ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,

міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр. ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ ДАКО́ТА (South Dakota),

штат у цэнтр. ч. ЗША. Пл. 199,5 тыс. км². Нас. 738,2 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Пір. Усх. ч. штата ў межах Цэнтральных раўнін (выш. 300—350 м), сярэдняя і зах. — Вялікіх раўнін (выш. да 1000 м). На крайнім 3 — горны масіў Блэк-Хілс (выш. да 2207 м). Паверхня моцна парэзана рачнымі далінамі і ярамі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра ліп. 20—23 °C, студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў 350—500 мм за год; частыя засухі. Рака Місуры з прытокамі; ёсць буйныя вадасховішчы. Расліннасць прэрый. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва мяса-малочная жывёлагадоўля. У 1999 пагалоўе (млн. галоў) буйн. раг. жывёлы — 3,9, свіней — 1,4, авечак — 0,4. Птушкагадоўля (2,6 млн. курэй, 1999). Асн. культуры: кукуруза, соя, пшаніца, авёс, ячмень, сланечнік, сорга, лён-кудраш, кармавыя травы. Здабыча золата (1-е месца ў ЗША), уранавай руды, цэм. сыравіны, буд. матэрыялаў. Прам-сць: мясная, мукамольная, сыраварная, масларобчая, дрэваапрацоўчая, вытв-сць с.-г. машын, эл. і электроннага абсталявання. Турызм. Транспарт. чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАГА МА́Я,

міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 у Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш. сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.

Літ.:

Почебут Г.А. Первомай. Л., 1961.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕТАЛО́ГІЯ,

сукупнасць даследаванняў аб СССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.​Бярдзяеў, Г.​Фядотаў, М.​Суханаў, а таксама К.​Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г. Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш. Найб. вядомыя саветолагі: З.​Бжазінскі, Р.​Конквест, С.​Коэн, Р.​Э.​Пайпс, Л.​Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст. сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫХ СМОЛ І ПЛАСТЫ́ЧНЫХ МАС ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. палімераў і пластмас. Базавая сыравіна для іх вытв-сці — вуглевадароды нафтаперапрацоўкі.

У 1872 у ЗША выраблены цэлулоід (пластмаса са штучнага палімера нітрату цэлюлозы). У 1906—10 у Расіі і Германіі наладжаны выпуск матэрыялаў на аснове фенола-фармальдэгіднай смалы, у 1930-я г. ў ЗША, Германіі, СССР і інш. — полівінілхларыду, поліамідаў, полістыролу. Шырокае развіццё прам-сці пачалося пасля 2-й сусв. вайны; з 1950-х г. выпускаецца поліэтылен.

На Беларусі станаўленне прам-сці адбылося ў 1960-я г., калі пачаў працаваць Полацкі хім. камбінат. У 1975 на яго базе створана Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», дзе выпускаюць поліэтылен высокага ціску. Прадукцыя галіны вырабляецца на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот» (капралактам), Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно» (дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат), Лідскім лакафарбавым заводзе (алкідныя і поліэфірныя смолы, полівінілацэтатная дысперсія). Асн. спецыялізацыя галіны — вытв-сць палімераў для выпуску сінт. валокнаў, нітак, лакафарбавых матэрыялаў. У 1990 выраблена 751 тыс. т сінт. смол і пластмас (у т. л. 138 тыс. т поліэтылену), у 2000—480 тыс. т (у т. л. 109 тыс. т поліэтылену).

В.​П.​Сідоранка.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНГ (Young) Джон (н. 24.9.1930, г. Сан-Францыска, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхнал. ін-т у Атланце (1952). З 1962 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 6 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 23.3.1963 — на КК «Джэміні-3» (з В.Грысамам, як 2-і пілот), 18—21.7.1966 — на КК «Джэміні-10» (з М.​Колінзам, як камандзір), 18—26.5.1969 — на КК «Апалон-10» (з Т.Стафардам і Ю.Сернанам, як пілот асн. блока; аблёт Месяца), 16—27.4.1972 — на КК «Апалон-16» (з Ч.Дзюкам і Т.Матынглі, як камандзір КК; палёт на Месяц), 12—14.4.1981 — на КК «Калумбія» (з Р.Крыпенам, гл. Дадатак; 1-ы палёт «Спейс шатла»), 28.11—8.12.1983 — на КК «Калумбія» (як камандзір). З 1974 камандзір атрада касманаўтаў НАСА. З 1987 пам. дырэктара Цэнтра пілатуемых палётаў імя Л.​Джонсана. У космасе правёў 34,8 сут, у т. л. 71,2 гадз на Месяцы (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Залатыя медалі НАСА «За выключныя заслугі» (2) і «За выдатныя заслугі» (2).

У.​С.​Ларыёнаў.

Дж.Янг.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́МБЕРГЕН, Блумберген (Bloembergen) Нікалас (н. 11.3.1920, г. Дордрэхт, Нідэрланды), галандска-амерыканскі фізік; адзін са стваральнікаў нелінейнай оптыкі і лазернай спектраскапіі. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1956), Нац. АН ЗША (1960). Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл. АН (1956). Скончыў Утрэхцкі (1943) і Лейдэнскі (1948) ун-ты. З 1949 у Гарвардскім (з 1957 праф.), з 2001 у Арызонскім ун-це. Навук. працы па ядз. магн. рэзанансе, цвердацельных мазерах і лазерах, нелінейнай оптыцы і спектраскапіі. Устанавіў механізм ядз. магн. рэлаксацыі (1948; з Э.М.Пёрселам, Р.​В.​Паўндам). Прапанаваў выкарыстоўваць метад трох энергет. узроўняў для стварэння мазераў на крышталях, даў схему цвердацельнага мазера неперарыўнага дзеяння (1956). Незалежна ад Р.В.Хахлова і інш. заклаў тэарэт. асновы нелінейнай оптыкі (1962). Упершыню эксперыментальна назіраў вузкія двухфатонныя рэзанансы (1974; незалежна ад А.Л.Шаўлава). Нобелеўская прэмія 1981 (з К.М.Сігбанам і Шаўлавым). Нац. навук. медаль ЗША (1974). Медаль Лорэнца (1978). Яго імем названа малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Нелинейная оптика. М., 1966;

Вынужденное комбинационное рассеяние света // Успехи физ. наук. 1969. Т. 97, вып. 2;

Нелинейная оптика и спектроскопия // Там жа. 1982. Т. 138, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Н.Бломберген.

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВШ (Levine) Філіп (10.8.1900, r. Клецк Мінскай вобл. — 18.10.1987),

амерыканскі імунолаг і бактэрыёлаг; адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1966), Амер. т-ва клінічнай паталогіі (1942). Ганаровы чл. Міжнар. т-ва пералівання крыві (1978), Нью-Йоркскай АН (1978) і інш. З 1908 у ЗША. Скончыў Корнелскі ун-т (г. Ітака, 1925). З 1925 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў (Нью-Йорк), з 1932 ва ун-це штата Вісконсін, з 1935 у шпіталі Бетс Ісраел (г. Ньюарк), з 1944 у Даследчым фондзе Орта ў г. Рарытан (у 1944—65 кіраўнік імунагематалагічнай лабараторыі, з 1965 носіць яго імя). Навук. працы па бактэрыялогіі, гематалогіі, імуналогіі. Адкрыў (з К.Ландштайнерам) групы крыві M, N і P у чалавека (1928). Раней і незалежна ад Ландштайнера і А.​С.​Вінера адкрыў (з Р.​Стэтсанам) рэзус-фактар у крыві чалавека (1939), выявіў сувязь паміж рэзус-фактарам і гемалітычнай хваробай нованароджаных (разам з інш., 1941). Устанавіў эфект т.зв. ABO-несумяшчальнасці груп крыві (1958), адкрыў шэраг рэдкіх груп крыві.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

атланты́зм

(ад лац. Mare Atlanticum = Атлантычны акіян)

ідэалогія і палітыка цеснага супрацоўніцтва і саюзу краін Зах. Еўропы, ЗША і Канады (што прымыкаюць да Атлантычнага акіяна); найбольш поўнае адлюстраванне знайшла ў дзейнасці Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эсква́йр

(англ. esquire, ад лац. scutarius = шчытаносец)

1) ганаровы дваранскі тытул у Англіі, які перадаецца ў спадчыну і прысвойваецца па займаемай кім-н. пасадзе ці спецыяльным патэнтам;

2) форма ветлівага звароту ў Англіі і ЗША.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)