АРША́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.

Адбылося 5—6 жн., найбуйнейшае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Повадам паслужыла адпраўка чырвонаармейцаў на Усх. фронт. Кіраўнікі паўстання — мясц. эсэры Буевіч, Петражыцкі, Іваноў. Большасць чырвонаармейцаў Невельскага, Аршанскага пяхотнага, 1-га Бел. коннага палкоў, артдывізіёна былі з мясц. сялян, якія лічылі найпершай задачай барацьбу з ням. акупантамі. Да іх далучыліся чырвонаармейцы Стайкаўскага і Сенненскага палкоў. Паўстанцы выступілі супраць улады Саветаў, Брэсцкага міру 1918. Аршанскі Савет рабочых, чырвонаармейскіх і сял. дэпутатаў быў ліквідаваны, як орган улады створаны рэўком. Паўстанне задушылі чырвонаармейскія часці з Віцебска пад кіраўніцтвам С.​Крылова і Смаленска пад камандаваннем Я.​Адамовіча, конніца, 2 браневікі, атрад чэкістаў на чале з нам. старшыні ЧК Зах. вобл. Я.​Кромбергам.

Н.​І.​Стужынская.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.​Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал. зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.​Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.

А.​М.​Кулагін.

Асвейская сядзіба. З малюнка Н.​Орды.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс. га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ВЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 16 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 1,33 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 0,93 км, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 8,5 км. Пл. вадазбору 174 км².

Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд, схілы выш. 10—18 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах забалочаныя. У цэнтры возера востраў пл. 13 га, які падзяляе яго на 2 плёсы. Дно пясчанае, глыбей за 1,5 м выслана сапрапелем. Зарастае да глыб. 1,5 м, шыр. паласы расліннасці 5—20 м. Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. 2 з азёраў Белае і Саро. Выцякае р. Чарнагосніца.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).

Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).

т. 2, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадзішча скіфскай культуры канца 8 — пач. 3 ст. да н.э. каля в. Бельск Палтаўскай вобл.; самае вялікае ва Усх. Еўропе (4021 га). Складаецца з 4 дрэваземляных умацаванняў з валамі і равамі. Агульная даўж. сцен 33 833 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі наземных зрубных жытлаў і зямлянак, бронзаліцейных і жалезаздабыўных майстэрняў, кузняў, свяцілішча, драўлянага храма з калонамі. Сярод знаходак антрапа- і зааморфныя гліняныя статуэткі, міжземнаморскія амфары, шкляныя пацеркі і інш. Бельскае гарадзішча атаясамліваецца даследчыкамі з г. Гелон, які ўпамінаецца Герадотам, лічыцца адм., рамесным, гандл. і рэліг. цэнтрам паліт. аб’яднання гелонаў, неўраў і будзінаў.

А.​В.​Іоў.

Гліняная мадэль валовай вупражы (ярмо і дышаль) з крывадышлевым ралам з Бельскага гарадзішча. Рубеж 6—5 ст. да н.э.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЯ́ЧЫЧ (Віктар Лук’янавіч) (н. 11.7.1934, г. Харкаў, Украіна),

бел. эстрадны спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы (1959—62). З 1957 саліст Дзярж. нар. хору Беларусі, хору Бел. радыё, Ансамбля песні і танца БВА. З 1966 у Бел. філармоніі, маст. кіраўнік канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт». У 1992—96 маст. кіраўнік Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 — Дзярж. аб’яднання «Белканцэрт». Першы выканаўца песень многіх бел. кампазітараў (І.​Лучанка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага і інш.). Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1967), Фестывалю сучаснай эстраднай песні (Токіо, 1973, Вял. прыз).

І.​І.​Зубрыч.

Спявае В.Вуячыч.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ,

гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн. ч. Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс. га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч. тэр. — нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка (выцякае з возера), за 20 км на У ад г. Гарадок. Пл. 7,24 км², даўж. 9,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 106 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, парослыя лесам, на ПнУ і ПдЗ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае, пясчанае, 7 астравоў агульнай пл. каля 8 га, найб. з іх на ПдЗ зарос лесам. Надводная расліннасць вузкай паласой (10—25 м) акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана пратокамі з азёрамі Арлейка і Слепня.

Возера Вымна ў Гарадоцкім раёне.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, на паўн.-зах. ускраіне г. Глыбокае. Пл. 0,89 км², даўж. 2,15 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 5,7 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 40,1 км². Схілы катлавіны выш. 3—10 м, на ПнУ і У 10—16 м, пераважна разараныя, на ПнЗ пад лесам. Берагі месцамі забалочаныя. Дно складаецца з паўн. (вялікага) і паўд. (малога) плёсаў, злучаных пралівам глыб. да 1,7 м. У паўн. плёсе востраў пл. 0,7 га. Расліннасцю занята 16% пл. возера, шыр. паласы 10—100 м. На ПдЗ і З упадаюць 2 ручаі і пратока з воз. Кагальнае, сцёк па пратоцы ў Падлужнае возера.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)