паправіла каромысел на плячах і заспяшалася да калодзежа. Дудо.
2. Абл. Ворчык. Я зняў з каромысла пастронкі і пусціў Арла на мяжу. Якімовіч.
3. Рычаг у некаторых механізмах. Каромысла з рамай парушыла раўнавагу, і пляцоўка цялежкі маленькага крана пачала намервацца стаць на дыбкі. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ляме́шка 1 ’рэдкая страва з мукі’ (ТСБМ). Да ляме́ха (гл.).
Ляме́шка 2 ’няўклюдны, непаваротлівы чалавек’, лемешы́шчэ ’вельмі няздатны, няздольны, непаваротлівы чалавек’ (ТС). У выніку пераносу значэння з ле́мех (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вікто́рыя ’назва гатунку некаторых агародных і садовых раслін (буракоў, клубнікі)’; ’травяністая вадзяная трапічная расліна з вялікімі кветкамі і плаваючым лісцем’ (БРС, КТС) узнікла шляхам пераносу з лац. victoria ’перамога’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жы́ціца ’расліна Bromus arvensis L.’ (Касп.). Польск. życica ’расліна Lolium L.’, дыял. ’Elymus L.’ Ад асновы, прадстаўленай у слове жыт‑а (гл.), з суфіксам ‑іца на метанімічнай падставе пераносу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пераганя́ць (пераганя́ць, пэрэгоня́ць) ’выціскаць мёд з сотаў’ (слуц., лаг., лун., ЛА, 1). У выніку семантычнага пераносу лексемы пераганяць ’перамяшчаць з аднаго месца ў другое’. Да пера- і гнаіць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ле́лех, ле́лях ’жывот’ (маст., Сцяшк., Сл.; паўн.-усх. беласт., Сл. паўн.-зах.), леляхаваты ’з вялікім жыватом’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). У выніку пераносу значэння паводле падабенства з казадоем. Гл. ляля́к.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КІНЕ́ТЫКА ФІЗІ́ЧНАЯ,
раздзел тэарэтычнай фізікі, у якім вывучаюцца мікраскапічныя працэсы, што ўзнікаюць у фіз. сістэмах пры адхіленні ад стану раўнавагі тэрмадынамічнай.
К.ф. падзяляюць на фенаменалагічную (тэрмадынамічную) і статыстычную. Фенаменалагічная К.ф. разглядае законы змены макраскапічных параметраў (напр., т-ры, канцэнтрацыі часціц) нераўнаважных сістэм пры дыфузіі, цеплаправоднасці, унутр. трэнні і інш. Ураўн. фенаменалагічнай К.ф. выводзяцца з меркавання, што адхіленні ад раўнавагі (звычайна невялікія) характарызуюцца градыентамі т-ры і хім. патэнцыялу. Пры наяўнасці градыентаў некалькіх велічынь, напр., т-ры і канцэнтрацыі, у сістэме ўзнікаюць прамыя працэсы пераносу (цеплаправоднасць, дыфузія) і перакрыжаваныя працэсы (напр., тэрмадыфузія, дыфузійная цеплаправоднасць). Статыстычная К.ф. вызначае кінетычныя каэф. (напр., каэф. вязкасці, дыфузіі, цеплаправоднасці). Вывад ураўн. фенаменалагічнай К.ф. і вылічэнне кінетычных каэф. робяцца з дапамогай кінетычнага ўраўн., якое апісвае змену нераўнаважнай функцыі размеркавання сістэмы (гл. Кінетычная тэорыя газаў).
Літ.:
Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.
Г.С.Раманаў.
т. 8, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)