БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),

навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).

Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.​Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш. біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.​Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.​Г.​Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. рус. батанікі І.​Н.​Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.

На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.​І.​Ляпёхін, В.​М.​Севяргін, В.​Г.​Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.​Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш. Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар. біял. праграмы.

Літ.:

Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;

Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;

Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;

Жуковский П.М. Ботаника. 5 изд. М., 1982.

т. 2, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ле́нны

(польск. lenny, ад ням. Lehen = лен)

які мае адносіны да лена 1, звязаны з яго ўладаннем (напр. л-ае права).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аскарбі́навы

(ад а- + с.-лац. scorbutus = цынга)

звязаны з вітамінам С, нястача якога ў ежы выклікае цынгу (напр. а-ая кіслата).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гальванамагні́тны

(ад гальвана- + магнітны)

звязаны са зменамі электрычных уласцівасцей металаў і паўправаднікоў, у якіх працякае ток, пад уплывам знешняга магнітнага поля.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пнеўмо́ніка

(ад гр. pneuma = дыханне)

напрамак у пнеўмааўтаматыцы, звязаны з выкарыстаннем эфектаў, што вынікаюць пры непасрэдным узаемадзеянні струменяў паветра або газу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тарэ́ўтыка

(гр. toreutikos = звязаны з разьбой, чаканкай)

майстэрства ручной рэльефнай апрацоўкі мастацкіх вырабаў з металу шляхам чаканкі, ціснення, аддзелкі літых вырабаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фотаэлектро́нны

(ад фота- + электрон)

звязаны з працэсам пераўтварэння слабага святла ў электрычныя сігналы або імпульсы дастатковай велічыні (напр. ф-ыя прыборы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэрэбра́льны

(фр. cerebral, ад лац. cerebrum = мозг)

1) анат. звязаны з мозгам і яго дзейнасцю; мазгавы;

2) тое, што і рэтрафлексны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эксіто́н

[ад лац. excitare = узбуджаць + (электр)он]

узбуджаны стан сістэмы электронаў у паўправадніках і дыэлектрыках, звязаны з утварэннем пары электрон — дзірка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экстэнсі́ўны

(лац. extensivus = расшыральны, працяглы)

звязаны толькі з колькасным павелічэннем без паляпшэння якасці (напр. э-ае расшырэнне рынкаў); проціл. інтэнсіўны 1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)