АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх.ч. сучасных Барысаўскага і паўд.ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,
найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.
Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 102) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙102 + 7∙101 + 3∙100 = 473. Гл. таксама Лічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (парт.псеўд.Стах, Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),
бел.паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел.камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл.ЦККПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦККПЗБ (гл.Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.І.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААЎТАМА́ТЫКА,
комплекс тэхн. сродкаў для стварэння сістэм аўтаматычнага кіравання аб’ектамі і тэхнал. працэсамі з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам. Забяспечвае збор і апрацоўку інфармацыі, фарміраванне каманднага сігналу і пераўтварэнне яго ва ўздзеянне кіравання аб’ектам ці тэхнал. працэсам. У склад сродкаў гідрааўтаматыкі ўваходзяць помпы, фільтры, комплексныя ўстаноўкі забеспячэння рабочай вадкасцю, прыстасаванні для стабілізацыі рабочага ціску і інш. У якасці рабочай вадкасці выкарыстоўваюцца мінер. (найб. пашырана) і сінт. маслы, гліцэрына, вада.
Сістэмы і элементы гідрааўтаматыкі маюць высокую надзейнасць, невял. памеры і масу, забяспечваюць самазмазвальнасць агрэгатаў, бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей (на хаду) з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцярогай ад перагрузак, магчымасць работы ў цяжкіх знешніх умовах (напр., на машынах з высокімі ўзроўнямі вібрацый і ўдарных нагрузак) і інш.; часта спалучаюцца з пнеўматычнымі, эл., электроннымі прыладамі і прыстасаваннямі, напр., гідраўл. ўзмацняльнік з эл. кіраваннем (электрагідраўзмацняльнік); выкарыстоўваюцца ў мабільных с.-г. (напр., для аўтам. рэгулявання глыбіні апрацоўкі глебы, стабілізацыі работы сістэм крутасхільных трактароў), буд. і дарожных машынах, трансп. сродках, станках і інш.
На Беларусі праблемамі гідрааўтаматыкі займаюцца ў БПА, Гомельскім ВА «Гідрааўтаматыка» і інш.
Літ.:
Автоматика и автоматизация производственных процессов. Мн., 1985;
Гидропневмоавтоматика и гидропривод мобильных машин. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬ (Мікола) (сапр.Гілевіч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990—96 гал. рэдактар); у 1972—77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Гіля звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В.Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І.Эркеня «Сям’я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус), аповесць «Кат» і раман «Карлік» П.Ф.Лагерквіста (з Г.Шупенькам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт.стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СЦІНА,
адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.Мах, Р.Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д.Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасцігал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.