ДАНЧУ́К (Вікторыя Яфімаўна) (н. 7.7.1944, с. Княжыкі Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла вучылішча прыкладнога мастацтва ў г. Косаў (Украіна; 1964), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). З 1970 працавала на Мінскім маст.-вытв. камбінаце, з 1983 у акцыянерным т-ве «Мінскі фарфоравы завод». Працуе ў кераміцы. Выканала манум.дэкар. пано для паштамта ў г. Дзяржынск — «Гісторыя пошты» (1980), для Мядзельскага музея нар. славы — «Стары Мядзел», «Новы Мядзел». «Вялікая Айчынная вайна», «Старадаўнія рамёствы», «Фальклор» (усе 1983—87). Аўтар дэкар. пластыкі «Праметэй» (1975), «Сям’я» (1976), «Сілуэты часу» (1977), «Васількі» (1985) для Нац.т-ра імя Я.Купалы, сервізаў «Успамін» (1986), «Чараіт» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАПЯ́ТЫ (Tarsius),
адзіны род сям. даўгапятых атр. прыматаў. 3 віды: Д. філіпінскі, або сірыхта (T. syrichta), Д. заходні, або банканскі (T. bancanus) і Д.-здань, або ўсходні, ці макі-дамавы (T. spectrum). Пашыраны на а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у трапічных дажджавых лясах, зарасніках кустоў на нізінных участках і па берагах рэк. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 8—16 см, хваста 13—27 см, Maca 80—165 г. Футра густое, шэра-карычневае.
Галава вял., паварочваецца на 180°. Вочы вял., ярка-жоўтыя, свецяцца. Вушы голыя, рухомыя. Заднія канечнасці больш доўгія за пярэднія за кошт падаўжэння пятачнай косці (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, яшчаркамі. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),
бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖЭ́НЕРАЛ ЭЛЕ́КТРЫК КО́МПАНІ»
(General Electric Company),
буйнейшая ў ЗША прамысл. карпарацыя па электроніцы. Засн. ў 1892 шляхам аб’яднання «Эдысан джэнерал электрык компані» і «Томсан-Хаўстан электрык компані». Штаб-кватэра ў г. Скенектады (штат Нью-Йорк). Кантралюецца фін. групай Моргана. Мае філіялы больш як у 50 краінах свету. Звязана з герм. (удзел у канцэрнах «Осрам» і АЭГ) і брыт. (удзел у канцэрне «Асашыэйтэд электрыкал індастрыс») прам-сцю. Прадукцыя карпарацыі ахоплівае амаль усе галіны машынабудавання, электронікі і электратэхн. прам-сці і інш.: турбіны, лакаматывы, станкі, інструменты, тэлекамунікацыйнае, электратэхн. і электрасілавое абсталяванне, ядзерныя рэактары, ракеты, мед. тэхніка, сінт. алмазы, пластмасы, фарбы, электралямпы і інш. У час 2-й сусв. вайны на з-дах «Дж.э.к.» была зроблена атамная бомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці,
Вялікая маці багоў, фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Вілорый Аляксеевіч) (н. 18.1.1934, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак тэлебачання. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956). У 1957—92 мастак-пастаноўшчык Бел.рэсп. студыі тэлебачання (у 1961—82 гал. мастак). Работы вылучаюцца і рэаліст., і ўмоўна-алегарычнай вобразнасцю, эмацыянальнай выразнасцю. Аформіў тэлеспектаклі «Мяцеж» паводле Дз.Фурманава (1957), «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча (1959), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965), «Адвечная песня», «Курган» і «Бандароўна» паводле Я.Купалы (усе 1980), «Слабодскі парламент» па матывах апавядання М.Гіля (1984), «Алімпіяда» паводле рамана І.Пташнікава (1988) і інш.; тэлефільмы «І смех і бяда» (1973), «Новая зямля» паводле Я.Коласа (1982), «Купалінка» (1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ САДО́ЎНІЦТВА,
від калектыўнага землекарыстання, пры якім грамадзяне аб’ядноўваюцца ў садоўніцкія т-вы (кааператывы). Садзейнічае ўвядзенню ў гасп. карыстанне зямельных няўдобіц, з’яўляецца сродкам больш рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. Асн. задача — стварэнне садоў і агародаў для задавальнення патрэб членаў т-ва і іх сем’яў у садавіне і агародніне, а таксама для адпачынку, прац. выхавання дзяцей і інш. На Беларусі садоўніцкія т-вы дзейнічаюць у адпаведнасці з тыпавым статутам. Зямельны ўчастак пад К.с. даецца ў бестэрміновае карыстанне арг-цыі, пры якой створана т-ва, або непасрэдна т-ву. Усе работы ў калектыўным садзе выконваюць члены т-ва і іх сем’і, за выключэннем тых, што павінны рабіць спецыялісты. У 1998 на Беларусі больш за 672 тыс. т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫ ПАКА́З 1912,
літаратурна-музычны і сцэнаграфічны спектакль-кампазіцыя ў «жывых карцінах» («абразах») на тэму пораў года ў прац. жыцці і ўяўленнях селяніна. Адбыўся ў пач. 1912 у адным з сялянскіх двароў каля г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.
Прадстаўленне складалася з уступу, 4 частак (4 пораў года) і заключэння. Развівалася чаргаваннем сцэн. карцін, сэнс якіх удакладняўся дэкламацыяй вершаў Я.Купалы, Я.Коласа і інш., нар. песнямі. Адбывалася ў муз. суправаджэнні. У афармленні выкарыстаны элементы нескладанай бутафорыі, натуральныя рэчы (рэквізіт), шумавыя прыёмы (вецер, гром), светлавыя эфекты ўсіх колераў чырвоны — колер агню, блакітны — месяца, жоўты — сонца і інш.Усе кампаненты («карціны», кампазіцыйныя пераходы, вобразы-алегорыі, тэксты, спевы, дэкламацыі) былі аб’яднаны ў вобразным адзінстве фалькл.сцэн. відовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 29.4.1947, г.п. Усць-Камчацк Камчацкай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). У 1976—81 выкладаў у БПІ. Працуе Ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У творчасці імкнецца да перадачы ўнутр. свету чалавека і адлюстравання рэчаіснасці праз фармальна-каларыстычныя пошукі. Сярод твораў: карціны «Памяці А.Такарэўскага» (1984), «На Купалле» (1985), «Сляпы дождж», «Белы вальс», «Прысвячэнне мастаку А.Малішэўскаму» (усе 1986), «Чорнае Вурада» (1988), «Памяці душы» (1989), цыкл «Язычніцкія дывертысменты» (1995), цыкл нацюрмортаў «Белая сюіта» (1984), «Нацюрморт з чашамі» (1985), «Святочны нацюрморт» (1987), пейзажы «Стары горад» (1983), «Старая лазня» (1986), «Бабіна лета» (1987), «Начное возера» (1988), партрэты «Alter Ego» (1979), аўтапартрэт (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.