ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял.кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял.кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬ-ШАЎЧЭ́НКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальныя дзеянні 1-га (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) і 2-га (ген. арміі І.С.Конеў) Украінскіх франтоў у раёне г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі Чаркаскай вобл., Украіна) 24.1—17.2.1944 у Вял.Айч. вайну. Мела на мэце сустрэчным ударам двух франтоў акружыць і ліквідаваць групоўку ням.-фаш. войск са складу 1-й танк. і 8-й ням. армій групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), якая ўтрымлівала Корсунь-Шаўчэнкаўскі выступ і пагражала флангам 1-га і 2-га Укр. франтоў. У праціўніка было 170 тыс.чал., 2600 гармат і мінамётаў, 310 танкаў і штурмавых гармат, 1000 баявых самалётаў; сав. камандаванне на гал. напрамках удараў стварыла перавагу па колькасці войск у 1,7, па артылерыі ў 2,4, па танках і самаходных артыл. устаноўках у 2,6 раза. Войскі 2-га Укр. фронту перайшлі ў наступленне 24, 1-га Укр. фронту — 26 студзеня. Прарваўшы абарону праціўніка, яны злучыліся 28 студз. ў раёне Звенігародкі, стварылі знешні і ўнутраны франты акружэння, адбілі варожыя контратакі і контрудары, потым расчлянілі ням. групоўку і 17 лют. ліквідавалі яе. Праціўнік страціў больш за 73 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 18,2 тыс. палоннымі; пацярпелі паражэнне яшчэ 15 дывізій, якія прарываліся на дапамогу акружаным ням.-фаш. войскам. К.-Ш.а. стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» ў Кітаі,
«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦККамуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦККПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж. органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т. л. большасць парт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем і СССР у час К.р. пагоршыліся (гл.Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА, Менскае княства,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў бас.р. Свіслач, Друць, Бярэзіна. Цэнтр — г.Мінск (Менск). Узнікла ў канцы 11 — пач. 12 ст., вядома з 1104. Першы князь Глеб Усяславіч імкнуўся расшырыць княства за кошт суседніх зямель. У 1104 ён адбіў напад кааліцыі паўд.-рус. князёў, сярод якіх быў і яго брат Давыд Усяславіч. Пазней аб’яднаў вакол Мінска Оршу, Друцк, Копысь. Пасля нападу Глеба Усяславіча на Слуцк у 1116 супраць яго выступіла новая кааліцыя князёў на чале з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам, якія адабралі частку заваяваных гарадоў, у 1119 далучылі Мінск да кіеўскіх уладанняў. У 1140-я г. княжанне ў Мінску адноўлена. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. У 1151 на полацкае княжанне запрошаны мінскі кн.Расціслаў Глебавіч (княжыў 7 гадоў). З 1158 Расціслаў, пазней яго брат Валадар Глебавіч ваявалі з полацкім кн. Рагвалодам. У 1161 Валадар разграміў Рагвалода і яшчэ больш умацаваў незалежнасць М.к. У канцы 13 ст. М.к. трапіла пад уплыў літ. князёў. У складзе пасольства вял. князя ВКЛ Гедзіміна ў Ноўгарад у 1326 упамінаецца мінскі кн. Васіль. У далейшым у Мінску правілі велікакняжацкія намеснікі.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’Я́К (лац. Arsenicum),
арсенік, As, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 33, ат. м. 74,9216. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 75As. У зямной кары 1,7∙10−4% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе мінералаў (гл.Мыш’яковыя руды). Як мікраэлемент ёсць у раслінных і жывёльных арганізмах (у арганізме чалавека 0,08—0,2 мг/кг). Злучэнні М. вядомыя з глыбокай старажытнасці; атрыманне метал. М. прыпісваюць Альберту Вялікаму (каля 1250). Лац. назва паходзіць ад грэч. arsin — моцны, рус. — магчыма, ад «мышь» (злучэнні М. яшчэ ў Стараж. Русі выкарыстоўвалі для знішчэння мышэй і пацукоў).
Вядома некалькі алатропных мадыфікацый М.; найб. устойлівая — метал. ці шэры М. (a = -As). Кампактны шэры М. мае выгляд серабрыстага буйнакрышт. металу, шчыльн. 5740 кг/м³, пры 615 °C узганяецца, плавіцца (tпл 817 °C) пры ціску пары 3,7 МПа. У вільготным паветры і пры награванні лёгка акісляецца. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі азотнай і сернай к-тамі, з галагенамі (утварае лятучыя трыгалагеніды AsHal3, а з фторам і пентафтарыд AsF5). Пры сплаўленні з металамі ўтварае арсеніды, са шчолачамі — арсін AsH3 і арсенаты (гл. таксама Мыш’яку злучэнні). Метал. М. атрымліваюць аднаўленнем сэсквіаксіду As2O3 вугалем, ачышчаюць сублімацыяй. Элементарны М. выкарыстоўваюць як дабаўку да сплаваў на аснове медзі, свінцу і волава, асабліва чысты — для сінтэзу і легіравання паўправадніковых матэрыялаў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 1. С. 428.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл.Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.
П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.
Літ.:
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;
Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;
Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.
І.І.Леановіч.
Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),
горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц.Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.
Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш.нац. культуры (у 1648 тут засн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст.франц. асветнікамі, напр., у працах К.Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.Г.Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАБЕ́ЛЬСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,
назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.—лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.Р.Салавей (старшыня), Л.Я.Адзінцоў, М.А.Ляўкоў, М.Ф.Ус, Н.Я.Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.Дз.Малаковіча, Ц.К.Валадзько, А.К.Паланейчыка і інш.
У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РСКІ КАНФЛІ́КТ 1922—23,
міжнародны канфлікт у сувязі з франка-бельг. акупацыяй Рурскай вобл. Германіі. Выкліканы праблемай спагнання з Германіі рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны і прэтэнзіямі Францыі на гегемонію ў тагачаснай Еўропе. Яшчэ ў 1921 франц. і бельг. войскі акупіравалі рурскія гарады Дзюсельдорф і Дуйсбург, каб прымусіць герм. ўрад прыняць Лонданскі ультыматум ад 5.5.1921, які ўстанавіў суму рэпарацый у 132 млрд. залатых марак. Германія прыняла ультыматум, але выконвала яго толькі год. 11.12.1922 апублікавана заява ням. магната Г.Стынеса, з якой вынікала, што герм. ўрад не павінен плаціць рэпарацыі. У адказ на невыкананне Германіяй яе рэпарацыйных абавязацельстваў франц. ўрад на чале з Р.Пуанкарэ вырашыў завалодаць т.зв. прадуктыўнымі закладамі — шахтамі Рурскага вугальнага басейна і сталеліцейнай прам-сцю Рура; 11.1.1923 франц. і бельг. войскі акупіравалі ўвесь Рур. Гэта акупацыя пазбавіла Германію больш як 70% здабычы каменнага вугалю і звыш 50% вытв-сці чыгуну, прывяла да паглыблення крызісу яе гаспадаркі (інфляцыя, развал вытв-сці, масавае беспрацоўе, галеча насельніцтва). Герм. ўрад на чале з В.Кунам заклікаў жыхароў Рура да «пасіўнага супраціўлення» і сабатажу. Акупац. ўлады выселілі з Рура ў Германію каля 130 тыс.чал., штрафавалі, каралі смерцю. Восенню 1923 новы герм. ўрад Г.Штрэземана спыніў кампанію «пасіўнага супраціўлення», у канфлікт умяшаліся Вялікабрытанія і ЗША. Пасля прыняцця Даўэса планафранц. і бельг. войскі ў жн. 1924 — жн. 1925 выведзены з Рура.