БРУСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога А.​Бруса),

мінерал падкласа гідраксідаў, гідраксід магнію, Mg(OH)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя. Звычайна ў выглядзе ліставатых агрэгатаў. Колер белы, зеленаваты, карычневы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск васковы. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,39 г/см³. Трапляецца ў выглядзе пражылкаў у серпенцінітах і мармурызаваных вапняках. Сыравіна для керамічнай і папяровай прам-сці, вогнетрывалых матэрыялаў.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГРЫ́ ПУЧЭ́ННЯ,

мярзлотныя формы рэльефу круглаватай формы, якія ўтвараюцца пры прамярзанні моцна ўвільготненых тоўшчаў горных парод і павелічэнні іх аб’ёму ў выніку лакальнага намнажэння лёду. Развіты ў тундры і лесатундры. Бываюць да 30—40 м вышыні і 300—400 м у дыяметры асновы. Падзяляюцца на ўласна бугры і гідралакаліты. Мясц. назвы бугроў пучэння: «булгуннях» (як.), «пінга» (амер.) і інш.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА БЕНЬО́ФА у геалогіі,

нахіленая факальная зона глыбінных ачагоў землетрасенняў да 700—800 км (факальная) на дэструктыўных граніцах літасферных пліт. Звязана з апусканнем акіянічных літасферных пліт пад мацерыковыя. Характарызуецца высокай скорасцю і слабым затуханнем сейсмічных хваль. Спалучана з глыбакаводнымі марскімі жалабамі і вулканічнымі паясамі або астраўнымі дугамі, а таксама кардыльерамі. Названа імем амер. геафізіка Г.​Беньофа.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 4-ы»,

міжнародная леварадыкальная арганізацыя ў 1938—1950-я г. Засн. ў Парыжы Л.Д.Троцкім, які выступаў з канцэпцыяй сусв. рэвалюцыі і рэв. вайны. Меў нешматлікія секцыі ў краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША, праводзіў кангрэсы, прапагандаваў трацкісцкія погляды. У 1953—63 раскалоўся на шэраг варагуючых цэнтраў (Міжнар. сакратарыят, Міжнар. к-т, Лац.-амер. бюро і інш.).

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПА ЗАКО́Н,

эмпірычнае абагульненне аб характары развіцця асобных сістэматычных груп арганізмаў. Сфармуляваны амер. вучоным Э.​Копам у канцы 19 ст. Сцвярджае: новыя групы арганізмаў паходзяць ад мала спецыялізаваных форм, што захоўваюць эвалюцыйную пластычнасць, а не ад вышэйшых спецыялізаваных прадстаўнікоў продкавых груп, для якіх глыбокая спецыялізацыя забяспечвае працвітанне ў адносна стабільных умовах існавання, але ў выпадку змены ўмоў група вымірае.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК,

штучны спадарожнік Зямлі, прызначаны для аператыўнага назірання за размеркаваннем воблачнага, снегавога і лядовага покрываў, а таксама цеплавога выпрамянення Зямлі ў мэтах атрымання метэаралагічных даных для прагнозу надвор ’я. На арбіты вакол Зямлі выведзены рас. М.с. серый «Космас», «Метэор», амер. спадарожнікі серый «Цірас», «Нібус» і інш. На Беларусі пункт прыёму інфармацыі з М.с. працуе з 1970.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХІКА́ЛІ (Mexicali),

горад на ПнЗ Мексікі, у бас. р. Каларада, на граніцы з ЗША. Адм. ц. штата Ніжняя Каліфорнія Паўночная. Каля 500 тыс. ж. (1997). Аэрапорт. Цэнтр буйнога раёна арашальнага земляробства (бавоўнік, пшаніца і інш.). Прам-сць: металаапр., харч., бавоўнаачышчальная. Шматлікія зборачныя прадпрыемствы амер. кампаній па вытв-сці эл.-тэхн., радыёэлектронных і спажывецкіх тавараў. Ун-т.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬШТЭ́ЙН ((Milstein) Сезар) (н. 8.10.1927, г. Баія-Бланка, Аргенціна),

аргенцінскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Буэнас-Айрэскі ун-т (1952), працаваў у ім. У 1958—61 і з 1963 у Кембрыджскім ун-це. Навук. працы па імунахіміі. Распрацаваў методыку вырабу монакланальных антыцел. Нобелеўская прэмія 1984 (разам з Н.К.Ерне і Г.Кёлерам).

С.Мільштэйн.

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,

паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.​Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГМІ́,

абшчына ў Паўд. В’етнаме, дзе ў час в’етн. вайны (1964—73) амер. салдаты ў ходзе антыпартыз. аперацыі 16.3.1968 забілі каля 500 мірных жыхароў. Масавае забойства ў С. негатыўна паўплывала на знешнепаліт. пазіцыю ЗША і актывізавала антываен. настроі. 11—12.7.1972 у Мінску адбылася міжнар. сустрэча прыхільнікаў міру пад дэвізам «Няхай ніколі не паўтарыцца трагедыя Хатыні, Лідзіцы, Арадура, Хірасімы, Сангмі».

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)