1) у петраграфіі сукупнасць мінер. зерняў ці іх зросткаў, якія ўтвараюць горныя пароды, руды, друзы і інш. Бывае просты — з аднаго мінералу (напр., мармур, кварцыт) і складаны — з некалькіх мінералаў (напр., граніт, сіеніт). Адрозніваюць агрэгаты цэментаваныя, рыхлыя, зямлістыя, порыстыя, шчыльныя і інш. 2) Машынны агрэгат — узбуйнены уніфікаваны (нармалізаваны) элемент (вузел) машыны, які адрозніваецца поўнай узаемазамяняльнасцю і самастойна выконвае пэўныя функцыі (напр., электрарухавік, помпа). Машыннымі агрэгатамі часам наз. фрэзерныя станкі-аўтаматы, транспарцёры і інш. 3) Сукупнасць дзвюх і болей машын ці апаратаў, якія працуюць сумесна, у адным комплексе (напр., ворны агрэгат складаецца з трактара, плугоў і барон; дызель-генератар — з дызельнага рухавіка і электрагенератара; турбакампрэсар — з турбіны і кампрэсара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой электрычны генератар прыводзіцца ў дзеянне дызелем. Бываюць перасоўныя і стацыянарныя.
Перасоўныя Д.э. манціруюць на аўтамаб. прычэпах, чыг. платформах, абсталёўваюць быстраходнымі дызельнымі рухавікамі. Выкарыстоўваюць на буд-ве чыгунак, у лясной прам-сці, геолагаразведачных экспедыцыях і інш. На стацыянарных Д.э. устанаўліваюць 4- або (радзей) 2-тактавыя дызелі. Такія электрастанцыі будуюць у месцах, аддаленых ад ліній электраперадач, у раёнах з абмежаванымі крыніцамі водазабеспячэння. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, на прамысл., буд. і трансп. прадпрыемствах у якасці асноўнай, рэзервовай і аварыйнай крыніцы электраэнергіі. Дызельэлектрычныя агрэгаты шырока ўжываюцца таксама для энергазабеспячэння войск, вайск. аб’ектаў і комплексаў ваен. тэхнікі. Д.э. высокаэканамічныя, надзейныя ў эксплуатацыі, аднак маюць адносна невял. мотарэсурс (працягласць эксплуатацыі да капітальнага рамонту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАГЕНЕРА́ТАР (ад газ + генератар),
апарат для тэрмічнай перапрацоўкі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы. Атрыманыя ў газагенератары газы наз. генератарнымі, працэс — газіфікацыяй паліва.
Стацыянарныя газагенератары служаць для атрымання газаў, якія выкарыстоўваюцца як паліва ў прамысл. печах, газавых рухавіках. У хім. прам-сці з дапамогай газагенератара атрымліваюць тэхнал. газ (для вытв-сці сінт. аміяку), вадкае паліва, інш. прадукты. Прасцейшы газагенератар — цыліндрычная метал. шахта, выкладзеная знутры вогнетрывалым матэрыялам. Зверху ў яе падаюць паліва, якое газіфікуецца (вугаль, драўніну і інш.), знізу — газавую сумесь у колькасці, недастатковай для поўнага згарання паліва. Атрыманы прадукт ідзе на перапрацоўку — ахаладжэнне, кандэнсацыю і інш.
Газагенератар для газіфікацыі цвёрдага паліва ў шчыльным слоі: 1 — зона падрыхтоўкі паліва; 2 — узнаўляльная зона; 3 — акісляльная зона; 4 — шлакавая падушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн.генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),
генератарэл.-магн. ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл. або магн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.
Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.
Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл.Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).
Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн выпрамяненнем выражаецца формулай
, дзе
— энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),
1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн. поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.
2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).
3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.
Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бу́хта1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце.Б. Стральцоў.
2.Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта.Колас.
[Ням. Bucht.]
бу́хта2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура.Паслядовіч.
[Гал. bocht.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)