МА́СТАБА (араб., літар. каменная лава),

сучасная назва стараж.-егіпецкіх грабніц дадынастычнага перыяду, эпох Ранняга (каля 3000 — каля 2800 да н.э.) і Старажытнага (каля 2800 — каля 2250 да н.э.) царстваў. Складаецца з наземнай (прамавугольная ў плане з нахіленымі да цэнтра сценамі пад плоскім дахам) і падземнай (пахавальная камера з адным ці некалькімі памяшканнямі) пабудоў, злучаных шахтай. У перыяд IV дынастыі набыла класічную форму: зверху — строгі аб’ём з гладкімі сценамі, унутры — складаная планіроўка залаў, калідораў, дзе размяшчаліся саркафаг з муміяй, статуі (умяшчальня душ памерлых), пахавальныя рэчы; сцены ўпрыгожваліся рэльефамі і размалёўкай. Найб. вядомы М. ў царскім некропалі паблізу г. Гіза (Егіпет).

Літ.:

Михаловский К. Пирамиды и мастабы: Пер. с пол. Варшава, 1973.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-НЕ́ГРА (Río Negro),

1) рака ў Аргенціне, на Пн Патагоніі. Утвараецца ад сутокаў рэк Неўкен і Лімай, якія пачынаюцца ў Андах. Даўж. ад вытоку р. Неўкен каля 1,3 тыс. км, пл. басейна 146 тыс. км². Цячэ па засушлівых раўнінах паўн. Патагоніі, упадае ў Атлантычны ак. Паводка ў пач. лета. Сярэдні расход вады каля 950 м³/с. Суднаходная на асобных участках. На рэках Неўкен і Лімай — ГЭС.

2) Рака ў Уругваі (вытокі ў Бразіліі), левы прыток р. Уругвай. Даўж. каля 500 км, пл. басейна 70,6 тыс. км². Цячэ па раўніннай мясцовасці. Сярэдні расход вады каля 700 м³/с. У сярэднім цячэнні вадасх. Рыо-Негра. ГЭС. Суднаходная ў ніжнім цячэнні (да г. Мерседэс).

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБА́Й-УЛЬГЕ́Н,

вяршыня ў зах. частцы Галоўнага, або Водападзельнага, хр. Вял. Каўказа, каля вытокаў р. Тэберда. Выш. 4046 м. Складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў. Укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі. Каля падножжа гары Дамбайская паляна.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЯЛЬСКО́ГА ЗАЛІ́Ў.

Каля зах. берага в-ва Сахалін, з боку Татарскага праліва. Шыр. каля ўвахода 80 км, глыб. да 100 м. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Гал. парты: Холмск і Невельск. Названы ў гонар Г.І.Невяльскога.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́Т,

плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс. км². Выш. ў цэнтр. ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САРАК ((Kosárek) Адольф) (6.1.1830, Гералец каля Гумпалец, Чэхія — 30.10.1859),

чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. школы рэаліст. пейзажа 19 ст. Скончыў Пражскую АМ (1855). Творчасці ўласцівы паступовы пераход ад пейзажа ідэалізавана-рамант. да заснаванага на непасрэдным назіранні натуры, прастата матываў і паэт. адлюстраванне станаў прыроды, перадача асаблівасцей ландшафту Чэхіі і Маравіі: «Змрок» (1853), «Матыў з Пардубіцаў» (1854), «Пейзаж з каменным мостам» (1855), «Чэшскі пейзаж» (каля 1858), «Пейзаж з капліцай» (каля 1859) і інш.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),

адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т, перспектыўныя больш за 1,1 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; ? — каля 470 да н.э.),

спартанскі палкаводзец. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. камандаваў апалчэннем грэч. полісаў, атрымаў перамогу каля Платэяў (479 да н.э.) і адваяваў (477 да н.э.) у персаў Візантый. Западозраны ў перагаворах з персамі, двойчы прыцягваўся да суда, але быў апраўданы. Каля 470 да н.э. П., абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання ілотаў, спрабаваў знайсці сховішча ў храме, але спартанцы замуравалі дзверы храма, і ён памёр з голаду.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)