ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,

штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.

Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).

Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).

Літ.:

Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫТО́МІР,

горад на Украіне, цэнтр Жытомірскай вобл., на р. Цецераў (бас. Дняпра). Засн. ў 884. 303 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (ВА «Электравымяральнік», з-ды станкоў-аўтаматаў, «Прамаўтаматыка», быт. прыбораў і інш.), хім. і фармахім. (з-ды хім. валакна, перапрацоўкі лекавай расліннай сыравіны), лёгкая (ільнокамбінат, ф-кі панчошная, футравая, нятканай тканіны, абутковая, швейных вырабаў), харч., дрэваапр., вытв-сць будматэрыялаў. 2 ВНУ (пед. і с.-г. ін-ты). Тэатры: муз.-драм. і лялек. Музеі: гісторыі касманаўтыкі, прыроды, дамы-музеі У.Г.Караленкі і С.П.Каралёва (нарадзіліся ў Ж.). Касцёл бернардзінцаў (17—18 ст.), кафедральны касцёл (1744), дом магістрата (1789), Дом культуры (1859), кафедральны сабор (1866—74).

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).

Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДА, грудніка (Sida),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).

Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шоўк, ‑у; мн. шаўкі, ‑оў; м.

1. Валакно, якое выпрацоўваюць вусені тутавага шаўкапрада.

2. Ніткі або пража з такога валакна ці са штучнага сінтэтычнага валакна. Шоўк-сырэц. □ Перад аперацыяй Людміла выстаўляла на стол усё, што лічыла неабходным. Калі ішла дадому, для другой змены пакідала на сталах ёд, бінты, навакаін, эфір, шоўк зашываць раны, адным словам, усё, што магло спатрэбіцца на аперацыі. Арабей.

3. Тканіна з такіх нітак, пражы ці са штучнага, сінтэтычнага валакна. На .. [дзяўчыне] была сукенка з квяцістага шоўку. Васілевіч. Багата важаць працадні: Нашый сукенак яркіх, Бяры шаўкі — усе яны — Свае, айчыннай маркі. Лужанін. // Разм. Вопратка, адзенне, вырабы з такой тканіны. Там... У аксаміце, золаце і шоўку Гадавалася, расла Панская дачка Марына. Бядуля. Пані злосна чмыхнула. Шаўкамі Зашумела, выскачыла вон. Бялевіч.

4. перан.; чаго. Пра тое, што сваім бляскам, мяккасцю, гладкасцю і пад. нагадвае такія ніткі або тканіну. Ах, хіба гэта не ўсё роўна, абы толькі ты [сын] быў ля мяне, абы рука мая гладзіла паслухмяны шоўк твае галавы, а вочы мае глядзелі ў твае вочы... Сачанка. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Шоўк травы сытым статкам калгасным прымят, — Пастуху тут раздольна і весела. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капро́н

(рус. капрон, ад лац. capra = каза)

штучнае валакно высокай трываласці з сінтэтычнай поліаміднай смалы, а таксама тканіна з гэтага валакна.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Перава́лкі, перэва́лкі ’канаплянае валакно, непрыгоднае на прадзіва’ (ельск., Уладз.: в.-дзв., Шатал.). Да пера- і вал 5 ’тоўстая пража’ (гл.). Слова незвычайнае тым, што дзеяслоўная прыстаўка пера- далучаецца да назоўніка вал ’адыходы пры трапанні льну: грубае пачассе, ільнавалакно, куча кастрыцы’ і ’тоўстае палатно з гэтага валакна, грубая пража’ (Сцяшк. МГ; Шн. 3; Янк. 2; гродз., ваўкав., беласт., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

этыленгліко́ль

[ад этылен + гр. glykys = салодкі + (алкаг)оль]

арганічнае злучэнне, найпрасцейшы двухатамны спірт, выкарыстоўваецца пры вырабе сінтэтычных смол, штучнага валакна і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Тры́на, тры́ны мн. л. ‘ільняная і канаплёвая траста, кастрыца’ (Уладз., Мат. Гом.; люб., ЛА, 4), ‘дробныя часткі валакна пры трапанні’, ‘цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (жытк., лельч., Трух.). Укр. три́на ‘апілкі’, три́ня ‘пацёртая салома’, три́ни ‘труха сена’, польск. tryna ‘апілкі’, trynia ‘адходы пры малацьбе’, tryny ‘тс’, ст.-польск. tryna ‘апілкі’, серб. три̏ње, три̏ња ‘сенная труха’, ‘адзенне, пагрызенае моллю’, балг. три́на ‘мякіна’, ‘пацяруха’, макед. трина ‘труха’, триње ‘апілкі, парахня’. Прасл. *tьrina вытворная ад *terti (гл. церці), параўн. роднасныя літ. trynė́, trỹnę ‘мазоль’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 48), trínti ‘церці, пілаваць, расціраць’, лат. trīt ‘церці’, ‘тачыць (нож)’, trinimas ‘пілаванне пільшчыкаў’, trìnka ‘адпілаваная калода, кавалак дрэва’, trỹnios ‘гадавіны’ — trin‑ з’яўляецца новай асновай, якая ўзнікла ў выніку перастаноўкі ir > ri (з tirn‑, параўн. і.-е. *tr‑n‑h₁‑é) (Смачынскі, 689; Фрэнкель, 2, 1124). Гл. Брукнер, 579; Скок, 3, 512; Куркіна, Этимология–1976, 28; ЕСУМ, 5, 638.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дэдэро́н

[ням. Dederon, ад ням. DDR (Deutsche Demokratische Republik) = Германская Дэмакратычная Рэспубліка]

штучнае валакно, падобнае на капрон, а таксама тканіна з гэтага валакна.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)