ГАРАЧКАПАНІЖА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, якія памяншаюць або знімаюць тэмпературу цела пры ліхаманцы; маюць таксама абязбольваючае і процізапаленчае дзеянне. Да іх належаць: аспірын, анальгін, бутадыён, фенацэцін, ібупрафен, вальтарэн, індаметацын і інш. Гарачкапаніжальныя сродкі парушаюць сінтэз простагландзінаў (медыятараў ліхаманкі), гэтым зменьваюць работу гіпаталамічнага цэнтра тэрмарэгуляцыі і павялічваюць працэс цеплааддачы. Выкарыстоўваюць гарачкапаніжальныя сродкі рацыянальна пры рэзкім павышэнні тэмпературы (да 39 °C і вышэй).
А.С.Захарэўскі.
т. 5, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ЛЫ [ад геа... + ...філ(ы)],
(, арганізмы, частка цыкла развіцця якіх, найчасцей адна з фаз, абавязкова праходзіць у глебе, глеі, зрэдку ў больш шчыльных пародах. Да іх належыць большасць насякомых: саранчовыя, шмат жукоў, камары-даўганожкі, лічынкі якіх развіваюцца ў глебе, а ў дарослым стане — тыповыя наземныя насельнікі. Да геафілаў належаць і насякомыя, якія знаходзяцца ў глебе ў фазе кукалкі, дажджавыя чэрві, некат. малюскі і інш.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,
археалагічныя помнікі 11—17 ст., адметныя наяўнасцю каменных муровак над магіламі і каменных вымастак (да пач. 13 ст., знак пакланення Перуну). Належаць яцвягам. Асн. колькасць К.м. знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Звычайна налічваюць 60—80 пахаванняў, характэрны сямейны прынцып. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме, трапляюцца трупаспаленні. З 16 ст. на камянях у галавах выбівалі крыжы, часам у спалучэнні з салярнымі знакамі.
т. 7, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́НЦЫІ МІЖНАРО́ДНЫЯ ПА АХО́ВЕ А́ЎТАРСКІХ ПРАВО́Ў,
шматбаковыя міжнар. дагаворы, якія ўстанаўліваюць абавязацельствы дзяржаў па ахове аўтарскага права на творы, што належаць грамадзянам краін — удзельніц гэтых дагавораў або ўпершыню апублікаваных у гэтых краінах. Найб. значэнне маюць Бернская канвенцыя 1886 і Сусветная (Жэнеўская) 1952 (набыла сілу ў 1955). Побач з удзелам у міжнар. канвенцыях дзяржавы могуць заключаць паміж сабой двухбаковыя пагадненні аб ахове аўтарскіх правоў.
т. 7, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,
усе аб’екты, якія непасрэдна адлюстроўваюць гіст. працэс і даюць магчымасць вывучаць гісторыю чалавечага грамадства. Да іх належаць помнікі пісьменнасці, архітэктуры, рэшткі прылад і сродкаў вытв-сці, прадметы побыту і дзейнасці чалавека, а таксама стараж. элементы, што зберагліся ў мове і інш. Умоўна падзяляюцца на рэчавыя, кінафотафонаматэрыялы, лінгвістычныя, пісьмовыя, вусныя, этнагр. і інш. Тэорыяй і методыкай вывучэння і выкарыстання К.г. займаецца крыніцазнаўства.
т. 8, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
се́кта, ‑ы, М ‑кце, ж.
1. Рэлігійная абшчына, якая адкалолася ад пануючай царквы. Летась ён пасватаўся да нашай Мацяні, але тая адмовіла, і адмовіла толькі па той прычыне, што Шумейка нейкі час быццам быў звязаны з нейкай баптысцкай сектаю і заве іх «прайдзісветамі з вялікай дарогі». Савіцкі.
2. перан. Наогул усякая адасобленая група людзей. Усе заклінальнікі змей у Марока — берберы, якія належаць да асобнай секты ці брацтва заклінальнікаў. В. Вольскі.
[Ад лац. secta — вучэнне, напрамак, школа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мікро́бы
(фр. microbe, ад гр. mikros = маленькі + bios = жыццё)
найдрабнейшыя жывыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам, да якіх належаць бактэрыі, актынаміцэты, мікраплазмы, вірусы, мікраскапічныя грыбы і водарасці, часам прасцейшыя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
арахні́ды
(н.-лац. arachnida, ад гр. arachne = павук)
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх, да якога належаць павукі, скарпіёны, сальпугі, ілжэскарпіёны, сенакосцы, кляшчы, пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды; павукападобныя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БРАХМА́НЫ,
1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.
2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.
т. 3, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́НЫ, абарыгены,
арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі ўзніклі ў пэўнай мясцовасці і жывуць у ёй і цяпер. Звычайна складаюць стараж. ядро якой-н. флоры ці фауны, напрыклад качканос і эўкаліпт — аўтахтоны Аўстраліі, мурашкаеды, ляніўцы, дзікая бульба — аўтахтоны Паўд. Амерыкі. Выкапнёвыя аўтахтоны ўваходзяць у склад арыктацэнозаў. На Беларусі да аўтахтонаў належаць б.ч. выкапнёвых раслін і беспазваночных з адкладаў фанеразою; у сучаснай фауне і флоры не адзначаны.
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)