механі́зм

(н.-лац. mechanismus, ад гр. mechane = машына)

1) прыстасаванне ўнутры машыны, прыбора, апарата, якое прыводзіць іх у рух (напр. м. гадзінніка);

2) унутраная будова, сістэма чаго-н. (напр. гаспадарчы м.);

3) сукупнасць працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фізічная, хімічная, фізіялагічная і інш. з’ява.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэо́рыя

(гр. theoria = назіранне, даследаванне)

1) сістэма навуковых поглядаў, ідэй, якія абагульняюць вопыт, грамадскую практыку і адлюстроўваюць аб’ектыўныя заканамернасці развіцця прыроды і грамадства;

2) сукупнасць палажэнняў якой-н. галіны ведаў (напр. т. ваеннай навукі, т. шахматнай гульні);

3) уласныя меркаванні, погляды на што-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,

метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш. тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.Галілея. Тэорыя механікі І.Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.

Літ.:

Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;

Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.

В.В.Краснова.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэо́рыя

(гр. theoria = разгляд, даследаванне)

1) сістэма навуковых поглядаў, ідэй, якія абагульняюць практычны вопыт і адлюстроўваюць заканамернасці прыроды грамадства;

2) сукупнасць палажэнняў якой-н. галіны ведаў (напр. т. ваеннай навукі, т. шахматнай гульні);

3) уласныя меркаванні, погляды на што-н. (напр. мець сваю тэорыю).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фарма́цыя

(лац. formatio = утварэнне, від)

1) пэўная стадыя ў развіцці грамадства, а таксама структура грамадства на гэтай стадыі з уласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці;

2) сістэма поглядаў, унутраны склад (напр. чалавек новай фармацыі);

3) геал. комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

саматы́чны

(гр. somatikos)

які мае адносіны да цела, цялесны;

с-ыя клеткі — усе клеткі жывёльнага або расліннага арганізма, за выключэннем палавых;

с-ая нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы чалавека і жывёл, якая ўяўляе сабой сукупнасць чуллівых і рухальных нервовых валокнаў, што інервуюць шкілетныя мышцы, скуру, суставы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

э́ра

(лац. aera)

1) момант, з якога вядзецца летазлічэнне і сама сістэма летазлічэння (напр. новая э);

2) вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга (напр. э. касманаўтыкі);

3) самая буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі (напр. мезазойская э., палеазойская э.); падраздзяляецца на геалагічныя перыяды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).

Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ Антон Канстанцінавіч

(6.6.1910, в. Казлы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1980),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Віленскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1950—71). Даследаваў помнікі татара-мусульманскага пісьменства на бел. мове («Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма», 1968), фанетыку, графіку і арфаграфію судовай (актавай) кнігі Ковенскага земскага суда 1566—67. Выявіў 24 рукапісныя кнігі 17 — пач. 20 ст. на бел. мове араб. пісьмом. Працы Антановича паказваюць суадносіны бел. літ. і жывой гутарковай мовы розных часоў, фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці нар. бел. гаворак.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАСНЯ́ЛЬНІК,

тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)