палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс.чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст.арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс.тгуманіт. грузаў (больш як на 140 млн.ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл.драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.Тудароўскай і В.Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.Сярогін, А.Шкілёнак, В.Казлова, С.Юркевіч, А.Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.
У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.Мацяш, «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.Навацкага і Ю.Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.Горына, «Крэслы» Э.Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.Олбі і інш.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Брэсцкі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ (лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групыперыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,
працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.Боас, М.Мід, Б.Маліноўскі, Р.Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.
Літ.:
Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,
алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. adaptatio прыстасаванне) сацыяльная, працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сац. асяроддзем. Характарызуецца прыстасаваннем да новых умоў жыцця, выпрацоўкай і актуалізацыяй такіх якасцяў, што забяспечваюць выжыванне, зменай фактараў асяроддзя для найб. поўнага авалодання імі, пераглядам уласных дамаганняў і самаацэнак да рэальных умоў і суб’ектыўных магчымасцяў, пераадоленнем існуючых стэрэатыпаў, звычак, інерцыі мыслення. Чалавек здольны не толькі прыстасоўвацца, але і актыўна ўздзейнічаць на новыя ўмовы і абставіны, кантраляваць і рэгуляваць іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры поўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (напр., змена месца работы і інш.). У псіхал. і сац. адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў; гл. таксама Адаптацыйны сіндром). Адаптацыя цесна звязана з асваеннем і прыняццем (інтэрыярызацыяй) індывідам нормаў і каштоўнасцяў таго грамадства, да якога ён належыць, у працэсе сацыялізацыі.
Літ.:
Лебедев В.И. Личность в экстремальных условиях. М., 1989;
Свиридов Н.А. Социальная адаптация личности в коллективе // Социол. Исслед. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНО́ТА, адзіноцтва,
адзін з псіхагенных фактараў, сац.-псіхал. стан ізаляцыі чалавека ад інш. людзей. Выклікаецца геагр. (тэрытарыяльнай), сац., турэмнай, псіхал. ізаляцыяй. Адзіноце спадарожнічаюць вострыя, часцей негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, стрэсавая сітуацыя, псіхал. шок. Фізічна адзінокі індывід, звязаны з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., адчувае прыналежнасць да пэўнай сац.групы, грамадства і г.д. Разам з тым індывід можа жыць сярод людзей, але адчуваць поўную ізаляванасць; такі стан — аснова для ўзнікнення шызафрэнічнага стрэсу. Адсутнасць сувязяў з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сац. наваколлем — сацыяльная. Фізічная адзінота ўзмацняецца, калі ёй спадарожнічае маральная ці псіхалагічная. Маральная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм і людзі атрымліваюць свабоду самавызначэння, не маючы для гэтага ні імкнення, ні звычак. Аднак побач з адзінотай, якая носіць негатыўны характар, існуе і адзінота, якая лечыць, дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць.
Літ.:
Швалб Ю.М., Данчева О.В. Одиночество. Киев, 1991;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),
вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.
Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).
На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.Г.Амельчанка, С.П.Шмуглеўскі, Я.У.Вільсоўскі, Л.К.Букацік, В.Ф.Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг. мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.
Да арт.Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Помнік асінторфскім падпольшчыкам.