ВАЕ́ННАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
галіна ваеннай навукі, якая вывучае ваенна-паліт., ваенна-эканам., фізіка-геагр. ўмовы і аператыўнае абсталяванне магчымых сухапутных і марскіх тэатраў ваен. дзеянняў (у межах асобных краін, стратэгічных раёнаў, напрамкаў) і іх уплыў на падрыхтоўку і вядзенне вайны і ваен. дзеянняў. Складаецца з ваен. краіназнаўства (сукупнасць эканам., паліт., маральнага і ваен. патэнцыялу) і геаграфіі тэатра ваен. дзеянняў (уплыў фізіка-геагр. наваколля на арганізацыю і падрыхтоўку войска, характар баявых дзеянняў, фіз. адчуванне і баяздольнасць асабовага складу). Выкарыстоўвае метады параўнальна-геагр., матэм. мадэлявання і інш.
У.А.Мехед.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Мікалай Аляксеевіч) (1.12.1903, в. Цёплае Тульскай вобл., Расія — 30.9.1950),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Камуністычны ун-т імя Свярдлова (1924). У 1938—41, 1942—49 старшыня Дзяржплана СССР. З 1939 нам. старшыні СНК (з 1946 — СМ) СССР. У Вял. Айч. вайну чл. Дзярж. к-та абароны. Чл. ЦК КПСС з 1939. Чл. Палітбюро з 1947 (канд. з 1941). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946. Аўтар кн. «Ваенная эканоміка СССР у перыяд Айчыннай вайны» (1947). Дзярж. прэмія СССР 1948. Рэпрэсіраваны па т.зв. Ленінградскай справе.
т. 3, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.
Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.
т. 4, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЎРА ((Vávra) Отакар) (н. 28.2.1911, Брно, Чэхія),
чэшскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Чэхаславакіі (1968). Праф. Акадэміі мастацтваў (1963, Прага). Заснавальнік нац. манум.-гіст. фільма: «Філасофская гісторыя» (1937), «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Тэме лёсу нацыі ў час 2-й сусв. вайны прысвечаны фільмы: «Нямая барыкада» (1949, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1950), «Дні здрады» (1973), «Сокалава» (1974, разам з СССР), «Вызваленне Прагі» (1976). Сярод інш. стужак: «Грамадзянін Брых» (1958), «Залаты ранет» (1965), «Раманс для карнета» (1967, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1968), «Вандраванні Яна Амаса» (1983).
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕЧЕ́РНЯЯ ГАЗЕ́ТА»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 18.9(1.10).1912 да 11(24).6.1915 у Вільні на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. жыццё, дзейнасць урада і Дзярж. думы, падзеі 1-й сусв. вайны. Выступала за буржуазна-дэмакр. рэформы, культ.-нац. самавызначэнне народаў Расіі, інфармавала пра рабочы і сял. рух на Беларусі і ў Літве. Прыхільна ставілася да бел. нац. руху, падтрымлівала газ. «Наша ніва» ў яе палеміцы з рус. і польск. выданнямі. Бачыла ў сац. і духоўным абуджэнні беларусаў значны культ. набытак чалавецтва.
т. 4, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІ́ (сапр. Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч
(4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),
татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.
т. 4, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКІ́ (ад венг. hajdúk пехацінцы),
1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.
2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв. венг. пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.
3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.
Літ.:
Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),
адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),
артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.
т. 5, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)