адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст.тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.
Літ.:
Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.
Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).Да арт.Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,
умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст.Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш.Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРА́ЗІЯ,
самы вялікі мацярык Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і (ч. астравоў у Паўд. паўшар’і). У Е. ўваходзяць дзве часткі свету — Еўропа і Азія. Тэрмін увёў у 19 ст.аўстр. геолаг Э.Зюс, абгрунтоўваючы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй. Абмываецца на ПнПаўн. Ледавітым, на З Атлантычным, на У Ціхім, на Пд Індыйскім ак. і іх морамі. З 3 на У распасціраецца на 16 тыс.км, з Пн на Пд — на 8 тыс.км. Пл. 54,9 млн.км², з астравамі 57,7 млн.км², або больш за 1/3 паверхні сушы. Нас. 4,1 млрд.чал. (1993). Е. аб’ядноўваюць неперарыўнасць сушы, сучасная тэктанічная кансалідаванасць мацерыка, адзінства многіх кліматычных працэсаў. Тут прадстаўлены ўсе геагр. паясы Паўн. паўшар’я, ад арктычнага да экватарыяльнага. Умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй пралягае па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн.ч. Каспійскага м., Кума-Маныцкай упадзіне, паўн. мяжы Каўказскіх гор, Азоўскім і Чорным м. і пралівах паміж Чорным і Міжземным м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 11—18 ст. у г.Заслаўе Мінскай вобл. Размяшчаўся на беразе р. Свіслач. Меў форму прамавугольніка (пл. каля 1,5 га). Першапачатковыя ўмацаванні пабудаваны на рубяжы 11—12 ст.Найб. значныя перабудовы праводзіліся ў 2-й пал. 13, у 14, 16 і, магчыма, у пач. 17 ст. Зафіксаваны сляды аднаўленчых работ пасля нападаў на горад у 1127 і 1434. У выніку ўсіх перабудоў вышыня вала да канца 16 ст. дасягала 8—9,5 м. Па вуглах замка размяшчаліся 4 бастыёны, 5-ы, паўкруглай формы, захаваўся каля паўд. курціны. Ад горада замак аддзяляўся шырокім ровам. З канца 16 ст.тэр. вакол замка была заліта вадой штучнага возера, утворанага з дапамогай плацін на рэках Свіслач і Чарніца, і замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. З 16 ст.тут размяшчалася рэзідэнцыя ўладальнікаў горада. У 1676 зах. палова замка перададзена Заслаўскаму кляштару дамініканцаў. У 18 ст. З.з. страціў сваё ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),
бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МЕНСКАЕ,
помнік рус. архітэктуры 16—17 ст.; б. сяло на ПдУ Масквы (з 1960 у межах горада). Размешчана на высокім беразе р. Масква. Упершыню згадваецца каля 1339, у 15—17 ст. сядзіба рус. цароў. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Ушэсця (1532; адзін з першых мураваных шатровых храмаў у Расіі), Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім (1547), храм-званіца Георгія Перамаганосца (16 ст.), Казанская царква (1660-я г.), 2 уязныя брамы (1670-я г.). У 1667—71 тут быў узведзены драўляны палац (арх. С.Пятроў, І.Міхайлаў; у 1681 часткова перабудаваны С.Дзяменцьевым), у аснове якога спалучэнне малых і вял. (у некалькі паверхаў) зрубаў, накрытых разнастайнымі па форме дахамі. Палац меў багата аздобленыя інтэр’еры. Усе разьбярныя работы выконвалі выхадцы з Беларусі майстры К.Міхайлаў, Г.Акулаў, Я.Іваноў (кіравалі работамі Міхайлаў і старац Арсеній). Арцель жывапісцаў узначальваў С.Ушакоў. Палац разабраны ў 1768. Цяпер у К. музей-запаведнік.
Літ.:
Коломенское: Путеводитель. М 1981.
Галоўны фасад палаца ў Каломенскім. 18 ст. Гравюра Ф.Гільфердзінга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́НЦА (Constanda),
горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м.Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс.ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м.Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.
На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э.стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э.тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАЕ, Царства Польскае,
назва часткі Польшчы, якая паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 адышла да Расіі і ўваходзіла ў яе склад да 1918. Пл. 128,5 тыс.км², нас. 3,3 млн.чал. (1816). Паводле канстытуцыі 1815 канстытуцыйная манархія, звязаная персанальнай уніяй з Рас. імперыяй. Было пазбаўлена магчымасці праводзіць самаст. знешнюю палітыку, але мела ўласныя сейм (адбыліся ў 1818, 1820, 1825), урад, войска. Пасля задушэння паўстання 1830—31 аўтаномія абмежавана паводле Арганічнага статута Каралеўства Польскага 1832. У канцы 1850—60-х г.тут адноўлены цывільны ўрад, мясц. самакіраванне, аднак пасля задушэння паўстання 1863—64 зноў скасаваны. Спачатку падзялялася на 8 ваяводстваў. У 1866 уведзены новы адм. падзел (створана 10 губерняў), у 1874 — пасада ген.-губернатара, пачала выкарыстоўвацца назва Прывіслінскі край, пачалася інтэнсіўная русіфікацыя краю. У 1918 стала асн. ядром адноўленай і незалежнай польскай дзяржавы.
Літ.:
Обушенкова Л.А. Королевство Польское в 1815—1830 гг.: Экон. и социал. развитие. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.