ДЖО́ПЛІН (Joplin) Джэніс

(19.1.1943, г. Порт-Артур, штат Тэхас, ЗША — 4.10.1970),

амерыканская рок-спявачка і кампазітар, аўтар тэкстаў; адна з першых вядомых белых спявачак блюза. З 1966 выступала і гастраліравала з некалькімі рок-групамі (у т.л. «Вялікі брат і кампанія»), стала кумірам руху хіпі. Валодала дасканалым ад прыроды моцным прыгожым голасам, тонкай нюансіроўкай. Яе рэпертуар уключаў блюзы, творы ў стылях «соўл» і «кантры» (у т.л. ўласныя). Вылучалася эмацыянальна-страснай манерай выканання (сярод прыёмаў — віск, хрып, шэпт, стогн), якая зрабіла вял. ўплыў на наступныя пакаленні рок-спевакоў.

Дз.А.Падбярэзскі.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬЯМС (Williams) Альберта

(23.11.1862, Буэнас-Айрэс — 17.6.1952),

аргенцінскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік нац. кампазітарскай школы. Чл. Нац. акадэміі мастацтваў. Вучыўся ў Буэнас-Айрэсе, у Парыжскай кансерваторыі. У 1893 заснаваў кансерваторыю ў Буэнас-Айрэсе (дырэктар да 1940). У 1900—10 канцэртаваў як дырыжор. Узначальваў Нац. канцэртную асацыяцыю. Сталыя яго творы, заснаваныя на нац. фальклоры, блізкія да твораў зах.-еўрап. рамантыкаў. Сярод твораў: 9 сімфоній (1907—39; 8 з іх праграмныя), сімф. паэмы, арк. сюіты, камерныя ансамблі, фп. п’есы, хары, песні, у т. л. на ўласныя тэксты. Аўтар музыказнаўчых прац.

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К.

Існаваў у 1906—14 у Віцебску. Меў на мэце садзейнічаць развіццю ў горадзе муз. і драм. мастацтва. Сярод арганізатараў кампазітар і педагог М.Анцаў. Гурток аб’ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясц. інтэлігенцыі. Уключаў муз. і драм. секцыі. За сезон (з кастр. да мая) праводзілася 20—30 муз. і тэатр. вечароў, пераважна праграмных. Муз. секцыя мела ў сваім складзе квартэт і сімф. аркестр. Выконваліся творы А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінкі, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Ф.Шапэна, арыі з опер Ж.Бізэ, рамансы Р.Шумана, А.Грачанінава. Драм. секцыя ставіла вадэвілі і камедыі.

В.А.Цыбуля.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЫН Георгій Міхайлавіч

(н. 23.4.1918, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.М.Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ Уладзімір Рыгоравіч

(18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),

расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «I хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.

Літ.:

Ливанова Т. В.Г.Захаров. М., 1954;

Воспоминания о В.Г.Захарове. М., 1967.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ

(Wacław z Szamotuł),

Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568), польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац. нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.Зарэмбам (1558).

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ (Bull) Уле

(5.2.1810, г. Берген, Нарвегія — 17.8.1880),

нарвежскі кампазітар, скрыпач, муз. фалькларыст. Самабытны рамант. выканальніцкі стыль Буля склаўся пад уплывам мастацтва Н.Паганіні і нарв. нар. скрыпачоў — выканаўцаў на хардынгфелі. Яго творы, запісы і апрацоўкі нар. песень садзейнічалі фарміраванню нарв. кампазітарскай школы. Заснавальнік першага нарв. т-ва «Нацыянальная сцэна» (Берген, 1850). Канцэртаваў у многіх краінах Еўропы (у Расіі з 1838). З 1851 жыў пераважна ў ЗША. Аўтар канцэрта для скрыпкі з арк., скрыпічных п’ес, п’ес на амер. матывы, хароў, музыкі для драм. т-ра.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.Гілер, К.Чэрні, А.Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЦІН Леанід Мацвеевіч

(н. 16.6.1948, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). Выкладчык мінскіх дзіцячых муз. школ № 5 (з 1977), № 6 (з 1984). Працуе ў сімф., вак.-сімф., камерна-вак. і камерна-інстр. жанрах, піша музыку для дзяцей. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1973, 1982), сімф. паэма (1978), кантаты «Памяць» на словы Р.Тармолы і Л.Дайнекі (1973) і «Песні юнацтва» на словы Э.Агняцвет (1975), саната для фп. (1977), паэма «Галасы адыходзячых» для духавога аркестра (1994), вак. цыкл «Песні беларускага Палесся» на нар. тэксты для барытона і нар. аркестра.

Р.М.Аладава.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)