АРГЕНТЫ́Т (ад лац. argentum серабро),

сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.

Аргентыт.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭРЫ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ш.​Буланжэ),

мінерал класа складаных сульфідаў, сульфід свінцу і сурмы, Pb5Sb4S11. Прымесі медзі, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ігольчастыя. Валакністыя агрэгаты, шчыльныя масы. Колер ад свінцова-шэрага да зямліста-чорнага. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 6,2 г/см³. Трапляецца як другарадны мінерал у гідратэрмальных радовішчах разам са складанымі сульфідамі свінцу, карбанатамі і кварцам. Руда свінцу.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́САЎСКАЯ МЕДЗЕПЛАВІ́ЛЬНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1832—84 у в. Досава Быхаўскага пав. (цяпер в. Дасовічы ў Магілёўскім р-не). У 1852 мела горн з 2 мяхамі і кацельную, у 1859—84 дзейнічаў вадзяны рухавік. Выпускала вінакурныя трубы, катлы, ліставую медзь, дыстылятары, самавары і медны посуд. Сыравіну (лом чырвонай медзі) атрымлівалі з Магілёва. У 1847 працавалі 52 рабочыя, з іх 51 — прыгонныя.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,

мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.

Вісмуцін.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎНТ-А́ЙЗА — ХІ́ЛТАН (Mount Isa, Hilton),

медна-поліметалічны гарнарудны раён у Аўстраліі (штат Квінсленд); адзін з буйнейшых у свеце. Паклады Маўнт-Айза распрацоўваюцца з 1931. Агульныя запасы медна-калчаданных руд 141,5 млн. т (медзі Cu 3—3,8%), серабра-свінцова-цынкавых руд 92,6 млн. т (цынку Zn 6,3—9,6%, свінцу Pb 5,5—7,7%, серабра Ag 62—180 г/т). Цэнтр — г. Маўнт-Айза.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове медзі. Маюць да 50 % легіруючых элементаў: цынк, волава, алюміній, нікель, жалеза, марганец, берылій, крэмній, хром і інш. Вызначаюцца высокімі антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі, маюць добрыя электра- і цеплаправоднасць, пластычныя і трывалыя. Паводле асн. легіруючых кампанентаў падзяляюць на латунь (медна-цынкавыя сплавы), медна-нікелевыя сплавы і бронзу (М.с., легіраваныя рознымі хім. элементамі, акрамя цынку і нікелю).

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦІНА (італьян. pátina),

плёнка розных адценняў (ад зялёнага да карычневага), якая ўтвараецца на паверхні вырабаў з медзі, бронзы, латуні, пры акісленні металаў пад дзеяннем натуральнага асяроддзя або спец. апрацоўкі (пацініравання). П. засцерагае творы мастацтва ад карозіі, мае дэкар. значэнне. У сучаснай маст. практыцы выкарыстоўваецца як сродак вобразнай выразнасці. Пацініраваннем наз. таксама афарбоўка «пад бронзу» твораў не з медных сплаваў, напр., гіпсавай скульптуры.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыяпта́з

(ад дыя- + гр. optazo = бачу)

мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, водны сілікат медзі ізумрудна-зялёнага колеру; празрыстыя крышталі выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

шпэ́йза

(ням. Speise = ежа)

пабочны або прамежкавы прадукт у вытворчасці некаторых каляровых металаў (сплаў арсенідаў і антыманідаў медзі, нікелю, кобальту і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),

мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)