красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.
2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.
3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.
2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заста́віць 1, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.
1. Ставячы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю плошчу, прастору. Заставіць пакой мэбляй. Заставіць паліцу кнігамі.
2. Закрыць, загарадзіць чым‑н. пастаўленым. Заставіць праход шафай. □ [Антось] убачыў на стале вялікую кнігу запісу хворых, узяў яе і заставіў шыбу. Мележ. // Перагарадзіць (раку). Злева было відаць шырокае возера — там нядаўна заставілі раку. Пташнікаў.
3. Паставіць што‑н. за што‑н. Заставіць ложак за шырму.
заста́віць 2, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго, з інф.
Прымусіць рабіць, зрабіць што‑н. Заставіць змоўкнуць. □ Пайшла Алена ў школу, прынесла сама некалькі газет, заставіла Насцю чытаць іх. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Разм.
1. над чым і без дап. Рабіць што‑н. складанае, незвычайнае; прыдумваць што‑н. Два гады Анатоль мудраваў над разцамі, заходзіў у тупік і зноў, як апантаны, браўся за новае. Асіпенка. Трое хлапчукоў-падлеткаў мудравалі над вялікай і прыгожай мадэллю самалёта. Ракітны.
2. Залішне ўскладняць якую‑н. справу. Ганька за сталом доўга не мудруе. Раз-раз алюмініевай лыжкай .. — і неўзабаве па ўсёй поліўцы. А затым і па кашы! Васілевіч. // Хітрыць. — Мудруеш, ты Язэп, — гаворыць нарэшце [Максімка]. Не, не мудруе Язэп.. Не жыў бы ён у тым доміку фінскім. Не прывык бы. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наво́дшыбе,
1. прысл. Убаку, на некаторай адлегласці. Адна хата стаяла наводшыбе. Жыць наводшыбе. □ Зусім наводшыбе стаіць адзінокая старая бяроза. Грамовіч. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). З завулка ехалі конна хлопцы і мужчыны. Белабароды Павал ехаў наперадзе, наводшыбе ад усіх — конь яго меў самы шырокі крок. Чорны. Касцёл стаяў за ракой, крыху наводшыбе ад мястэчка. Машара.
2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне ўбаку, на некаторай адлегласці ад каго‑, чаго‑н. Камунальны аддзел не ў будынку райвыканкома, а наводшыбе мястэчка, у доміку з зялёнымі аканіцамі. Навуменка. Алесь і Уладзік зайшлі на нямецкі хутар, што стаяў наводшыбе вялікай вёскі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насы́ціць, ‑сычу, ‑сыціш, ‑сыціць; зак., каго-што.
1. Накарміць уволю. Насыціў парсюкоў — карова ды цялушка з пашы бягуць. З качак вачэй не спускай, бо каршун ухапіць. Аношкін. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць (патрэбы, жаданні і пад.). Насыціць сваю цікаўнасць.
2. Прасякнуць, напоўніць што‑н. якім‑н. рэчывам у вялікай колькасці. Насыціць зямлю вадой. □ Нам паддадуцца снегавыя горы, Насыцяць рэкі цяжкім срэбрам хваль. Ліхадзіеўскі. // Спец. Дадаць да якога‑н. рэчыва гранічную колькасць якога‑н. іншага рэчыва, якое знаходзіцца ў раствораным або суспензаваным стане. Насыціць раствор солямі. // перан. Напоўніць, перапоўніць якімі‑н. ідэямі, пачуццямі і пад. Міровіч параіў Чароту насыціць п’есу камедыйнымі момантамі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. падвёз, ‑везла і ‑вязла; ‑везла і ‑вязло; зак.
1. каго-што. Давезці да якога‑н. месца, прывезці ў якое‑н. месца. Падвезці пасажыраў да вакзала. Падвезці дровы к дому. □ Уначы Валодзю падвезлі да вялікай паляны, на якой гарэлі тры кастры. Федасеенка. // Узяць каго‑н. па дарозе на воз, машыну і пад. — Можа, па дарозе? — паказаў .. [Максім Сцяпанавіч] у напрамку горада. — То падвязу. Карпаў. Бягуць [дзеці] услед за трактарамі І просяць, каб падвезлі іх На гэтых конях вараных. Танк.
2. што і чаго. Возячы, даставіць; прывезці дадаткова. Падвезці будаўнічыя матэрыялы. □ Зямельку трэба, падлагодзіць, Гнайку падвезці воз-другі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастаўля́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
Забяспечваць чым‑н. па дагавору, дастаўляць што‑н. па адпаведных умовах. У вялікай колькасці пастаўляе цяпер Беларусь на ўсесаюзны рынак мяса, малако і малочныя прадукты, лён, садавіну і гародніну. В. Вольскі. [Езуп Юрканс] заключыў з Шаплыкам саюз: той будзе пастаўляць, а Езуп прадаваць яго выраб. Броўка.
пастаўля́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Паставіць усё, многае. — Хлявы, гумны пастаўлялі, хаты от канчаем ды будзем і жыць. Скрыган. Пакуль мужчыны, прывітаўшы маладую гаспадыню, курылі на панадворку, жанкі пры ўдзеле дзядзькі Цімоха пастаўлялі ўсё на стол, што парэзалі, што валілі смятанай, а што і падсмажылі. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. працёк, ‑цякла, ‑цякло, зак.
1. Прайсці дзе‑н. сваім цячэннем (пра раку, ручай). Заўтра сотні ў пустыні Праменістых рэк працякуць. Панчанка.
2. Пранікнуць, прасачыцца (пра ваду, вадкасць). Вада працякла ў лодку. / у безас. ужыв. Тут пахла сырымі анучамі, венікамі. Сцены аблупленыя, на столі вялікі руды круг — працякло са страхі. Арабей.
3. Перастаць затрымліваць ваду ці іншую вадкасць. Чайнік працёк. Страха працякла.
4. Прайсці, мінуць (пра час, падзеі). Наша маленства працякло задоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Грамовіч. Шмат гадоў працякло З таго слаўнага дня, Як на нашай зямлі Заяснела вясна. Журба.
•••
Многа вады працякло (ўцякло) — многа прайшло часу, змен.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)