МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс.чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс.чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б.ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. У той жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.
Да арт.Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.
Адбылося 5—6 жн., найбуйнейшае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Повадам паслужыла адпраўка чырвонаармейцаў на Усх. фронт. Кіраўнікі паўстання — мясц. эсэры Буевіч, Петражыцкі, Іваноў. Большасць чырвонаармейцаў Невельскага, Аршанскага пяхотнага, 1-га Бел. коннага палкоў, артдывізіёна былі з мясц. сялян, якія лічылі найпершай задачай барацьбу з ням. акупантамі. Да іх далучыліся чырвонаармейцы Стайкаўскага і Сенненскага палкоў. Паўстанцы выступілі супраць улады Саветаў, Брэсцкага міру 1918. Аршанскі Савет рабочых, чырвонаармейскіх і сял. дэпутатаў быў ліквідаваны, як орган улады створаны рэўком. Паўстанне задушылі чырвонаармейскія часці з Віцебска пад кіраўніцтвам С.Крылова і Смаленска пад камандаваннем Я.Адамовіча, конніца, 2 браневікі, атрад чэкістаў на чале з нам. старшыні ЧКЗах.вобл. Я.Кромбергам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́КАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,
паўстанне супраць аўстр. панавання ў Кракаўскай рэспубліцы. Планавалася як частка агульнапольск. паўстання, якое рыхтавалася польскімі нац.-вызв. арг-цыямі на чале з Польскім дэмакратычным таварыствам. Пачалося 20 лютага. Авалодаўшы Кракавам, паўстанцы 22 лют. сфарміравалі Нац. ўрад, які ў сваім маніфесце заклікаў народ да агульнага паўстання, скасаваў саслоўныя адрозненні і тытулы, феад. павіннасці, абвясціў аб надзяленні зямлёй сялян, якія прымуць удзел у паўстанні. Пасля разгрому 26 лют. пад Гдовам паўстанцкага атрада А.Сухажэўскага і гібелі 27 лют. фактычнага кіраўніка паўстання Э.Дэмбоўскага дыктатар К.п. Я.Тысоўскі разам з паўстанцкімі атрадамі 3 сак. пакінуў Кракаў і 4 сак. склаў зброю на тэр. Прусіі. Горад захапілі аб’яднаныя войскі Расіі і Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
паўстанне гараджан, стральцоў і казакоў г.Пскоў супраць спекуляцыйнага продажу рас. урадам хлеба ў Швецыю, з прычыны чаго хлеб значна падаражэў. Адбывалася адначасова з Наўгародскім паўстаннем 1650. 10—11.3.1650 паўстанцы (кіраўнік Г.Дзямідаў) разграмілі двары купцоў, гар. знаці і адміністрацыі, захапілі ўладу ў горадзе, стварылі органы кіравання: сход грамады, Земскую ізбу. У маі ў Маскву накіравана пасольства з памяркоўнымі патрабаваннямі, у чэрв. Пскоў блакіравала карнае войска кн. І.М.Хаванскага. Спец. Земскі сабор у Маскве пагадзіўся задаволіць некат. патрабаванні паўстанцаў і 4.9.1650 у Пскове адноўлена ўлада царскіх ваявод. Кіраўнікі П.п. былі арыштаваны і пасля катаванняў сасланы.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Классовая борьба в России XVII в. М., 1969.