ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,
адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел. пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ЎСКІЯ,
расійскі дваранскі род укр. паходжання, прадстаўнікі якога займалі значныя дзярж. і дыпламат. пасады ў 18—1-й пал. 19 ст. Вялі радаслоўную ад укр. казака Рыгора Розума, чыё змененае прозвішча (або мянушка) стала іх родавым прозвішчам. Найб. вядомы: сын Рыгора Розума Аляксей Рыгоравіч Р. (28.3.1709, с. Лемяшы Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.7.1771), граф.(1744), ген.-фельдмаршал (1756). З 1731 пеўчы прыдворнай укр. капэлы. Фаварыт, з 1742 таемна вянчаны муж імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Адстойваў ва ўрадзе Расіі інтарэсы ўкр. казацкай старшыны, спрыяў аднаўленню гетманства на Левабярэжнай Украіне. З 1762 у адстаўцы. Яго брат Кірыла Рыгоравіч Р. (29.3.1728, нарадзіўся там жа — 15.1.1803), граф (1744), ген.-фельдмаршал (1764). Апошні гетман Левабярэжнай Украіны (1750—64). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1746—98; у час знаходжання за мяжой у 1766—98 яго замяшчалі дырэктары). У час гетманства абмежаваў у інтарэсах казацкай старшыны сял. пераходы, правёў суд. рэформу 1760—63, заахвочваў развіццё ўкр. культуры. Сын Кірылы Рыгоравіча Р. Аляксей Кірылавіч Р. (23.9.1748, С.-Пецярбург — 17.4.1822), граф. Міністр нар. асветы (1810—16). Яго брат Андрэй Кірылавіч Р. (2.11.1752, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 23.9.1836), князь (1815), дыпламат. З 1777 на дыпламат. службе. Рас. пасол у Аўстрыі (1790—99, 1801—07) і некат. інш. дзяржавах. Адзін з кіраўнікоў (першы ўпаўнаважаны) рас. дэлегацыі на Венскім кангрэсе 1814—15.
т. 13, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНГО́Р ((Senghor) Леапольд Седар) (н. 9.10.1906, г. Жааль, Сенегал),
дзяржаўны дзеяч Сенегала, філосаф і паэт; піша на франц. мове. Чл. Французскай акадэміі (1983). Скончыў філал. ф-т Сарбоны. У 1935—39 і 1942—58 выкладаў у розных навуч. установах Францыі. У 2-ю сусв. вайну ў франц. арміі, у 1940 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк у 1942. У 1936—48 чл. Франц. сацыяліст. партыі.
У 1948 заснаваў Дэмакр. блок Сенегала (з 1959 — Прагрэсіўны саюз Сенегала), яго ген. сакратар. З 1945 дэпутат Устаноўчага сходу Францыі, у 1946—58 — Нац. сходу Францыі ад Сенегала. Актыўны дзеяч руху панафрыканізму, прапанаваў ідэю негрыцюду — своеасаблівасці афр. культуры. У 1959—60 старшыня Федэральнай асамблеі Федэрацыі Малі. З вер. 1960 прэзідэнт незалежнага Сенегала. Распрацаваў канцэпцыю «афр. сацыялізму», блізкую да ідэй еўрап. сацыял.-дэмакратыі. Ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду і курс на пабудову рыначнай эканомікі. 31.12.1980 падаў у адстаўку з усіх дзярж. пасад. Аўтар шматлікіх паэтычных твораў, філас. прац.
Тв.:
Рус. пер. — Песнь ночи и солнца: Избр. стихи. М., 1965;
Избр. лирика. М., 1969.
Літ.:
Ерасов Б.С. Леопольд Сенгор и его концепция культуры // Народы Азии и Африки. 1967. №2;
Петрова Т.М. Поэзия Л.С.Сенгора как отражение его идейных исканий // Там жа. 1973. №4.
т. 14, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бабо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да бобу. Расце, сокам наліваецца бабовае каліва. Бялевіч. Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе. З нар. // Прыгатаваны з бобу. Бабовая каша — не голад. З нар.
2. у знач. наз. бабо́выя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца боб, гарох, лубін і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбры́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Брыкацца, адбіваючыся ад каго‑, чаго‑н. Вася адбрыкваецца, выкручваецца, але ўстаць не можа. Рунец.
2. перан. Настойліва адмаўляцца ад чаго‑н. непажаданага. [Асмалоўскі:] — От я і кажу, што так далей працаваць нельга. Няма чаго адбрыквацца. Возьмемся за справу, скосім і ўбяром луг, а там — і за жніво. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддыхну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.
Аднавіць сілы, перамяніўшы або зусім спыніўшы дзейнасць, работу, занятак і пад.; адпачыць. [Мікалай Патапавіч:] — А потым, калі ўжо аддыхнула галава, прасвятлелі думкі, стаў я патрошкі абмяркоўваць сваё становішча. Кулакоўскі. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́я, ‑і, ж.
1. Тое, што і завея, завіруха (у 1 знач.). Сек яго [паравоз] вецер, марозіў мароз, Душыла зімовая вея. Панчанка. У тундры я пражыў гады, Там, помню, веі гэтак дзьмулі. А. Александровіч.
2. звычайна мн. (ве́і, ‑яў). Тое, што і вейкі. Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акра́вак, ‑раўка, м.
1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.
2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апало́нік 1, ‑а, м.
Хвастатая лічынка жабы. У школе мы будзем пазіраць, як з гэтага жабурыння вырастуць жывыя апалонікі. Якімовіч.
апало́нік 2, ‑а, м.
Вялікая лыжка, якой разліваюць страву. Восілена прысела каля Каспара і драўляным апалонікам наліла ўсім стравы. Броўка. Там, над ахутанымі парай катламі, з павісшым у паветры на паўдарозе апалонікам стаяла Ліда. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)