БЕЛАРУ́СКАЯ ДРЭС, Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС). Пабудавана паводле плана ГОЭЛРО ў 1927—30 каля в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск) Аршанскага р-на Віцебскай вобласці як Асінаўская ДРЭС. Працавала на торфе, які здабываўся на Асінаўскім балоце. З 1931 БелДРЭС. Праектнай магутнасці ў 32 тыс. кВт дасягнула з пускам 2-й чаргі ў 1939. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946, даваеннай магутнасці (34,5 тыс. кВт) дасягнула ў 1951. З 1986 працуе на мазуце.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР у Берліне,

палітычная арг-цыя. Створаны 19.6.1941 на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне і Бел. к-та самапомачы, які ўзначальваў М.​Шчорс. У кіраўніцтва цэнтрам ўваходзілі Р.​Астроўскі, В.​Гадлеўскі, В.​Тумаш, Ч.​Ханяўка, А.​Шкуцька, М.​Шкялёнак. Асн. мэта — стварэнне бел. дзяржавы пад ням. пратэктаратам. На пач. Вял. Айч. вайны спыніў сваё існаванне. Яго члены займалі розныя пасады ў акупац. апараце гітлераўцаў на тэр. Беларусі, Польшчы, Расіі.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПАРАГІ́Н,

H2NOCOOH2CHNH2COOH, монаамід аспарагінавай кіслаты; заменная амінакіслата. Мал. м. 132,12. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе. Упершыню атрыманы са спаржы (Asparagus), адсюль назва. Уваходзіць у састаў бялкоў (багатыя аспарагінам бялкі ў вял. колькасці ўтвараюцца пры прарошчванні насення бабовых) і знаходзіцца ў свабодным стане ў вадкасцях і тканках раслін і жывёл. Разам з глутамінам аспарагін — растваральнае аміназмяшчальнае рэзервовае злучэнне для біясінтэзу бялкоў у многіх раслін. Пры ўтварэнні аспарагіну з аспарагінавай к-ты ў арганізме звязваецца таксічны аміяк.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Нянавісць» П.​Панчанкі).

В.​П.​Рагойша.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТНО́ЎСКІ (Дзмітрый Піліпавіч) (1.11.1902, в. Цярэшкавічы Гомельскага р-на — 11.3.1970),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). Скончыў Гомельскі тэхнікум шляхоў зносін (1922), Ваен. акадэмію Генштаба (1951). У ВМФ з 1922. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну нач. штаба ВПС ВМФ, удзельнік арганізацыі абароны Севастопаля, Ленінграда, Запаляр’я, вызвалення Севастопаля, Прыбалтыкі. З 1945 нач. штаба і камандуючы ВПС флоту, з 1952 нач. Вышэйшых афіцэрскіх курсаў. У 1954—61 у апараце Мін-ва абароны СССР.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎ (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 16.4.1923, в. Нараўшчызна Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў школу пры Гомельскім аэраклубе (1941), ваенна-марское авіяц. вучылішча (1943), Вышэйшыя афіцэрскія курсы авіяцыі ВМС (1947). У Вял. Айч. вайну лётчык, дастаўляў самалёты на фронт. Са жн. 1944 у дзеючай часці Балт. флоту: камандзір авіязвяна, нам. камандзіра эскадрыллі. За 10 месяцаў зрабіў 47 баявых вылетаў, патапіў 9 і пашкодзіў 2 транспарты праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР (Таццяна Стафанаўна) (13.4.1924, Масква — 13.6.1944),

удзельніца партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дачка венг. камуніста, удзельніка венг. рэвалюцыі 1919. У 1941 добраахвотна пайшла на фронт, разведчыца, медсястра. З жн. 1942 на тэр. Беларусі: вяла разведвальную і дыверсійную работу, распаўсюджвала сав. газеты, лістоўкі ў Мінску, здабывала зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызанаў. З 1943 у складзе спец. групы ў Мінскай вобласці. Загінула ў баі з карнікамі каля в. Макаўе Барысаўскага р-на.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1978 у г. Бабруйск на базе цагельнага з-да (засн. ў 1873, у час Вял. Айч. вайны разбураны, у 1949 адноўлены), цэха дрэнажных трубаў (працаваў у 1930—94, выпускаў таксама чарапіцу) і цэха сілікатнай цэглы (пушчаны ў 1977). У 1990 створаны цэх па вырабе дробных блокаў з ячэістага бетону. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сілікат». Асн. прадукцыя (1995): камяні сілікатныя пустацелыя, дробныя сценавыя блокі, цэгла керамічная.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1898 у г. Бабруйск як механічны, кацельны і чыгуналіцейны з-д (вырабляў абсталяванне для бровараў і інш.). З 1932 маш.-буд. з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1945. У 1961 пушчаны сталеліцейны цэх, у 1966—71 — чыгуналіцейны і электрацэх, рамонтна-мех. ўчастак, у 1981 — машыназборачны цэх. Асн. прадукцыя (1995): цэнтрабежныя помпы для гарнаруднай, металургічнай, нафтавай, хім., энергет. і інш. галін прам-сці і для камунальнай гаспадаркі.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (Юрый Станіслававіч) (8.12.1920, г. Вял. Лукі, Расія — 7.12.1987),

бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1956). З 1956 у Ленінградскім аддзяленні Матэм. ін-та АН СССР. З 1958 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Адзін з заснавальнікаў сучаснай асімптатычнай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў.

Тв.:

Лекции по математическому анализу. Ч. 1—2. Мн., 1974—78;

Дифференциальные уравнения. Мн., 1983 (разам з Ю.​Б.​Сыраідам).

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)