А́ФТЫ (грэч. apthai),
невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАЦЭ́Н,
араматычны вуглевадарод C14H10. Мал. м. 178,24. Жоўтыя крышталі з блакітнай флуарэсцэнцыяй, tпл 216 °C; растваральны ў спірце, эфіры, ацэтоне, нерастваральны ў вадзе. У высакачыстым стане — паўправаднік. Уступае ў рэакцыі далучэння з дыенафіламі, галагенамі, кіслародам, шчолачнымі металамі і інш. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў, монакрышталі — для сцынтыляцыйных лічыльнікаў. Антрацэн раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНІЛАЦЭТЫЛЕ́Н,
ненасычаны вуглевадарод, H2C==CH—C≡CH. Бясколерны газ, tкіп 5 °C, шчыльн. 709,5 кг/м³ (0 °C), добра раствараецца ў бензоле і інш. арган, растваральніках. Мае выключную хім. актыўнасць: лёгка акісляецца, здольны да рэакцый далучэння, замяшчэння, полімерызацыі. У прам-сці атрымліваюць дымерызацыяй ацэтылену ў прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці хларапрэну. Раздражняе слізістыя абалонкі, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 20 мг/м³.
т. 4, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАДА́Г,
калоідна-графітавы прэпарат для ўтварэння электраправодных пакрыццяў на ўнутр. і вонкавай паверхнях электравакуумных прылад. Для ўнутр. пакрыццяў выкарыстоўваюць водную суспензію танказдробненага графіту, для вонкавых — сумесь графітавага парашку з арган. лакамі. Можа выконваць ролю электродаў, служыць для адводу эл. зарадаў з унутр. паверхні абалонкі прылады, аховы яе ад дзеяння вонкавых эл. палёў і забеспячэння эл. кантактаў паміж асобнымі вузламі электравакуумных прылад.
т. 1, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАДЫЯ́ЛІЗ (ад гема... + дыяліз),
метад ачышчэння крыві ад нізка- і сярэднемалекулярных рэчываў апаратам штучнай ныркі праз паўпранікальную мембрану і дыялізуючы раствор. Выкарыстоўваецца пры лячэнні вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, вострых атручэнняў. Гемадыяліз ажыццяўляе абменнае пераліванне крыві (адначасовае масіўнае кровапусканне з пераліваннем такой жа колькасці крыві), абмыванне брушыны салявым растворам (перытанеяльны дыяліз), прамыванне слізістай абалонкі кішэчніка ўмерана гіпертанічным растворам (кішачны дыяліз).
т. 5, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАКРЫЛА́ТЫ,
вытворныя метакрылавай кіслаты, складаныя эфіры і солі. М. (солі) [CH2=C(CH3)COO]nMe (Me — метал са ступенню акіслення n) — крышт. рэчывы; М. (эфіры) CH2=C(CH3)COOR (R — арган. радыкал) — бясколерныя вадкасці; лёгка полімерызуюцца і суполімерызуюцца. У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна эфіры: метылметакрылат, этыл- і бутылметакрылат (гл. Поліметакрылаты). Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, раздражняюць слізістыя абалонкі, ГДК 10—50 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 10, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯБЕ́ННЕ,
верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.
т. 11, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́ДЫЙ (ад плазма + грэч. eidos форма, выгляд),
вегетатыўнае цела слізевікоў, якое мае шмат’ядзерную, пазбаўленую абалонкі пратаплазму, звычайна сеткаватай структуры. Памеры ад некалькіх мм2 да 1,5 м². Здольны да амёбападобнага перамяшчэння з дапамогай псеўдаподый. У фазе росту валодае адмоўным фотатаксісам і станоўчым гідратаксісам (запаўзае ў цёмныя і вільготныя месцы — пад кару, мох і інш.). Спелы П. ператвараецца ў орган споранашэння — эталій.
т. 12, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шар, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. У матэматыцы: частка прасторы, абмежаваная сферай.
Радыус шара.
2. Прадмет такой формы.
Більярдны ш.
○ Зямны шар — планета Зямля.
Паветраны шар —
1) лятальны апарат, які паднімаецца ў паветра лёгкім газам, што запаўняе яго шарападобную абалонку;
2) шарападобная цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам.
◊
Хоць шаром пакаці — нічога няма, зусім пуста.
|| памянш. ша́рык, -а, мн. -і, -аў, м.
|| прым. шаравы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
я́зва, -ы, ж.
1. Гнойная або запалёная ранка на скуры ці слізістай абалонцы.
Незагойная я.
2. перан. Зло, шкода.
Грамадскія язвы.
3. перан. Пра шкадлівага, з’едлівага чалавека (разм.).
○ Сібірская язва — вострая заразная хвароба жывёлы і чалавека.
Язва страўніка — хранічнае захворванне страўніка з пашкоджаннем слізістай абалонкі.
|| памянш. я́звачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).
|| прым. я́звавы, -ая, -ае (да 1 знач.).
Язвавая хвароба (язва страўніка або дванаццаціперснай кішкі).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)