ЗАБАЛО́ЦКАЯ (Людміла Васілеўна) (н. 27.12.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). Працавала ў выд-ве «БелСЭ» (1974—84), на Бел. тэлебачанні, нам. гал. рэдактара час. «Пралеска» (1991—95), у выд-ве «Полымя», з 1996 у час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991). Асн. тэма творчасці — жаночая доля, каханне і пошукі жыццёвай гармоніі. Паэтэса чулая да маст. слова, настойлівая ў пошуку сродкаў узбагачэння паэт. тэматыкі. Пераклала на бел. мову раман В.​Скота «Айвенга» (1997).

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ДНІ МОСТ,

сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.

Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́БЕЛЬ ((Sybel) Генрых фон) (2.12.1817, г. Дзюсельдорф, Германія — 1.8.1895),

нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Прадстаўнік вядучага пруска-малагерманскага кірунку ням. гіст. навукі 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Бонскім ун-це. З 1844 і 1861 праф. Бонскага, з 1846 Марбургскага, з 1856 Мюнхенскага ун-таў. У 1859 заснаваў у Мюнхене «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс»), У 1875—95 дырэктар Прускага дзярж. архіва ў Берліне. У 1862—64 дэп. ландтага. Гал. працы: «Гісторыя рэвалюцыйнай эпохі 1789—1795» (т. 1—5, 1853—79), «Заснаванне Германскай імперыі Вільгельмам I» (т. 1—7, 1890—94).

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЕРЭ́РЭ ((Nyerere) Джуліус Камбараджэ) (1922, Бутыяма, Танзанія — 14.10.1999),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Танзаніі. Скончыў каледж Макерэрэ (Уганда) і Эдынбургскі ун-т. З 1946 настаўнічаў. Заснавальнік Афр. нац. саюза Танганьікі (ТАНУ), яго старшыня ў 1954—77. У 1977—90 прэзідэнт Рэв. партыі (створана ў выніку аб’яднання ТАНУ і партыі Афра-шыразі). З 1958 чл. Заканад. сходу Танганьікі, з 1960 гал. міністр, у 1961—62 прэм’ер-міністр, з 1962 прэзідэнт Танганьікі. У 1964—85 прэзідэнт Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія. У 1990 адышоў ад паліт. дзейнасці. Тэарэтык афр. сацыялізму паводле кіт. мадэлі.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭШ ((Nash) Джон) (1752, Лондан — 13.5.1835),

англійскі архітэктар. Працаваў у Лондане, у 1783—96 — ва Уэльсе, у 1796—1806 — у Ірландыі і Шатландыі. З 1811 асабісты архітэктар рэгента (пазней Георг IV), з 1813 гал. наглядчык будынкаў. Будаваў загарадныя і сядзібныя дамы ў духу рамантызму, у лонданскіх ансамблях прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Сярод твораў: забудова раёнаў Парк-Крэсент (1812—22), Оксфард-сёркус, Рыджэнт-стрыт (абодва 1812—30), Рыджэнтс-парк (1821—30), Бакінгемскі палац (1825—30) у Лондане; палац рэгента «Павільён» у Брайтане (1815—21, псеўдаінд. стыль) і інш.

т. 11, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КЛЕНД (Auckland),

горад у Новай Зеландыі, на Паўн. в-ве. Знаходзіцца на перашыйку, які злучае п-аў Окленд з асн. часткай Паўн. в-ва. Засн. ў 1840. 910,2 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1998). Буйнейшы марскі порт у зал. Хаўракі Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Асн. прамысл. цэнтр краіны (каля ​1/3 прамысл. прадукцыі краіны). Прам-сць: маш,буд., у т. л. трансп., с.-г., эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая, гал. чынам малочная і мясная. Ун-т (з 1882). Галерэя мастацтваў. Музей маарыйскага мастацтва.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Віктар Ціханавіч) (н. 9.8.1944, г. Растоў-на-Доне, Расія),

адзін са стваральнікаў сістэмы нац. ваен. адукацыі на Беларусі. Ген.-маёр (1989). Дац. (1995). Скончыў Ваенна-камандную акадэмію ППА імя Г.​К.​Жукава (1978). З 1982 камандзір дывізіі, корпуса ППА. У 1991—94 нач. Мінскага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча ППА, з 1995 нам. нач. Ваен. акадэміі Беларусі. У 1997—99 нам. гал. рэдактара выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар артыкулаў па праблемах рэфармавання Ўзбр. Сіл Беларусі і дапаможнікаў для падрыхтоўкі спецыялістаў ППА.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ ДЫЯ́КАН (Paulus Diaconus; каля 720—13.4.799),

гісторык лангабардаў. У маладосці — на службе ў каралёў Лангабардскага каралеўства (існавала з 2-й пал. 6 ст. на тэр. Італіі), пасля яго заваявання Карлам Вялікім (774) манах манастыра Монтэ-Касіна (Італія), дзе пісаў свае гіст. працы. У 782—786 пры двары Карла Вялікага, чл. яго «Акадэміі». Гал. яго твор — «Гісторыя лангабардаў» (у 6 кнігах) — асн. крыніца па іх гісторыі з найстараж. часоў да 744. Аўтар «Гісторыі епіскапства Меца», «Рымскай гісторыі» і інш. твораў, у т. л. вершаваных і эпісталярных.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХО́МЕНКА (Уладзімір Паўлавіч) (н. 3.11.1940, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1963). З 1988 нам. міністра адукацыі Беларусі, з 1900 дырэктар БедНДІ адукацыі, Нац. ін-та адукацыі; адначасова з 1992 гал. рэд. час. «Адукацыя і выхаванне». З 1996 нам. старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі. Навук. працы па праблемах выхавання творчай асобы, развіцця навук.-тэхн. творчасці.

Тв.:

Основы рационализаторской и изобретательской работы. Мн., 1984;

Творческая личность как цель воспитания. Мн., 1994.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)