ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,

метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел),

манаграма, пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.

В.​С.​Пазднякоў.

Вензелі каралёў польскіх і вялікіх князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста (1), Стафана Баторыя (2), Яна II Казіміра Вазы (3), Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4).

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЭ́ПТ (ад лац. acceptus прыняты),

1) згода на заключэнне дагавору ў адпаведнасці з прапановай (афертай) інш. боку.

2) У міжнар. праве — аднабаковая заява пра звязанасць умовамі дагавору.

3) Прыняцце плацельшчыкам (трасатам) па пераводным вэксалі (траце) абавязацельстваў аплаціць вэксаль у вызначаны ў ім тэрмін. Такі акцэпт афармляецца на правым баку вэксаля ў выглядзе адпаведнага надпісу акцэптанта.

4) Згода банка гарантаваць выплату сумы, названай у пераводным вэксалі.

5) Згода плацельшчыка на аплату грашовых і таварных дакументаў. Выкарыстоўваецца пры разліках за тавары, паслугі і выкананыя работы: плацеж ажыццяўляецца са згоды плацельшчыка па разліковых дакументах, выпісаных пастаўшчыком.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ННІКІ,

феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 14—16 ст., якія плацілі феад. зямельную рэнту пераважна ў форме даніны (збожжа, мяса, мёд, воск, футра і інш.). Асн. адзінкай абкладання данінай служыў дым (сял. гаспадарка), але за яе выплату адказвала супольна ўся абшчына. Да канца 15 ст. Д. былі пераважнай катэгорыяй сялян. З развіццём таварна-грашовых адносін да сярэдзіны 16 ст. на З і часткова ПнУ Беларусі Д. паступова ператварыліся ў паншчынных (гл. Цяглыя сяляне) і чыншавых (гл. Асадныя сяляне) сялян. Д. гаспадарскіх падняпроўскіх валасцей у выніку агр. рэформы 1560 ператварыліся ў чыншавых сялян.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 6, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Георгій Ціханавіч) (н. 15.4.1918, в. Мацюшына Сцяна Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1950), праф. (1986). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1981). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1940), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, адначасова Усесаюзны завочны фін. ін-т (1950). У 1952—73 і 1978—86 у Ін-це эканомікі АН БССР (у 1952—64 дырэктар). У 1973—75 у Ін-це павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Навук. працы па праблемах таварна-грашовых і размеркавальных адносін пры сацыялізме. Дэп. Вярх. Савета БССР (1955—63).

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖБА́НКАЎСКІЯ РАЗЛІ́КІ,

плацяжы, якія звычайна ажыццяўляюцца шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак іх атрымальніка або шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. Ажыццяўляюцца пры дапамозе банкаўскіх аперацый, гал. чынам крэдытных, якія выкарыстоўваюцца для замены наяўных грошай у плацежным абарачэнні безнаяўнымі разлікамі. Маюць важнае значэнне ў рэгуляванні грашовага абарачэння, стварэнні банкаўскіх рэсурсаў, ажыццяўленні кантролю за працай гасп. суб’ектаў, скарачэнні выдаткаў абарачэння. Асн. формамі разліку паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі за адгружаныя або адпушчаныя тавара-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы або аказаныя паслугі з’яўляюцца таварны акрэдытыў, разлікі па інкаса, пераводы і інш. Гл. таксама Акцэпт, Міжнародныя разлікі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІНА́Л (ад лац. nominalis імянны ад nomen імя, назва),

намінальная вартасць акцыі або каштоўнай паперы. Звычайна пазначаецца на акцыях, аблігацыях і папяровых грашовых знаках. Намінальнай цаной каштоўных папер і акцый лічыцца афіцыйна абвешчаная і пазначаная на іх вартасць. Яны падзяляюцца і купляюцца па рыначнай цане — курсе каштоўных папер, які складаецца пад уплывам попыту і прапанавання, таму Н. не заўсёды з’яўляецца вызначальным фактарам яго фарміравання. Калі цана акцыі на фондавай біржы, напр., пераўзыходзіць яе намінальную вартасць, то акцыя каштуе вышэй за Н. Н. наз. таксама цана тавару, пазначаная ў прэйскурантах або на таварах.

т. 11, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМАТЫ́ВЫ,

навукова абгрунтаваныя разліковыя велічыні, якія характарызуюць колькасную і якасную меру затрат прац. часу, матэрыяльных і грашовых рэсурсаў і інш. Характэрная рыса Н. — іх доўгатэрміновы характар. Ва ўмовах цэнтралізаванай планавай эканомікі Н. рэгламентуюць узаемаадносіны дзяржавы з прадпрыемствамі (арг-цыямі) і прадпрыемстваў паміж сабой. Ва ўмовах рыначнай эканомікі выкарыстоўваюцца пры кіраванні карпарацыямі і фірмамі. Важнае значэнне маюць сацыяльныя Н., што выступаюць крытэрыямі пажаданага і дасягнутага развіцця сац. сферы, і экалагічныя Н., выкананне якіх абавязковае пры стварэнні новай тэхнікі і тэхналогіі, праектаванні, буд-ве і рэканструкцыі прадпрыемстваў, паляпшэнні ўмоў працы і ахове навакольнага асяроддзя.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКУПНА́Я ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць грашовай адзінкі быць абмененай на пэўную колькасць тавараў і паслуг; здольнасць насельніцтва абменьваць заробленыя (накопленыя) сродкі на тавары (купіць іх у дзярж., каап. і інш. гандлі) і аплату розных паслуг. П.з. грошай вызначаецца індэксам, адваротным індэксу цэн і тарыфаў на паслугі: калі індэкс цэн і тарыфаў за пэўны час знізіцца, то індэкс П.з. грошай павысіцца (гл. Індэкс пакупной здольнасці). П.з. насельніцтва залежыць ад узроўню аплаты працы, пенсій, стыпендый і інш. выплат, грашовых накапленняў насельніцтва, таксама і ад узроўню цэн на тавары, прадукты харчавання, паслугі, накіраваныя на задавальненне пэўных патрэб чалавека (гл. Узровень жыцця).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтэрвалю́та

(ад інтэр- + валюта)

грашовыя знакі іншаземных краін, а таксама крэдытныя і плацежныя дакументы, выражаныя ў іншаземных грашовых адзінках і прынятыя ў міжнародных разліках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)