Я́НАЎШАК (Janoušek) Антанін (22.8.1877, г. Німбурк, Чэхія — 30.3.1941),
дзеяч чэхаславацкага і міжнар. рабочага руху. Рабочы на розных прадпрыемствах Аўстра-Венгрыі. З 1895 чл. Чэхаславянскай с.-д. рабочай партыі. У 1919 кіраўнік чэхаславацкай секцыі пры ЦК Кампартыі Венгрыі. Ініцыятар стварэння і старшыня ўрада Славацкай Сав. Рэспублікі (16.6—7.7.1919, на часова занятай войскамі Сав. Венгрыі тэр. Славакіі). Пасля яе разгрому войскамі Чэхаславакіі арыштаваны і зняволены. З 1922 жыў і працаваў у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЛЕ́ЎСКІ Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
бел.паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел.нац.к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»).
Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел.нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел.нац.цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА (Gomułka) Уладзіслаў (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ Яўхім Яўсеевіч (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген. камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЖНЕ́ВІЧ Алесь (Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),
бел.тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл.т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел.драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.Дзюшэна (паст. ў Бел.дзярж. вандроўным т-ры У.Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р Восіп (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),
дзеяч рэв. руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.Ф.Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.Ф.Керанскім, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.
Тв.:
Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІ Ігнацы (1823—75),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. З роду Бжастоўскіх. Вучыўся ў Мінску і Маскве, атрымаў юрыд. адукацыю. Працаваў старшынёй палаты крымінальнага суда ў Магілёве. У маі 1862 удзельнічаў у з’ездзе «белых» у Вільні як прадстаўнік Магілёўскай губ. У час паўстання чл.грамадз. камісіі ў Сенненскім пав., магілёўскі паўстанцкі ваявода. Распаўсюджваў сярод сялян нелегальную л-ру на бел. і польск. мовах. У канцы 1863 арыштаваны, пасля следства сасланы ў Енісейскую губ., там і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЕ́НКА Іван Піліпавіч (1913, в. Норкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.7.1943),
паэт, журналіст. Пісаў на рус. мове. З 1933 працаваў у чэрыкаўскай раённай газ. «Сацыялістычная перамога». З 1937 друкаваў вершы, допісы, нарысы ў рэсп. прэсе. У Айч. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Па заданні падп. райкома КПБ стаў сакратаром чэрыкаўскай акруговай паліцыі. Стварыў у Чэрыкаве антыфаш. арг-цыю. Быў выдадзены і арыштаваны. Пасля катаванняў расстраляны.
Літ.:
Цітоў К. Людзі, ён любіў вас! // Полымя. 1964. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЙКО́ВІЧ (Бутаўт-Андрайковіч) Стафан Аляксандравіч
(1861, Гродзенская губ. — ?),
рэвалюцыянер. Вучыўся ў Гродзенскай, Віцебскай і 2-й Пецярбургскай гімназіях. З 1881 чл.рэв. групы ў Пецярбургу. Пасля яе ўваходжання ў 1883 на правах рабочай групы партыі «Народная воля» ў Пецярбургскую нарадавольніцкую арг-цыю загадваў (пад псеўд. Уладзімір Бажэнаў) «лятучай друкарняй». Быў звязаны з пецярбургскім гуртком «Агніска» («Ognisko») — філіялам польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У 1883 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1899 жыў у Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́ВІН Якаў Давыдавіч (1884, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 20.9.1918),
удзельнік рэв. руху. З 1904 чл.РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Вёў рэв. работу ў Баку, Бахмуце, Крывым Рогу, Горлаўцы. З 1911 вучыўся ў школе РСДРП у Ланжумо (каля Парыжа). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскім Савеце. Са жн. 1917 у Баку. 3 крас. 1918 чл. Бакінскага ВРК, нарком працы Бакінскага СНК. Пасля часовага падзення сав. улады ў Баку (31.7.1918) арыштаваны і расстраляны ў ліку 26 бакінскіх камісараў.